Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня місія Эўрапарлямэнту завяршыла сваю працу ў Менску. Формула прадстаўніцтва Беларусі ў Эўранэсьце можа быць абвешчана да сярэдзіны сакавіка. Пакуль афіцыйны Менск не пайшоў на кампраміс з Брусэлем.


Падсумоўваючы вынікі перамоваў у Менску сябра дэлегацыі Юстас Палецкіс сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што цалкам магчымы варыянт, калі на ўстаноўчы сход Эўранэсту паедуць дзесяць прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Хаця яшчэ магчымыя й іншыя варыянты.

Юстас Палецкіс
“Па першае, я думаю, што да сярэдзіны сакавіка будзем намагацца з боку Эўрапарлямэнту, каб і афіцыйныя прадстаўнікі гэтага не зусім прызнанага ці непрызнанага парлямэнту ўдзельнічалі. А па другое, магчымыя формулы “10” ці можа нават “0 плюс 5”. Маючы на ўвазе, што гэтыя крэслы для афіцыйных прадстаўнікоў былі б не занятыя, магчыма, пэўны час даць адумацца, а пяцёх прадстаўнікоў апазыцыі запрасіць. Такія формулы таксама магчымыя”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч пасьля сустрэчы з місіяй Эўрапарлямэнту адзначыў:

Аляксандар Мілінкевіч
“Самая нізкая плянка кампрамісу – гэта “пяць плюс пяць”. Пяць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, бо яе не пусьцілі ў парлямэнт, усе чакалі, што ўсё ж у парлямэнце будзе апазыцыя. Яе няма. Значыць, пяць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і пяць прадстаўнікоў ад улады. І няхай пачнецца ўнутраны дыялёг. Няхай яны там пяць на пяць і падыскутуюць. Гэта таксама вельмі важна, бо няма ўнутранага дыялёгу. Пазыцыя Эўрапарлямэнту будзе прынцыповая і маральная”.

Праз два тыдні ў Страсбуры Эўрапарлямэнт будзе таксама прымаць рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Яна будзе залежаць ад высноваў цяперашняй місіі. Спадар Мілінкевіч адзначыў, што з боку беларускіх уладаў “ідзе сыстэмная атака, скіраваная на вынішчэньне грамадзянскай супольнасьці”.

“Мусяць быць канкрэтныя ўмовы па дэмакратызацыі. Ёсьць крок па дэмакратызацыі, ёсьць эканамічная падтрымка. Я маю надзею, што Эўракамісія і міжнародныя структуры зробяць такі плян паступовага, пакрокавага набліжэньня, інакш ня будзе посьпехаў у галіне дэмакратызацыі. Першы пункт я паставіў бы жалезна – вызваленьне палітвязьняў. Ня можа ЭЗ нават кантактаваць з уладамі, тым больш супрацоўнічаць, там, дзе людзей садзяць за погляды ў турмы”.

Пасьля сустрэчы зь місіяй Эўрапарлямэнту старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што афіцыйны Менск настойвае на тым, каб у Эўранэсьце было 10 яго паўнавартасных прадстаўнікоў і 10 назіральнікаў ад апазыцыі.

Аляксей Янукевіч
“Але такі варыянт непрымальны для нас. Наколькі я разумею, такі варыянт абсалютна непрымальны для Эўрапейскага парлямэнту. Бо такі фармат вымагаў бы адмены вялікай колькасьці рашэньняў і рэзалюцый самога Эўрапарлямэнту і рэвізіі высноваў АБСЭ, што выбары 2008 года не адпавядалі міжнародным стандартам, не былі свабоднымі і справядлівымі. З гэтага можна зрабіць ясную выснову, што кампраміс ня быў знойдзены. Сваімі дзеяньнямі, асабліва ў апошні месяц, беларускія ўлады падкрэсьлілі, што яны не гатовыя, не зацікаўленыя і ня хочуць ісьці на нейкія кампрамісы. Калі на варыянт “пяць на пяць” яны ня згодныя, яны павінны ведаць, што прымаецца рашэньне “10 прадстаўнікоў апазыцыі”. І на гэты момант гэта было б найбольш адэкватным рашэньнем”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG