Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўсе дзетдомаўцы хочуць вучыцца ў ВНУ


Брама Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту
Брама Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту

Абітурыенты-выхаванцы дзіцячых дамоў маюць права па-за конкурсам паступіць на спэцыяльнасьці, конкурс на якія меншы, чым пяць чалавек на месца — акрамя міжнародных адносін, правазнаўчых і мэдычных спэцыяльнасьцяў. Летась у дзяржаўныя ВНУ на дзённую форму навучаньня было залічана 563 абітурыенты зь дзіцячых дамоў, на завочную — 91 чалавек. Чаго не хапае выхаванцам дзіцячых дамоў, каб здаць іспыты: жаданьня ці ведаў?

Сацыяльны пэдагог менскага дзіцячага дома № 7 — Марыя Лакіза:

«За дзевяць гадоў са сьценаў нашага дзіцячага дома выйшаў 101 выпускнік. З гэтых дзяцей: 39 на дадзены момант працягваюць навучаньне, 36 ужо скончылі каледжы альбо вучылішчы і працуюць па спэцыяльнасьці і 6 выпускнікоў атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Нашыя дзеці ходзяць у розныя школы Кастрычніцкага раёну. У асноўным яны вучацца ў звычайных клясах бяз пэўнага ўхілу на які-небудзь прадмет. У 52-й школе — ухіл на матэматыку і хімію, дзеці не заўсёды могуць засвоіць праграму».

Выхаванец дзіцячага дома № 7 у Менску, 16-гадовы Андрэй Навумаў:

«Я буду паступаць пасьля дзявятай клясы на кіроўцу. На вышэйшую адукацыю не прэтэндую, таму што там цяжка вучыцца. Выбраў спэцыяльнасьць кіроўцы, таму што можна заўсёды знайсьці дадатковую працу, схімічыць грошай».

Сацыяльны пэдагог менскага дзіцячага дому спадарыня Лакіза тлумачыць, чаму дзеці выбіраюць пераважна сярэднія навучальныя ўстановы:

«Большасьць пойдзе вучыцца ў каледж сфэры абслугоўваньня. Ёсьць дзеці, якія вырашылі накіравацца ў прафэсійна-тэхнічнае вучылішча па спэцыяльнасьці „будаўнік“ альбо „кіроўца“. Яны хочуць хутчэй сысьці, каб атрымліваць спачатку стыпэндыю, а потым ужо свае грошы».

Выкладчык гісторыі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Мікалай Сяменчык:

«Я працую ў ВНУ дзесьці дваццаць тры гады. Мабыць, я забыўся, але я не сустрэў ніводнага чалавека, які выхоўваўся раней у дзіцячым доме і атрымаў вышэйшую адукацыю. Мне здаецца, што гэтыя дзеці не даходзяць да ўнівэрсытэтаў зь нейкіх асабістых прычын, магчыма, накіроўваюцца ў ПТВ. Адзін прыклад — гэта мой знаёмы, ён ужо ў сталым узросьце, ён скончыў пасьля дзіцячага дома ўнівэрсытэт і працуе гісторыкам. Ніякай дыскрымінацыі ў нас няма, дзяржава дае магчымасьці гэтым дзецям. На мой погляд, гэта іх жаданьне або нежаданьне вучыцца».

Выхаванка дзіцячага дома Ангеліна Пятроўская, адрозна ад Андрэя Навумава, плянуе працягнуць сваю адукацыю ў ВНУ:

«У наступным годзе я буду паступаць ва ўнівэрсытэт культуры, на пэдагога-арганізатара. Я шмат гадоў жыву ў дзіцячым доме і бачу, як працуюць нашыя настаўнікі, і, зразумеўшы іх працу, хачу быць пэдагогам. З усіх школьных прадметаў больш за ўсе мне падабаецца расейская мова, я вельмі пісьменная ў ёй. У мінулым годзе я паступала ў каледж мастацтваў, але не паступіла, у мяне былі праблемы са зьвязкамі. Мяне чакаюць іспыты па расейскай мове, біялёгіі і гісторыі Беларусі. Рыхтуюся дадаткова на факультатывах».

Марыя Лакіза кажа, што
Яны прывыклі самі вырашаць, хадзіць ім на заняткі ці не.
існуюць праблемы, якія не дазваляюць выхаванцам дзіцячых дамоў масава і пасьпяхова паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сацыяльны пэдагог лічыць, што віна за непасьпяховасьць дзяцей у школе ляжыць на безадказных бацьках:

«Тое, што замала дзяцей паступае ва ўнівэрсытэты, зьвязана з тым, што яны прыходзяць ад дрэнных бацькоў, якія не клапаціліся наконт іх выхаваньня. Школьную праграму яны не засвоілі, бацькі не дапамагалі ім рыхтавацца да заняткаў. І пачынаць у сёмай альбо шостай клясе ім цяжка, яны і самі разумеюць, што ня могуць засвоіць прадмет і здаць іспыт. Дзеці разумеюць свае магчымасьці. У дзіцячым доме ёсьць настаўнікі, якія займаюцца зь дзецьмі дадаткова, пасьля заняткаў. Гэта настаўніца ангельскай мовы, настаўніца матэматыкі і іншыя. Дзеці могуць зьвярнуцца ў любы час да іх па дапамогу. Настаўнікі сочаць за тым, як яны рыхтуюцца да заняткаў. Але не заўсёды ў іх ёсьць жаданьне вучыцца. На мой погляд, нізкая пасьпяховасьць зьвязаная з тым, што яны шмат прапусьцілі, калі жылі з бацькамі. Яны прывыклі самі вырашаць, хадзіць ім на заняткі ці не. Усё ж такі ёсьць дзеці, якія хочуць вучыцца. У мінулым годзе некалькі чалавек паступілі ў мэдыцынскі каледж, у гандлёвы каледж. Вынікі нашай працы ёсьць».

Сяргей Іванчык, леташні выпускнік менскага дзіцячага дома № 7, цяпер студэнт БДУ:

«Я паступіў у 2009 годзе ў БДУ на спэцыяльнасьць „матэматыка“. Паступіць, вядома, было цяжка, прыходзілася сур’ёзна рыхтавацца да іспытаў. З матэматыкай не было праблемаў, складанасьць выклікаў іспыт па расейскай мове, але я гэта агораў».

Выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта — гісторык Алесь Смалянчук ня памятае ў сваёй практыцы студэнтаў, якія выхоўваліся ў дзіцячых дамах:

«Вядома, такіх дзяцей трэба падтрымліваць, але ў іх стартавыя магчымасьці такія, што, відаць, вельмі рэдка хтосьці ідзе атрымліваць вышэйшую адукацыю. Можна ствараць ільготы для гэтых дзяцей, але пытаньне — ці будуць яны выкарыстаны».

Дзіцячых дамоў і прытулкаў у Беларусі — 51.


У Менску —

  • 9 дзіцячых дамоў,
  • 1 дом немаўляці,
  • 4 прытулкі,
  • 3 школы-інтэрнаты,
  • 1 дзіцячы гарадок Ленінскага раёну і
  • 1 дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з парушэньнем псыхафізычнага разьвіцьця.

Летась плян прыёму на дзённую бюджэтную форму навучаньня быў павялічаны на 2 тысячы месцаў. Першакурсьнікамі сталі 94 тысячы чалавек, што на 2,5 тысячы больш, чым у 2008 годзе. А на платныя аддзяленьні ў 2009 годзе ў беларускія ВНУ прынялі больш за 60 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG