Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: чаму не давяраюць дэпутатам


Вылучэнцы ў кандыдаты на дэпутацтва ў мясцовых саветах працягваюць зьбіраць подпісы выбарцаў у сваю падтрымку. І ужо на гэтым этапе выбарчай кампаніі многія актывісты сутыкаюцца з перашкодамі з боку ўлады.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Ініцыятыўнай групе Івана Крука ўсё ж дазволілі зьбіраць подпісы


Іван Крук
Астравецкая акруговая выбарчая камісія двойчы адмаўляла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Івана Крука. Але палітык усё ж здолеў абараніць справядлівасьць.

Сёньня Гарадзенская абласная тэрытарыяльная камісія на загад Цэнтральнай выбарчай камісіі, куды скардзіўся Іван Крук, выдала пасьведчаньні на кожнага сябра яго ініцыятыўнай групы. І ўжо сёньня Іван Крук пайшоў разам зь імі зьбіраць подпісы.

На збор подпісаў у яго ёсьць толькі два тыдні. Але ён не сумняваецца, што неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Астравецкага райсавету і Гарадзенскага аблсавету подпісы атрымае. Праўда, апасаецца, што на гэтым улады не перастануць чыніць яму перашкоды:

Самае крыўднае, што чыноўнікі зноў будуць запалохваць людзей.
«Перакананы, што подпісы ў маю падтрымку будуць спраўджваць усе і дасканальна. Але самае крыўднае, што яны ізноў пачнуць запалохаць людзей, каб тыя адклікалі свае подпісы. Мяркую, чыноўнікі на ўсё пойдуць...»

Нагадаю, раней Астравецкая акруговая камісія заяўляла, што Іван Крук парушыў артыкул 65 Выбарчага кодэксу, бо трое заяўленых сябраў ініцыятыўнай групы адклікалі свае заявы. Між тым у размове зь людзьмі Іван Крук высьветліў, што іх запалохалі супрацоўнікі райвыканкаму.

«Яны ведаюць, як да мяне ставяцца людзі ў раёне і таму задзейнічалі ўсе сілы і мэтады, каб не зарэгістраваць маю ініцыятыўную групу. Страшылі людзей, але ў іх нічога не атрымалася».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Жыхары вуліцы Будаўнікоў крыўдуюць на дэпутатаў


Аляксей Паўлоўскі
Сёньня наш магілёўскі карэспандэнт быў сьведкам збору подпісаў у падтрымку актывіста незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага.

Паўлоўскі сам зьбірае подпісы на вуліцы Будаўнікоў. Тут ён са сваёй сям’ёй жыве больш за дваццаць гадоў. Тутэйшыя праблемы добра ведае. Іх абяцае вырашыць кожны з кандыдатаў у дэпутаты. Пра неабходнасьць іх вырашэньня гаворыць ня першую ўжо выбарчую кампанію і сам Паўлоўскі:

«Вуліца Будаўнікоў — у страшным стане. Разьбітыя дарогі, не рамантаваныя дамы. Дэпутаты, якіх улада прызначыла, за ўвесь тэрмін не паведамілі ў мясцовай газэце, ці вядуць яны прыём, дзе й па якіх пытаньнях. Ніхто іх ня ведае. Мяркуюць, што я дэпутат, і ўсё зьвяртаюцца да мяне. Ёсьць розныя меркаваньні. Некаторыя кажуць, што ня верым у гэтыя выбары й ня пойдзем».

Усё тут кругом сыплецца і валіцца!
Актывіст зьбіраецца змагацца за дэпутацтва ў аблсавеце й гарсавеце. За два дні ён назьбіраў болей за 60 подпісаў. Сёньня за гадзіну — дзясятак. Адной зь першых у падпісным аркушы расьпісалася спадарыня Вольга. Яна спадзяецца, што Паўлоўскі дасьць рады праблемам вуліцы.

«Ямкі такія, што па калена мокры будзеш»
Выбары пачаліся, а на інфармацыйным стэндзе ні слова пра іх
Звыклы зімовы пэйзаж вуліцы Будаўнікоў
Дзіцячая пляцоўка ў адным з двароў вуліцы
«Усё сыплецца, усё валіцца ў дамах. Абяцалі капітальны рамонт. Цяпер кажуць, што ў бліжэйшыя тры-чатыры гады грошай няма й ніхто нічога рабіць ня будзе. У ніводзін двор не заехаць. Прайсьці — дык ногі зламаць можна. Ямкі такія, што па калена мокры. Дзецям гуляць няма дзе. Паставілі адну забаву „Ракета“, зь якой дзеці падаюць, а бацькі за імі бегаюць і трымаюць».

Ня ўсе жыхары вуліцы гатовыя падтрымаць дэпутацкія амбіцыі апазыцыянэра Паўлоўскага.

«Я зусім іншага гарту чалавек. Мяне гадавалі ў дзіцячым доме пры савецкай уладзе. І вучыўся й працаваў я тады. Я людзей з гэтых партыяў не прызнаю», — тлумачыць сваю пазыцыю пэнсіянэр Пётар Сьцяпанавіч.

Пэнсіянэр Мікалай ня верыць у тое, што ў простага будаўніка ёсьць дэпутацкая будучыня:

«Ужо былі такія таварышы, якія не праходзілі. Хоць мы й намагаліся свае галасы аддаць, але... Што ён хоча гэтым даказаць, я ня ведаю».

Пасьля пяці хвілінаў роздуму, нягледзячы на сваю няўпэўненасьць, спадар Мікалай махае рукой і аддае свой подпіс Паўлоўскаму.


Антаніна Сямёнаўна на выбары ходзіць дысцыплінавана. Веры, аднак, дэпутацкім словам яна не дае і тлумачыць, чаму:

«У краму зайшоў ужо выбраны аднойчы кандыдат. І мы за яго галасавалі. Мы яго абступілі. Пытаньне ў нас было нейкае. Дык ён свайму акружэньню кажа: „Пайшлі хутчэй, а то пытаньнямі закідаюць“. А я тады й кажу яму: „Хіба можна так, мы за вас галасавалі, верым вам“, — а ён: „Прыходзьце на прыём“. Дык чаго ты зайшоў у краму? І ён нават не ўдзяліў нам троху ўвагі, дык што гэта за дэпутат — сьвіньня».

Антаніна Сямёнаўна подпіс паставіла дзякуючы журналісту, якому й паскардзілася.

На вуліцы Будаўнікоў і ў прылеглых да яе завулках жыве калі пяці тысяч жыхароў — гэта ў асноўным просты люд. Тут адна школа, дзе звычайна праходзяць выбары, тры дзіцячыя садкі. Забудаваны раён цаглянымі й панэльнымі пяціпавярховікамі. Да гарадзкога цэнтру адсюль хвілінаў дваццаць язды на маршрутцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG