Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцёма Дубскага вызвалілі з турэмнага ізалятару на дзень раней


Арцём Дубскі патлумачыў, за што ён атрымаў пакараньне ў магілёўскай калёніі. Ці будзе працэс над Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам цалкам адкрыты? Андрэй Бандарэнка зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу на прысуд Першамайскага суду.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
24 лютага маладафронтавец Арцём Дубскі вызваліўся з ізалятару ў калёніі і адразу пазваніў дамоў. Арцём патлумачыў маці, за што яго пакаралі. Вось што распавяла Алена Дубская.

“Аказваецца, яго пакаралі за тое, што прысеў на ложак ў дзённы час. За гэта далі 15 дзён ізалятару.”

Вызвалілі Арцёма Дубскага на дзень раней прызначанага тэрміну, але да 1 траўня ён пазбаўлены права атрымліваць перадачы.

Нагадаю, пра тое, што сына зьмясьцілі ў турэмны ізалятар Алена Дубская даведалася, калі прыехала на мінулым тыдні ў Магілёўскую калёнію на спатканьне з Арцёмам. Раней ёй стала вядома, што Арцём спрабаваў у калёніі зьбіраць подпісы пад лістом да адміністрацыі з просьбай палепшыць бытавыя ўмовы. Паводле Арцёма, пасьля гэтага яго выклікалі ў адміністрацыю на размову. Што дакладна казалі Арцёму міліцыянты невядома, але меней як праз месяц маладафронтавец апынуўся ў турэмным ізалятары. Чым ізалятар адрозьніваецца ад карцэра? Алена Дубская задала гэтае пытаньне намесьніку начальніка калёніі.

“У карцэры бэтонныя сьцены і ложак. А ў ізалятары падлога, стол, ложак – ўсё драўлянае. Вось такія адрозьненьні”.

Паводле Алены Дубскай яе сын “не скардзіўся на стан здароўя, ягоны голас па тэлефоне гучаў бадзёра”. На будучым тыдні Алена Дубская з адвакатам Тамарай Сідарэнка зьбіраюцца наведаць Арцёма ў калёніі.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта.
10 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачнецца працэс над Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам, якіх падазраюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў. Пра гэта адвакатам абвінавачаных паведамілі з Вярхоўнага суду. Працэс спачатку будзе адкрытым , але адвакат Павал Сапелка не выключае зьмены фармату працэсу.

“Тое, як пакуль прызначана, не мае асаблівага значэньня. Гэта ж яшчэ будзе вырашацца на самім працэсе і паводле жаданьня бакоў рэжым пасяджэньня можа быць зьменены.”

Паводле зьвестак, справа Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі складаецца з 20 тамоў. Адвакаты скардзяцца на тое, што ім забаронена рабіць копіі дакумэнтаў справы. Паводле дачкі Ўладзімера Асіпенкі Людмілы ёй адмовілі ў спатканьні з бацькам, спаслаўшыся на хуткі пачатак працэсу.

Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
23 лютага закончыўся другі па ліку працэс над прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам. Актывіста АГП прызналі вінаватым ў крадзяжы маёмасьці праз махлярства і асудзілі да 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Гэты прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Равінская зь Першамайскага суду Менска. Нагадаю, новы тэрмін зьняволеньня Андрэю Бандарэнку на год меншы, за той, які ў кастрычніку мінулага году вынес судзьдзя Леанід Ярмоленкаў. Андрэя Бандарэнка пасьля вынясеньня прысуду заявіў, што ягоная справа была заведзеная на замову і ён намераны абскардзіць прысуд.
XS
SM
MD
LG