Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падручніка пра Галакост няма толькі ў Беларусі


Круглых стол прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый і рэлігійных суполак.

Круглых стол прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацый і рэлігійных суполак.

Як ушанаваць памяць усіх габрэяў, якія загінулі ў Беларусі ў часы Другой сусьветнай вайны? Гэтае пытаньне абмяркоўвалі прадстаўнікі шэрагу габрэйскіх арганізацый і рэлігійных суполак. Яны зазначылі, што застаецца мала часу, бо людзі, якія былі відавочцамі трагічных падзеяў, цяпер у сталым веку. Многія сыходзяць, не пакінуўшы ўспамінаў.

Асноўны праект дакумэнтаваньня імён габрэяў, якія загінулі ў часы Галакосту, праводзіцца сумесна габрэйскай суполкай Беларусі з Інстытутам Катастрофы і Гераізму габрэйскага народу, арганізацыямі «Яд Вашэм» і «Джойнт». Каардынуе працу музэй гісторыі і культуры габрэяў Беларусі і грамадзкае аб’яднаньне «Рэспубліканскі фонд «Галакост».

Амбасадар Ізраілю Эдуард Шапіра ўдзельнічаў у круглым стале:

«Вельмі правільна праводзіць такую сустрэчу менавіта ў такі момант, каб вызначыць тэмы ўдзелу габрэйскіх арганізацый, амбасады Ізраілю. Тэма адмаўленьня Галакосту — гэта й наша праблема, і ўсіх людзей, якія прысутнічаюць тут. Гэта тэма, якая ня дзеліць нас паводле нацыянальнасьці, веравызнаньня. Гэта тэма, якая павінна непакоіць увесь сьвет».

Спадар Шапіра паведаміў «Свабодзе», што факты праяваў антысэмітызму ў Беларусі не застаюцца па-за ўвагай амбасады Ізраілю.

«Амбасада не праводзіць расьсьледаваньняў, але, натуральна, гэта адна з найважнейшых тэмаў у нашай дзейнасьці. Мы зьвяртаемся ў гэтым пытаньні да ўладаў і знаходзім разуменьне. Не заўсёды захады ўладаў адпавядаюць той увазе, якую яны надаюць праблеме.

Натуральна, трэба жадаць лепшага, але я знаходжу разуменьне. Амбасада ніколі ня зьмірыцца з антысэміцкімі праявамі любога характару. Мінуліся тыя часы, калі амбасада маўчыць і не зьвяртае ўвагі на такія зьявы».

Старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак Беларусі Леанід Левін казаў пра кірункі працы дзеля пошуку імёнаў габрэяў, якія загінулі ў часы вайны. Ён казаў, што сябры арганізацыі не сутыкаюцца зь перашкодамі ў сваёй дзейнасьці.

Мы ня можам казаць, што Беларусь — антысэміцкая краіна.
«Трэба казаць шчыра: антысэмітызм ёсьць, быў і будзе. Мы з вамі ніколі ня зможам перагарнуць гэтую старонку. Але ён ёсьць ня толькі ў нашай краіне, а паўсюль. Мы ня можам казаць, што Беларусь — антысэміцкая краіна. Наадварот, калі мы паглядзім на Францыю, Нямеччыну, Польшчу і г.д., Беларусь знаходзіцца ў лепшым стане».

Падчас паседжаньня выказваліся меркаваньні, што трэба больш шчыльна супрацоўнічаць зь Міністэрствам адукацыі. Удзельнікі круглага стала канстатавалі, што Беларусь — адзіная краіна рэгіёну, у якой няма ніводнага адукацыйнага дапаможніка пра Галакост. Тым часам толькі ў суседняй Украіне — 12 такіх падручнікаў.

Дырэктар Нацыянальнага архіву Вячаслаў Селяменеў паведаміў, што архіўныя матэрыялы шырока выкарыстоўваліся дзеля вызначэньня колькасьці і прозьвішчаў габрэяў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх — шмат грамадзянаў краінаў Заходняй Эўропы.

Дырэктарка музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іна Герасімава распавяла, што людзі, даведаўшыся пра праект ушанаваньня памяці ахвяраў Галакосту, зьвяртаюцца з інфармацыяй.

«Трэба сабраць і зьберагчы, каб імя кожнага чалавека, які загінуў, было запісана ў „Яд Вашэм“. Мы толькі за апошні год сабралі каля 10 000 імёнаў. Што вельмі важна для нас — гэта людзі, якія памятаюць тых, хто зь імі разам вучыўся, працаваў. Некаторым зь іх па 80 гадоў.

Ёсьць гісторыі, якія кранаюць да сьлёз. Адзін мужчына 83 гадоў адмыслова прыехаў з Гомелю да нас, каб даць імя свайго настаўніка. Ягоны настаўнік-габрэй загінуў, а ён, беларускі хлопец, пайшоў на фронт. Даведаўся пра праект і прыехаў, каб распавесьці пра свайго настаўніка».

Удзельнікі паседжаньня зазначылі, што якраз на пачатку сакавіка 1942 году загінула вялікая колькасьць габрэяў. Заўтра, 2 сакавіка, прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый і амбасады Ізраілю наведаюць мэмарыяльны комплекс «Яма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG