Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Саньнікава выклікаюць на допыт у міліцыю


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Лідэра грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Саньнікава выклікаюць у міліцыю на допыт у Партызанскі райадзел міліцыі Менску нібыта ў межах крымінальнай справы аб паклёпе, якая заведзеная ў Гомельскай вобласьці.

Пра гэта былому намесьніку міністра замежных спраў Андрэю Саньнікаву паведаміў сьледчы Аляксандар Пазьняк 26 лютага. Міліцыянт прыйшоў у кватэру, дзе жыве Андрэй Саньнікаў, і паспрабаваў правесьці допыт там, але Андрэй Саньнікаў адмовіўся. Паводле Андрэя Саньнікава, у міліцыі лічаць, што ён нібыта ёсьць каардынатарам сайту «Хартыя-97».

«Мне толькі вядома, што гэта справа пра паклёп і яна заведзеная ў Гомельскай вобласьці. У якой якасьці я нібыта датычны да яе, сьледчы не патлумачыў», — паведаміў Андрэй Саньнікаў.

На мінулым тыдні, 17 лютага, допыт і ператрус у межах крымінальнай справы аб паклёпе, якая заведзеная ў Гомельскай вобласьці, праходзілі ў рэдакцыі газэты «Народная воля». Тады была дапытаная намесьнік рэдактара газэты Марына Коктыш, таксама сьледчыя забралі для вывучэньня сыстэмны блёк яе працоўнага кампутара. «Мне сказалі, што гэтая справа тычыцца вядомай «паляўнічай справы», — паведаміла Марына Коктыш.

«Паляўнічая справа» — справа 4 адказных супрацоўнікаў міліцыі Гомельскай вобласьці і МУС, якія нібыта арганізавалі незаконнае паляваньне ды чынілі незаконны ціск на супрацоўнікаў КДБ. Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі па гэтай справе былых міліцыянтаў Ермакова, Мінянкова і Баранава, а міліцыянта Малаева амніставаў. Раней адзін з адказных супрацоўнікаў КДБ па Гомельскай вобласьці падаў пазоў на сваякоў абвінавачаных, якія нібыта ўзьвялі на яго паклёп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG