Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла ў сьвет “энцыкляпэдыя беларускага мястэчка”


Сёньня ў Горадні адбудзецца прэзэнтацыя кнігі мясцовага гісторыка Іны Соркінай “Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ стагодзьдзяў”. Імпрэза адбудзецца ў абласной бібліятэцы імя акадэміка Карскага.

Іна Соркіна — адзін з самых вядомых нашых дасьледчыкаў цывілізацыі беларускага мястэчка. Яе кандыдацкая дысэртацыя, абароненая гадоў пятнаццаць таму, была прысьвечана менавіта гэтаму пытаньню, і яна працягвала сваё дасьледаваньне далей, кажа доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. Цяперашняя кніга — вынік навуковай працы Іны Соркінай.

“Кніга выйшла ў выдавецтве ЭГУ, дзякуючы падтрымцы Інстытуту гістарычных дасьледаваньняў Беларусі, які існуе ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Па сваёй сутнасьці гэта ўнікальная кніжка, таму што Іна Соркіна напісала сваёго роду энцыкляпэдыю беларускага мястэчка гэтага часу. Гэта было мястэчка, дзе побач з праваслаўнай царквой, каталіцкім храмам была сінагога, а можна было таксама заўважыць і татарскую мячэць. Шматканфэсыйнасьць, шматкультурнасьць стварала непаўторны фэномен беларускага мястэчка”.

Аўтар унікальнага выданьня Іна Соркіна зазначае:

“У сваёй працы я паказваю, як жылі жыхары мястэчак у новых палітычных, эканамічных і культурных умовах, зьвязаных з далучэньнем Беларусі да Расейскай імпэрыі. Цікавай старонкай гісторыі мястэчак зьяўляецца працяглая і ўпартая барацьба жыхароў за вяртаньне ім ранейшых правоў, якія яны страцілі пасьля ўключэньня ў склад Расеі. Гэта перш за ўсё права асабістай свабоды, бо жыхары мястэчак сталі прыроўненымі да прыгоннага сялянства, і права на зямлю. Асабліва актыўнымі былі жыхары Гарадзенскай губэрні. Яны захоўвалі прывілеі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх і выкарыстоўвалі іх у сваёй барацьбе за волю і зямлю”.

Што маглі ў тагачасных умовах жыхары беларускіх мястэчак — пісаць скаргі, зьвяртацца ў суд?

Соркіна: “Яны зьвярталіся да губэрнскіх уладаў з просьбай вызваліць іх ад паншчыны. Калі не дапамагалі звароты да мясцовых чыноўнікаў, то пісалі скаргі ў Пецярбург, у Сэнат. Калі і гэта не дапамагала, проста адмаўляліся выходзіць, каб выконваць павіннасьці. Барацьба мела ўпарты, дастаткова масавы характар. Напрыклад, калі ў мястэчку Нача Гарадзенскай губэрні восем жыхароў былі арыштаваныя як арганізатары непавінавеньня, то ўсе местачкоўцы, мужчыны і жанчыны, сабраліся разам і зламалі дзьверы, дзе ўтрымлівалі арыштаваных і адбілі іх у паліцэйскіх. У разборы такіх справаў чыноўнікі падкрэсьлівалі, што жыхары дзейнічаюць усёй грамадою. Канечне, у рэдкіх выпадках такія справы завяршаліся перамогай. Але сама барацьба за вяртаньне сваіх ранейшых правоў выклікае вялікую павагу да нашых продкаў”.

Навуковую і грамадзкую каштоўнасьць працы Іны Соркінай падкрэсьлівае прафэсар гіторыі з Горадні Алесь Смалянчук:

“Іна Соркіна робіць велізарную справу, яна аднаўляе страчаны сьвет мястэчка, цывілізацыю, якая зьнікла, відаць, ужо назаўсёды. Разам з гэтым у беларускую гісторыю вяртаюцца прадстаўнікі тых народаў, якія жылі ў нашых мястэчках і дзейнічалі разам зь беларусамі: і палякі, і габрэі, і татары, і літоўцы”.

Крыніцамі для стварэньня “энцыкляпэдыі беларускага мястэчка”сталі архівы Горадні, Менску, а таксама Польшчы, Расеі, Ізраілю, Літвы. Навуковы рэдактар выданьня — прафэсар Захар Шыбека з Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG