Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дьмітры Плакс - мастак, літаратар, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў Менску. Працаваў у галярэі «VITA NOVA», газэце “Имя”. Пятнаццаць гадоў таму зьехаў у Стакгольм, дзе стварыў Беларускую службу Швэдзкага радыё, якім кіраваў да самага яго закрыцьця ўвосень 2009 году. Піша па-швэдзку, расейску і беларуску, перакладае з гэтых і на гэтыя мовы. Аўтар некалькіх кніг паэзіі, прозы і драматургіі. Шмат экспэрымэнтуе з мастацкай формай, жанрамі і мовай твораў. У апошнім 44-м нумары часопіса “Дзеяслоў” надрукавана вялікая нізка ягоных новых вершаў. Жыве ў Стакгольме.


Што для вас свабода?

Напэўна - адсутнасьць адказнасьці. Дакладней - магчымасьць выбіраць самому ступень і форму адказнасьці. Я маю на ўвазе не адказнасьць за парушэньне базавых агульначалавечых прынцыпаў, кшталту: “не забі, не скрадзі”, а грамадзка-сацыяльныя рытуалы, ці, скажам, пануючыя эстэтычныя каноны.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Адпаведна - навязаныя звонку нормы адказнасьці.

Што для вас шчасьце?

Шчасьце... Спакой, роўны настрой, упэўненасьць, любоў, павага, магчымасьць будаваць сваё жыцьцё самому і выбіраць... магчымасьць працаваць і вызначаць свае ўласныя прыярытэты, кантраляваць свой час... канечне - каханьне...

Чаго вы найбольш баіцеся?

Я баюся абсалютна ўсяго. Таму, відаць, не баюся нічога.

Які талент вы хацелі б мець?

Усе магчымыя, у тым ліку і талент не закапваць у зямлю свае таленты.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Я захапляюся людзьмі як такімі, як біялягічнымі адзінкамі, непаўторнымі ва ўсім. Ня ведаю, здаецца, нічога больш захапляльнага за выгляд сучаснага гарадзкога натоўпу - струмень розных колераў, твараў, гукаў, рухаў, пахаў - я ня бачыў.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Нічога. Я даўно высьветліў і зразумеў, што створаны для таго, каб быць вельмі багатым і вельмі здаровым, бо больш за ўсё я люблю ляжаць на канапе і піць шампанскае, чытаючы кніжкі. Ну, часам, і нешта пішучы, дзеля самавыяўленьня, так бы мовіць...

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Усё, мяркую, уключна з полавай прыналежнасьцю. Калі даецца такі шанец, навошта ж марнаваць яго на ўжо вядомае?

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Можа быць: «Калі ня хочаш, каб сьмяяліся зь цябе, смейся зь сябе сам».

Які ваш улюбёны дэвіз?

У мяне ёсьць плебейская схільнасьць да калямбураў, прыгожых фразаў, цытататаў. Таму я часта мяняю дэвізы і, як любы эрудыт, маю ў галаве шмат прыкладаў, зь якіх выбіраю ў адпаведнасьці з настроем і іншымі абставінамі.

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Дэмакратыя найменш эфэктыўная і найдаражэйшая сыстэма. Найэфэктыўнейшая, як выглядае, згодна з традыцыяй, - асьвечаная тыранія. Але нават самыя прагрэсыўныя тыраны паміраюць і ўлада пераходзіць да іх дэбільных нашчадкаў (я ўжо не кажу пра тыранаў звычайных, то бок - тупых і злосных). Таму ўсё ж у дэмакратыі, бо гэта адзіная вядомая мне сыстэма, якая мае магчымасьць абнаўляцца, што гарантуе ад застою.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Я хацеў бы жыць на зямным шары без дзяржаўных межаў.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Ня ведаю, але будучыня мяне вабіць значна больш, чым мінулае.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Можа быць, вярнуў бы сымболіку. Нат ня з нейкіх высокіх прычын, а проста таму, што сёньняшняя агіднасьць - гэта проста абраза любому больш-менш добраму мастацкаму густу.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Беларусь павінна быць членам ЭЗ.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Расея таксама павінна быць членам ЭЗ.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?


Я не цярплю ніякага прымусу, таму дыктатура, нават найлепшага кшталту, для мяне ня ёсьць альтэрнатывай.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Я думаю, хутчэй, чым здаецца на першы погляд. Дэмакратычным шляхам.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі пачнуць усьведамляць сябе часткай эўрапэйскай і сусьветнай супольнасьці.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Беларуская мова, відавочна, стане экзатызмам, але зусім, як мне падаецца, ня зьнікне.
XS
SM
MD
LG