Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партыя БНФ можа зьняць сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў у выпадку неўключэньня сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Як падае БелаПАН, пра гэта заявіў лідэр партыі Аляксей Янукевіч 28 лютага на пасяджэньні сойму.

Паводле яго слоў, на асобных партыйных прэтэндэнтаў ужо зараз аказваецца націск, таму ў выпадку неўключэньня прадстаўнікоў партыі ў склад участковых выбарчых камісій яны гатовы зьняць свае кандыдатуры з выбараў.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Костусеў паведаміў, што выбарчымі камісіямі зарэгістравана 78 ініцыятыўных груп прадстаўнікоў Партыі БНФ. Яшчэ частка прэтэндэнтаў будзе вылучацца непасрэдна партыйнымі структурамі.

Сойм прыняў рашэньне запатрабаваць ад партыйных кандыдатаў вылучэньня сваіх прадстаўнікоў ня менш чым у палову ўчастковых камісій пры балятаваньні ў абласныя і Мінскі гарадзкі саветы, а таксама ва ўсе ўчастковыя камісіі — пры балятаваньні ў саветы астатніх узроўняў.

На месцы ў Менскім гарадзкім савеце прэтэндуюць лідэр партыі Аляксей Янукевіч, яго намесьнік, старшыня сталічнай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і намесьнік старшыні менскай гарадзкой партыйнай структуры Вадзім Канапацкі.

У Менскі абласны савет дэпутатаў вылучаецца намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG