Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – 200-годзьдзе Фрыдэрыка Шапэна


1 сакавіка 2010 году — 200 гадоў з дня нараджэньня славутага польскага кампазытара Фрыдэрыка Шапэна. Гэты юбілей адзначаецца ў многіх краінах сьвету. 2010 год абвешчаны ў Беларусі годам Шапэна. 22 лютага. Аднак некаторыя дасьледчыкі называюць 1 сакавіка 1810 году

Каардынатар замежных праграмаў бюро на сьвяткаваньні году Шапэна, экс-міністар культуры Польшчы Рышард Кубяк кажа:

«Мы вельмі рады, што і Беларусь далучаецца да ўсясьветнага сьвяткаваньня года Шапэна, якое адбываецца на ўсёй плянэце. Фрыдэрык Шапэн, яго музыка папулярныя ва ўсім сьвеце. У 40 краінах сьвету створаныя ганаровыя камітэты па сьвяткаваньні года Шапэна».

Міністар культуры Беларусі Павал Латушка распавёў, што імя Шапэна яднае два народы: беларусаў і палякаў:

«З гісторыі вядома, што Фрыдэрык Шапэн сябраваў з Напалеонам Ордам, ягоныя музычныя творы былі вельмі папулярныя ў першай палове 19-га стагодзьдзя ў магнацкіх дамах Беларусі. Мы плянуем адзначыць гэтую важную падзею — 200-годзьдзе, і арганізаваць шэраг мерапрыемстваў. Перадусім гэта шэраг канцэртаў у Белдзяржфілярмоніі, у абласных філярмоніях; мы абмяркоўвалі пытаньне пастаноўкі опэры ў Нацыянальным тэатры опэры і балету; адбудуцца міжнародныя канфэрэнцыі, адпаведныя акцыі ў музычных школах».

Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам прынята рашэньне, што школа мастацтваў № 3 Менску будзе насіць імя Фрыдэрыка Шапэна.
Каардынатар замежных праграмаў бюро на сьвяткаваньні году Шапэна, экс-міністар культуры Польшчы Рышард Кубяк у Менск прыехаў з падарункам школе мастацтваў №3:

«Цудоўным знакам добрага шчыльнага супрацоўніцтва зьяўляецца наданьне імя Фрыдэрыка Шапэна адной зь менскіх школ. І мы зь вялікай удзячнасьцю перадаем бюст Шапэна 19-га стагодзьдзя гэтай школе».

Літаральна два тыдні таму 15-гадовая навучэнка каледжа Пры Беларускай акадэміі музыкі Юлія Ермалаева заняла другое месца на VII міжнародным конкурсе юных піяністаў імя Шапэна ў эстонскай Нарве, дзе спаборнічалі 60 прадстаўнікоў з 11 краінаў.
У сталічнай філярмоніі сёлета праходзіць цыкль канцэртаў, прысьвечаных творчсьці вялікага Шапэна, кажа каардынатарка музычных праектаў у Польскім інстытуце ў Менску Алена Здобнікава:

“Безумоўна, творчасьць Шапэна паўплывала на творчасьць і беларускіх кампазытараў, таму менавіта і цыкль гэтых канцэртаў быў названы “Пад зоркаю Шапэна”.

Дарэчы, дата нараджэньня Фрыдэрыка Шапэна выклікае спрэчкі. У кнізе хросту ў Жэлязовай Волі, дзе ён нарадзіўся, пазначана 22 лютага. Аднак некаторыя дасьледчыкі называюць 1 сакавіка 1810 году. На радзіме вялікага кампазытара менавіта сёньня адкрываецца музэй Шапэна, кажа каардынатар замежных праграмаў бюро на сьвяткаваньні году Шапэна Рышард Кубяк.

«1 сакавіка ў Варшаве будзе адкрыты самы прыгожы, самы сучасны музэй Шапэна, у якім будзе каля 7 тысяч экспанатаў. Цэлая інвэстыцыйная праграма прынятая — на аднаўленьне ўсіх месцаў, зьвязаных з Шапэнам, выдаткавана каля 100 мільёнаў даляраў».

Польшча мае намер праставіць на XIX Міжнародным фэстывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» вялікі культурніцкі праект, прысьвечаны Шапэну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG