Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, ён на лыжах ішоў зь Менску аж да Кіева?”


Інаўгурацыя новага прэзыдэнта Ўкраіны, забарона спажываньня піва ў грамадзкіх месцах, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

У Вярхоўнай Радзе адбылася ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі чацьвёртага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Паводле зьвестак з Кіева, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на інаўгурацыю спазьніўся. Камэнтар слухача:

Яцкевіч: «Добры дзень, паважаная „Свабода“! Вось усе гвалт паднялі, што прэзыдэнт спазьніўся на інаўгурацыю да свайго суседа. Дык як не спазьніцца? Можа, чалавек на лыжах ішоў зь Менску аж да Кіева?»

З 23 лютага ўступілі ў дзеяньне папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх падвышаны штраф за расьпіцьцё ў грамадзкіх месцах алькагольных напояў, у тым ліку і піва. Камэнтары слухачоў:

Спадарыня, Менск: «Вельмі станоўча тое, што будзе забаронена расьпіцьцё алькагольных напояў, асабліва каля пад’ездаў і ў сквэрах. Вельмі непрыемна назіраць, як раніцай у транспарце бачыш маладога чалавека, які з бутэлькай піва едзе або на працу, або на вучобу. Алькагалізм пачынаецца з бутэлькі піва, а потым ужо прывыкае да астатняй алькагольнай прадукцыі».

Спадар: «Я наконт таго, што нельга расьпіваць піва ні ў паветры, ні ў цягніку, ні на зямлі. Дык ёсьць такая мудрая прымаўка: дурны поп — дурная малітва. Людзі прыстасуюцца, адвяжуцца ад міліцыі. Наступае ўжо 37 год. Можа, ты й ня піў таго піва, а табе залічаць, што піў, і зьдзяруць штраф. Нашы кіраўнікі разумнейшыя ня сталі. Як было, так і ёсьць».

Спадар: «Выйшаў указ: піва на вуліцы піць забараніць. Як тады быць? А чаму няма прыстасаваных будынкаў нават на рынках? Некалі за Саюзам указы таксама былі, а людзі пілі. І чыноўнікі замест піва каньяк у Крамлі пілі. Гэтыя ўказы — як у казцы сказы».

Далей слухач задае пытаньне:

Андрэй, Салігорск: «Хацелася б вельмі ведаць, якая ў нас колькасьць міліцыянтаў у Беларусі. Вось я чуў па тэлевізіі, што Мядзьведзеў абвясьціў пра скарачэньне 50 адсоткаў кіраўніцтва, у тым ліку і генэралітэту. А колькі ж мы кормім гэтых дармаедаў на сёньняшні дзень? Я папрашу вас адказаць мне на гэтае пытаньне: колькі ў нас на сёньняшні дзень налічваецца міліцыі і спэцслужбаў, якія мы кормім, у адносінах да войска?»

Адказвае былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітык Сяргей Скрабец:

«Па-першае, гэтага ніхто ня ведае. Нават дэпутаты ня мелі доступу да такой сакрэтнай інфармацыі. Але вядома, што войска ў нас 50 тысяч, а міліцыі 100 тысяч».

Працягваем праграму віншаваньнем на адрас Рыгора Барадуліна, які днямі адзначыў 75-гадовы юбілей:

Спадарыня: «Наша сям’я хоча павіншаваць з днём народзінаў і пажадаць хутчэйшага выздараўленьня старэйшыну, мудрацу нашай зямлі Барадуліну Рыгору Іванавічу».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG