Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня дэлегацыя Эўрапарлямэнту правяла ў Менску сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтравыбаркаму і прадстаўнікамі шэрагу няўрадавых арганізацый і нацыянальных меншасьцяў.

Эўрадэпутатаў у Цэнтравыбаркаме цікавіла, якія зьмены ўнесены ў выбарчае заканадаўства, як яны спрыяюць актывізацыі мясцовай выбарчай кампаніі і як будуць прымяняцца падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

“Дэлегацыю цікавілі пытаньні фармаваньня выбарчых камісій. Наколькі зьмены, унесеныя ў выбарчае заканадаўства, актывізавалі дзейнасьць палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў па вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Якім чынам гэта паўплывала на працэдуру вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту цікавілі пытаньні забесьпячэньня роўнага доступу да мэдыяў, магчымасьці правядзеньня сустрэчаў з выбарцамі, выкарыстаньне фінансавых сродкаў. Кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Крыстыян Вігенін выказаў спадзяваньне, што такія сустрэчы будуць спрыяць вывучэньню рэальнай палітычнай карціны ў Беларусі, і ў выніку — збліжэньню Беларусі і Эўразьвязу”.

Каля трох гадзінаў працягвалася сустрэча дэлегацыі Эўрапарлямэнту з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, дэмакратычных прафсаюзаў і нацыянальных меншасьцяў. Неафіцыйны саюз палякаў прадстаўлялі Анджэй Пачобут і Тэрэса Собаль. Спадар Пачобут сказаў:

“Я распавёў, як пачаўся канфлікт, якія былі дзеяньні беларускіх уладаў да нашага грамадзкага аб’яднаньня. Для нас вельмі важна, што эўрапарлямэнтары зь першых вуснаў маглі даведацца пра сытуацыю. Гэта якраз тыя людзі, якія будуць рыхтаваць рэзалюцыю па Беларусі, і важна, што наш пункт гледжаньня яны пачулі”.

“Малады фронт” на сустрэчы прадстаўляла Тацяна Шапуцька. Яна сказала, што кожны з удзельнікаў сустрэчы зь беларускага боку мог выказацца.

“Менавіта на падставе ўсіх гэтых прамоваў будзе будавацца палітыка Эўразьвязу да “Эўранэсту” і будзе канкрэтна вызначана, хто будзе прадстаўляць Беларусь у гэтай структуры. Эўрапарлямэнтары былі вельмі зацікаўленыя. Было відаць, што іх клапоціць пытаньне далейшых беларуска-эўрапейскіх стасункаў і што зараз яны знаходзяцца ў разгубленасьці ў сувязі з парушэньнем усялякіх дамоваў з ЭЗ у зьвязку з канфліктам вакол Дома польскага. І яны спадзяюцца пасьля гэтых перамоваў заснаваць новую палітыку, тактыку дачынна Беларусі”.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч адзначыў, што ўсе сябры дэлегацыі даўно займаюцца беларускім пытаньнем і “правільна і адэкватна разумеюць сытуацыю ў Беларусі”. Чаго чакаць ад гэтага візыту?

“Эўрапарлямэнт павінен перайсьці да больш дакладнага прагаворваньня таго, што ёсьць дыялёг, які цяпер адбываецца зь Беларусьсю. Вельмі важна, каб было зразумела, чым мераецца вынік гэтага дыялёгу. І што ўлады Беларусі абавязаныя, калі яны далей жадаюць гэтага дыялёгу, прэфэрэнцыяў і паслабленьняў з боку ЭЗ, — яны павінны ня толькі катэгарычна, як мага хутчэй спыніць рэпрэсіі, якія пагоршыліся ў Беларусі за апошнія некалькі месяцаў, а яны павінны неадкладна распачаць працэдуру дэмакратызацыі краіны. Інакш гэты дыялёг сам сябе дыскрэдытуе і надалей не прынясе выніку”.

У складзе місіі, якая 25 лютага прыбыла ў Менск, — старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў “Эўранэсьце”, cацыяліст Крыстыян Вігенін (Баўгарыя); сацыяліст Юстас Палецкіс (Літва) — дакладчык па сытуацыі ў Беларусі ў міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту; сябра фракцыі лібэралаў, кіраўнік дэлегацыі па Беларусі Яцэк Пратасевіч (Польшча); і Хэйдзі Хаўтала (Фінляндыя), сябра партыі “зялёных” — яна ўзначальвае падкамісію па правах чалавека.

Прадстаўнікі дэлегацыі заявілі, што Эўрапарлямэнт не прызнае парлямэнт Беларусі. Таму сустрэчы з кіраўнікамі сталых камісіяў Савету рэспублікі — Нінай Мазай і Палаты прадстаўнікоў — Сяргеем Маскевічам адбыліся на нэўтральнай тэрыторыі, у Нацыянальнай бібліятэцы. Хаця ў Савеце рэспублікі ўсё ж разьлічвалі, што спадар Вігенін прыедзе да іх.

Сёньня ж місія сустрэнецца зь ляўрэатамі прэміі Сахарава, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам, прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў і грамадзкіх арганізацый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG