Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі трэба спаць?


Здаровы сон зьяўляецца неабходнай умовай для здаровага ладу жыцьця. Але колькі трэба спаць, каб заставацца маладым і здаровым? З адказам на гэтае пытаньне паводле газэты “The new York Times”.


Навукоўцы, – піша “The new York Times”, – так і не прыйшлі да згоды, колькі чалавеку трэба спаць. За апошнія два стагодзьдзі рэкамэндацыі лекараў ня раз мяняліся. Газэта прыводзіць старыя стэрэатыпы і прымаўкі адносна сну. Раней, напрыклад, любілі паўтараць, што мужчына мае спаць 6 гадзін, жанчына 7, а дурань – 8. Існавала таксама старая француская рыфмаваная прымаўка, перакласьці якую можна так: уставай у 5, сьнедай у 9, абедай у 5, кладзіся спаць у 9, і пражывеш 99.

Зь іншага боку, ужо з ХІХ стагодзьдзя лекары спрабавалі выпрацаваць нейкія агульныя рэкамэндацыі. Газэта прыводзіць табліцу здаровага сну для розных узростаў, выпрацаваную расейскімі лекарамі ў канцы ХІХ стагодзьдзя:

4-6 тыдняў – 22 гадзіны
1-2 гады – 18-16 гадзінаў
2-3 гады – 17-15 гадзінаў
3-4 гады – 16-14 гадзінаў
4-6 гадоў – 15-13 гадзінаў
6-9 гадоў – 12-10 гадзінаў
9-13 гадоў – 10-8 гадзінаў
19-20 гадоў – 8-6 гадзінаў
У дарослым узросьце – у сярэднім 8 гадзінаў.

У нашы дні амэрыканскі Нацыянальны фонд сну прызнае, што ўнівэрсальнай рэкамэндацыі дагэтуль няма, але ўсё ж дае наступную параду:

Нованароджаныя (1-2 месяцы) – 10,5 – 18 гадзінаў
Немаўляты (3-11 месяцаў) – 9-12 гадзінаў уначы і ад 30 хвілін да 2 гадзінаў 1-4 разы ўдзень
Дзеці (1-3 гады) – 12-14 гадзінаў
Дашкольнікі (3-5 гадоў) – 11-13 гадзінаў
Школьнікі (5-12 гадоў) – 10-11 гадзінаў
Падлеткі (11-17 гадоў) – 8,5­-9,25 гадзінаў
Дарослыя – 7-9 гадзінаў
Старыя – 7-9 гадзінаў

У 2008 годзе Нацыянальны цэнтар кантролю хваробаў ЗША правёў апытаньне наконт здаровага сну. Аказалася, што сярод апытаных амэрыканцаў за апошнія 30 дзён перад апытаньнем ня мелі праблемаў са сном 30,7 %, кепска адпачылі або ня выспаліся ад 1 да 13 дзён – 41%, ад 14 да 29 дзён – 16,8%, і не высыпаліся кожны дзень – 11,1%.

І хоць у старыя часы не паважалі тых, хто шмат сьпіць, піша “The new York Times”, недаацэньваць сон ня трэба. Хай сабе ў XVIII стагодзьдзі ангельскі тэоляг Джон Уэсьлі і казаў, што мужчына павінен спаць 6 гадзін, жанчына 7, дзіця 8, а сьвіньня 9.

Навукоўцы таксама нагадваюць, што кожная гадзіна сну перад поўначчу можа быць прыроўненая да дзьвюх гадзінаў сну пасьля поўначы. Так што лепш рана класьціся і рана ўставаць. Газэта прыводзіць даволі складаны падлік, паводле якога дзьвюхгадзінную розьніцу паміж уставаньнем а 6-й раніцы і а 8-й у працягу 40 гадоў можна прыраўняць да 9 гадоў дадатковага жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG