Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У Менску адбылася прэзэнтацыя грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, якую ўзначальвае паэт Уладзімер Някляеў. Тэлефанаваньне слухачкі “Свабоды” з гэтай нагоды:

Ніна Ярмалінская, Салігорск:
“У межах прэзыдэнцкай кампаніі “Гавары праўду!” я б хацела сказаць пра тое, што мяне сёньня асабліва моцна хвалюе. Па-першае, правесьці дэмантаж помнікаў Леніну і наагул прыбраць іх з тэрыторыі нашай краіны. Па-другое, надаць беларускай мове статус дзяржаўнай не на словах, а на справе. Па-трэцяе, абвясьціць 25 сакавіка днём незалежнасьці Беларусі. Па-чацьвертае, вярнуць гістарычныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”.

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Камэнтар слухача:

Спадар: “У мяне ёсьць сумнеў наконт сумленнасьці тых людзей, якія імкнуцца патрапіць у дэпутаты. Асабліва наконт былых камуністаў. Яны кляліся і бажыліся ў вернасьці радзіме, партыі і народу, але наступіў іншы час, і яны пакідалі свае партбілеты, і атрымліваецца, што яны крывапрысяжнікі. Дык які ж у іх гонар і сумленьне? Сумнеўна. Рвуцца яны ўсе да ўлады, але, пачынаючы з дэпутатаў і заканчваючы прэзыдэнтам, ніхто зь іх не нясе адказнасьці за зробленае імі па сканчэньні тэрміну іх паўнамоцтваў. Калі б яны адразу давалі прысягу ў тым, што яны будуць адказваць перад законам і перад народам, была б магчымасьць пракантраляваць іх дзеяньні. І яны б ведалі, што нішто не застанецца беспакараным”.

Наступнае выказваньне — з нагоды канфлікту вакол праўладнага і незалежнага саюзаў палякаў у Беларусі, якія ўзначальваюць Станіслаў Сямашка і Анжаліка Борыс:

Анатоль Сахаруша, Бярозаўскі р-н: “Я хацеў бы выказацца наконт Саюзу палякаў у Беларусі. Слухаю Анжаліку Борыс — жанчына размаўляе па-польску, не сумняваюся ў тым, што яна ведае і беларускую мову, і расейскую. А вось Саюз палякаў, які ўзначальвае Сямашка: чалавек па нацыянальнасьці паляк, жыве ў Беларусі, размаўляе па-расейску. Я ўявіў: я беларус, жыву ў Польшчы, але размаўляю па-француску. Цікавая рэч атрымліваецца!”

Далей слухач задае пытаньне:

Віктар Буто, Менск:
“У мяне пытаньне да апазыцыі. Калі ў Беларусі ўзьнікне сапраўдная апазыцыя замест шматлікіх невідзімак, зь якімі немагчыма сустрэцца?”

Адказвае сябра сойму партыі БНФ Уладзімер Лабковіч:

“Апазыцыя ў Беларусі насамрэч жывая, дзейсная і моцная, бо шмат гадоў працуе ва ўмовах перасьледу і рэпрэсіяў. Яна праводзіць палітычныя і грамадзянскія кампаніі. І што хочацца пажадаць шаноўнаму слухачу, — каб ён таксама далучаўся да апазыцыі і яна была яшчэ больш бачная як найбольшай колькасьці прадстаўнікоў нашага грамадзтва”.

Працягваем праграму выказваньнямі з нагоды турэмнага зьняволеньня прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі:

Тацяна Барэль, Асіповічы:
“Я ня ведаю, ці скраў у сваёй фірмы некалькі мільёнаў рублёў Андрэй Бандарэнка, ці не, але я ведаю, што Галіна Жураўкова, якая скрала ў нас з вамі мільёны даляраў, да гэтай пары на свабодзе. Ня клічце назад 37 год”.

Спадар:
“Праслухаў па радыё тэлефонны званок аднаго гарлапана, які радуецца, што пасадзілі чалавека, прадпрымальніка. А нават калі ён і нешта нарабіў, то гэта наша дзяржава вымусіла людзей ісьці на такі шлях. Але перш чым судзіць, успомніце, што быў 39 год. Тады было гэтак жа. Судзіць ня нам дадзена — на гэта ёсьць вышэйшыя сілы. Яны рассудзяць усіх”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG