Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прайшлі дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу пункт біфуркацыі?


Менск наведала дэлегацыя Эўрапарлямэнту. Ці можа ЭЗ пайсьці на рашучыя захады супраць афіцыйнага Менску? Ці гатовае беларускае кіраўніцтва да кампрамісу? Якія пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу ў перадвыбарчы год?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч


Ці можа ЭЗ пайсьці на рашучыя захады супраць афіцыйнага Менску?


Валер Карбалевіч: «Нягледзячы на настойлівыя заклікі Польшчы да ЭЗ, каб той размаўляў з Беларусьсю жорсткім тонам, здаецца, Эўропа пакуль да гэтага не гатовая. Эўрапарлямэнт не прыняў рэзалюцыі па Беларусі, адклаў яе, пакуль дэлегацыя Эўрапарлямэнту ня вернецца зь Беларусі. Але ці не падаецца вам, што гэта толькі нагода, каб злагодзіць праблему, не абвастраць яе?»

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, ЭЗ ня надта гатовы ісьці на абвастрэньне зь Менскам. І калі дэпутаты Эўрапарлямэнту, асабліва польскія, што зразумела ў кантэксьце скандалу вакол Саюзу палякаў, імкнуцца размаўляць жорсткім тонам, то выканаўчыя органы і іх кіраўнікі займаюць больш стрыманыя пазыцыі. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан абмежавалася даволі нэўтральнай канстатацыяй, што зроблены крок назад у дыялёгу паміж Брусэлем і Менскам.

Ёсьць некалькі чыньнікаў, якія стрымліваюць ЭЗ ад рашучых крокаў. Па-першае, няма адзінай палітыкі ў рамках ЭЗ. Краіны Заходняй Эўропы ня хочуць падтрымліваць ініцыятыву Польшчы аб ціску на Менск, бо ня хочуць раздражняць Расею, улазячы ў бітву за Беларусь.

Па-другое, ЭЗ уцягнуўся ў каляіну дыялёгу і цяпер ня хоча прызнаваць свае памылкі.
Беларусь для ЭЗ — пытаньне 25-е. Гэтым і тлумачыцца непаслядоўнасьць палітыкі Эўропы.
Напрыклад, тое, што не прынялі „дарожную мапу“, не выстаўлялі ўмовы. Хоць нейкія карэктывы ў гэтым пляне робяцца. Так, Кэтрын Эштан разглядае плян падтрымкі рэформаў у Беларусі.

Па-трэцяе, няма ў ЭЗ дзейсных вагароў уплыву. Такім вагаром маглі б быць грошы. Аднак МВФ, які іх дае, ня надта абцяжарвае выдзяленьне крэдытаў палітычнымі ўмовамі».

Аляксандр Старыкевіч: «Брусэль зрабіўся закладнікам уласнай палітыкі, якую ён распачаў паўтара году таму. Жорсткія захады сёньня былі б прызнаньнем памылковасьці таго рашэньня.

Сапраўды, няма ў ЭЗ вагароў уплыву. Больш за дзесяць гадоў ЭЗ праводзіў „жорсткую лінію“, хоць насамрэч уся жорсткасьць зводзілася да заяваў. Яна не дала выніку. Пры новай палітыцы дыялёгу магчымасьці ўплываць на Беларусь не пашырыліся. Але галоўная праблема ў тым, што Беларусь для ЭЗ — пытаньне 25-е. Гэтым і тлумачыцца непаслядоўнасьць палітыкі Эўропы».

Ці гатовае беларускае кіраўніцтва да кампрамісу?


Карбалевіч: «Ці не падаецца вам, што і беларускія ўлады гатовыя да кампрамісу? Галоўнае пытаньне, якое было раздражняльнікам у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Польшчай, было пытаньне пра Саюз палякаў. І з моманту канфлікту вакол СПБ беларускія афіцыйныя асобы займалі такую пазыцыю: маўляў, у нас няма такой праблемы.

Але вось пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім у Кіеве бакі, паводле інфармацыі Варшавы, дамовіліся стварыць сумесную камісію для разгляду гэтага пытаньня. Гэта фактычна азначае, што Менск прызнаў існаваньне такой праблемы і імкнецца яе не абвастраць, а закансэрваваць, загаварыць».

Класкоўскі: «З аднаго боку, беларускія ўлады імкнуцца падтрымліваць пэўны ўзровень страху ў грамадзтве, дзеля чаго ладзяцца кропкавыя рэпрэсіі. І адначасова Менск ваяўніча адбіваецца ад папрокаў з боку Захаду.

Але, зь іншага боку, кіраўніцтва Беларусі ня хоча перагінаць кій. Чаму? Некалькі чыньнікаў. Па-першае, зьявілася інфармацыя, што Эўрапейскі інвэстыцыйны банк можа спыніць інвэставаньне ў Беларусь, і Беларусь можа не атрымаць каля 1 мільярда эўра.

Па-другое, санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі не скасаваныя, а толькі падвешаныя, і ўвосень, пад выбары, ЭЗ будзе зноў разглядаць гэтае пытаньне. Па-трэцяе, узмацняецца ціск Расеі, пра што сьведчаць заявы амбасадара РФ у Беларусі Сурыкава на прэсавай канфэрэнцыі 25 лютага з прэтэнзіямі да Менску.

Акрамя дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Сікорскім, бачна жаданьне ціха згарнуць крымінальную справу супраць кіраўніцы СПБ у Івянцы Тэрэсы Собаль. То бок улады імкнуцца зьмікшаваць гэты канфлікт вакол СПБ».

Старыкевіч: «Гэта ня крок да кампрамісу. Бо кампраміс, у маім уяўленьні, — гэта калі кіраўніцтва краіны прытрымліваецца пэўных паводзінаў, якія прынятыя ў цывілізаваным сьвеце. Калі б беларускія ўлады пакінулі ў спакоі СПБ, тады б можна было казаць пра кампраміс. А так гэта часовае заспакойваньне».

Пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу


Карбалевіч: «У перадвыбарчы год беларускія ўлады заўсёды ўзмацнялі рэпрэсіі супраць апазыцыі і незалежнага грамадзтва. І цяпер першыя крокі ў гэтым кірунку зробленыя. Па меры набліжэньня да прэзыдэнцкіх выбараў гэтая тэндэнцыя, трэба меркаваць, будзе ўзмацняцца. І гэта выкліча нэгатыўную рэакцыю з боку Захаду.

А зь іншага боку, беларускаму кіраўніцтву сёлета вельмі патрэбныя замежныя крэдыты. Іх могуць даць міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія кантралююцца ЗША і краінамі ЭЗ. Як улады будуць выходзіць з гэтай сытуацыі, утрымліваць балянс, каб і грошы атрымаць, і „элегантную перамогу“?»

Класкоўскі: «Улады будуць балянсаваць. Гэта іх улюбёная тактыка. На першым пляне будзе перамога на выбарах. Таму рэпрэсіі ўзмоцняцца. Але ўлады будуць іх дазаваць, каб не злаваць Захад без асаблівай патрэбы.

Вось як паводзяць сябе ўлады падчас мясцовых выбараў? То амаль не пускаюць апазыцыянэраў у тэрытарыяльныя камісіі, то зарэгіструюць усе ініцыятыўныя групы прадстаўнікоў апазыцыі.

У адрозьненьне ад папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаній, Расея цяпер не зьбіраецца падкідаць Лукашэнку пернікі. Таму і з гэтай прычыны Менск будзе імкнуцца не пераходзіць пункт невяртаньня ў дачыненьнях з Захадам».

Старыкевіч: «Думаю, утрымаць балянсаваньне будзе нескладана з прычыны таго, што Захад ня мае пасьлядоўнай, эфэктыўнай і альтэрнатыўнай лініі адносна Беларусі. Таму адначасова будуць і рэпрэсіі, і запэўніваньні Захаду ў жаданьні працягу дыялёгу, як падчас сустрэчы Лукашэнкі зь Сікорскім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG