Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галівудзкая зорка расказала пра трагічны лёс сваякоў у Беларусі


Ліза Кудроў

Ліза Кудроў

Зорка амэрыканскага кіно і тэлебачаньня Ліза Кудроў, ляўрэатка міжнароднай тэлевізійнай прэміі “Эмі”, нарадзілася ў 1963 годзе ў штаце Каліфорнія ў сям’і эмігрантаў зь Беларусі.

У апошнія некалькі гадоў Ліза Кудроў здабыла папулярнасьць дзякуючы амэрыканскай вэрсіі генэалягічнага тэлепраекту ВВС “Who Do You Think You Are?” (“Як па-твойму, хто ты?”). Сёньня аналягі гэтай перадачы існуюць у шмат якіх краінах сьвету, у тым ліку ў Расеі.

Ліза Кудроў — ня толькі вядоўца і суаўтарка амэрыканскага тэлешоў. Ёй належала сама ідэя запусьціць “Who Do You Think You Are?” у Новым Сьвеце. Гэта было гадоў пяць таму, калі яна вярнулася са здымкаў фільма ў Ірляндыі, дзе па ВВС упершыню і ўбачыла гэтую праграму. За час існаваньня амэрыканскай вэрсіі шоў, якая выходзіць на канале NBC, шмат якія вядомыя ў ЗША асобы, дзякуючы Кудроў, змаглі даведацца пра свой радавод, незнаёмы ім раней.

У адным з апошніх выпускаў праграмы Ліза Кудроў распавяла пра свае беларускія карані.

Ліза Кудроў расказвае, што калі яна была маленькай дзяўчынкай, яна не аднойчы чула ад бабулі, што “Гітлер забіў яе сваякоў”.

Аднак на той час будучая зорка, паводле яе слоў, ня надта цікавілася падрабязнасьцямі. Потым яны вельмі шкадавала пра гэта.

Сёе-тое, хоць і зусім няшмат, Ліза Кудроў даведалася ад бацькі. Той, вядома, ня мог памятаць родных беларускіх мясьцін, адкуль яго вывезьлі ў ЗША зусім маленькім. Але некалі ён чуў ад свайго стрыечнага брата Баляслава, які пасьля вайны жыў у Польшчы, што іх родную вёску цалкам зьнішчылі нямецкія фашысты.

Доўгі час Ліза Кудроў і не спадзявалася даведацца яшчэ нешта пра гісторыю сваякоў, якія загінулі ў Беларусі, таму што бацька вельмі даўно страціў сувязь са стрыечным братам.

І тут дапамагла перадача “Who Do You Think You Are?”

“Аднойчы я прапанавала зьезьдзіць на радзіму маіх продкаў, каб раскрыць жудасны лёс, які іх напаткаў. Прапанову прынялі”, — кажа тэлевядоўца.

Так амэрыканская група накіравалася ў беларускае мястэчка Ілья на Меншчыне. У тутэйшых архівах знайшліся запісы, што прабабулю Лізы Кудроў — Мэру Мардэёвіч (Mera Mordejovich), разам зь дзецьмі і яшчэ 900 габрэямі, забілі і спалілі немцы. Ад ільянскіх старажылаў амэрыканскія тэлевізійнікі даведаліся, дзе і як адбылася трагедыя — фашысты сагналі людзей на рынкавую плошчу, распранулі іх, расстралялі, а потым спалілі.

“Мне было вельмі цяжка ад гэтых расповедаў, бо я ўявіла сабе, што перажылі гэтыя людзі, сярод якіх былі і малыя, і старыя, што ўвогуле перажылі ў гады вайны жыхары Беларусі”, — кажа Ліза Кудроў.

Паводле яе слоў, паездка прынесла сумныя ўражаньні, аднак скончылася шчасьліва — у Польшчы ёй удалося адшукаць бацькавага стрыечнага брата Баляслава.

Гісторыю пра 900 нявінна загіблых пачулі ў ЗША. Гледачы пісалі Лізе Кудроў, што расказаная так шчыра гісторыя надоўга застанецца ў іх памяці.

“Цяпер у амэрыканскім грамадзтве вельмі добрая пара для “Who Do You Think You Are?” — людзі перажываюць не найлепшыя часы, і апавяданьні пра жыцьцё продкаў вяртаюць ім пачуцьцё спагады”, — кажа Ліза Кудроў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG