Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі новага прэзыдэнта Ўкраіны Ірына Акімава заявіла, што Ўкраіна ня мае намеру ўступаць у Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расеі. Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на ўкраінскія СМІ.

Раней кіраўнік Фэдэральнай мытнай службы РФ Андрэй Бельянінаў заяўляў, што Расея гатова працаваць з украінскімі калегамі больш інтэнсіўна, каб у далейшым падключыць Украіну да Мытнага саюза. Віктар Януковіч, які ў мінулы чацьвер заняў пасаду прэзыдэнта, са свайго боку абяцаў, што з яго прыходам да ўлады будуць рабіцца намаганьні для збліжэньня з Расеяй па ўсіх напрамках, у першую чаргу па эканамічных пытаньнях.

"Размову аб Мытным саюзе распачала прэм'ер Цімашэнка, а не Віктар Януковіч. Віктар Фёдаравіч і ў сваёй інаўгурацыйнай прамове і падчас перадвыбарнай кампаніі выразна паказаў, што любыя новыя захады ў міжнародным супрацоўніцтве з любымі краінамі могуць будавацца толькі пры ўмове непарушэньня ўжо заключаных дамоваў", — заявіла Акімава.

"Паколькі Мытны саюз прама супярэчыць і будзе вельмі моцна ўскладняць сяброўства Ўкраіны ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, на сёньняшні дзень, ды і на заўтрашні, пасьлязаўтрашні гэтае пытаньне стаяць ня можа", — падкрэсьліла яна.

Паводле слоў Акімавай, Украіна будзе садзейнічаць уступленьню ў СГА іншых краін СНД і "на гэтай глебе ўжо арганізоўваць сваю мытную палітыку".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG