Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ спадзяецца сабраць 450 тысяч подпісаў супраць высокага мыта на аўто


У офісе БНФ 28 лютага прайшоў арганізацыйны сход грамадзянаў, якія незадаволеныя тым, што ў Беларусі будзе значна паднятае мыта на аўтамабілі. Некалькі дзесяткаў грамадзянаў прагаласавалі за стварэньне ініцыятыўнай групы, якая зоймецца зборам подпісаў за правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму па гэтым пытаньні.


Кіраўніком ініцыятыўнай групы абраны намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, вызначаныя каардынатары па рэгіёнах, зацьверджана пытаньне, якое будзе вынесенае на рэфэрэндум. Яно гучыць гэтак: “Ці падтрымліваеце вы захаваньне памеру мыта на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасьці на ўзроўні 26 лістапада 2009 году?”

Нагадаем, з 1 ліпеня ў Беларусі, якая ўступіла ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам, будзе значна паднятае мыта на аўтамабілі, якія ўвозяцца ў краіну. Аналітыкі аўтарынку мяркуюць, што падвышэньне мыта закранае інтарэсы некалькі соцень тысяч беларусаў, а ў будучыні ударыць па сямейным бюджэце мільёнаў жыхароў краіны, паколькі ужо цяпер болей за 2 мільёны беларусы карыстаюцца патрыманымі аўтамабілямі, якія трэба абнаўляць праз 3-4 гады. Між тым пры новым мыце кошты аўтамабіляў падвысяцца амаль ўдвая. Прыкладам, калі “Фольксваген-Пасат” 2005 году цяпер каштуе 11500 даляраў, то будзе каштаваць 21580 даляраў.

У горшым варыянце мы будзем адкінутыя назад на 15 гадоў...
“Пры самым лепшым сцэнары падзеяў у 2014-15 годзе мы выйдзем на узровень спажываньня аўтамабіляў у 100 тысяч штогод. Нагадаю, ў “залатым” для нас 2008 годзе было ўвезена 200 тысяч аўтамабіляў. А ў горшым варыянце мы будзем адкінутыя назад на 15 гадоў”, – агучыў свае дасьледаваньні аналітык рынку Аляксей Бабайцаў.

Ініцыятыву аб рэфэрэндуме актыўна падтрымалі апазыцыйныя палітыкі. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначыў, што рашэньне аб далучэньні да Мытнага саюзу Аляксандр Лукашэнка прыняў, спадзеючыся на танную нафту і газ, але відавочна, што гэтага ня будзе, і жыхары Беларусі прайграюць у выніку такой палітыкі. Кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам не дае магчымасьці мадэрнізаваць беларускую эканоміку, асноўныя пэрспэктывы якой у знаходзяцца ў Эўропе. Барацьбу зь вялікім мытам на аўто Аляксандр Мілінкевіч разглядае як частку барацьбы за эўрапейкі шлях разьвіцьця Беларусі.

Сярод ініцыятараў сходу былі і людзі, не ангажаваныя ў палітыку. Адзін са стваральнікаў грамадзкай кампаніі “За аўто” Арцём Шаркоў мяркуе, што ўлада сама прыслухаецца да грамадзянаў па гэтым пытаньні, рэфэрэндум можа не спатрэбіцца, калі сабраць шмат подпісаў. Паводле Арцёма Шаркова, ініцыятыва “За аўто” ужо аб’яднала каля тысячы актывістаў, якія шукаюць прыхільнікаў праз інтэрнэт па адрасе www.za-auto.unit.by Пры гэтым актывіст гатовы супрацоўнічаць і з тымі, хто будзе дамагацца правядзеньня рэфэрэндуму.

Яго ініцыятарам трэба будзе зарэгістраваць ў Цэнтрвыбаркаме ініцыятыўную групу ня меней як са 100 чалавек, а потым сабраць ня меней за 450 тысяч подпісаў у падтрымку правядзеньня рэфэрэндуму, пры гэтым ня меней як 30 тысяч ад кожнай вобласьці і сталіцы краіны. Арганізатары запрасілі людзей далучацца да ініцыятыўнай групы праз зварот у офіс партыі БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG