Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 17 тысяч ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана ў Беларусі. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік кажа, што параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў скарацілася ў чатыры зь лішнім разы. Аднак сярод тых, каму не дазволілі рэгістраваць свае групы, даволі шмат прадстаўнікоў апазыцыі.

У інфармацыі Цэнтравыбаркаму адзначаецца — усяго ў выбаркамы паступіла 16903 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. 23 заяўнікам адмоўлена ў рэгістрацыі.

Аднак два заяўнікі, нягледзячы на адмовы, затым здолелі дамагчыся рэгістрацыі. Спачатку Гомельская абласная выбарчая камісія задаволіла скаргу патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Калінкавіцкага раённага Савету — Тамары Зайцавай, актывісткі незарэгістраванай пакуль партыі БХД.

Раённая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, спаслаўшыся на тое, што спадарыня Зайцава памылілася пры афармленьні дакумэнтаў. Жанчына правільна напісала назву сваёй выбарчай акругі — Сасноўская, але недакладна напісала яе нумар. Абласная камісія адмяніла рашэньне раённай аб нерэгістрацыі Тамары Зайцавай.

Затым Гарадзенская абласная камісія палічыла, што Астравецкая акруговая камісія перадузята паставілася да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сябры АГП Івана Крука. Акруговая камісія двойчы адмаўляла яму. Афіцыйна актывіста вінавацяць, што нібыта пры фармаваньні ініцыятыўнай групы ён “парушыў прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах”. Аднак Іван Крук высьветліў, што ягоных сябраў запалохалі супрацоўнікі райвыканкаму — абяцалі ўнесьці ў так званыя “чорныя сьпісы”. І толькі ўмяшаньне вышэйшай інстанцыі дапамагло зарэгістраваць ініцыятыўную групу.

Аднак ня ўсім так пашанцавала. Прыкладам, Гомельская абласная камісія не задаволіла скаргу актывіста руху “За свабоду” Пятра Кузьняцова. Спадар Кузьняцоў уключыў у сваю ініцыятыўную групу больш за 10 чалавек. А як патлумачылі “Свабодзе” ў Цэнтравыбаркаме, на мясцовых выбарах у склад ініцыятыўнай групы павінны ўваходзіць толькі ад 3 да 10 асобаў.

Ад партыі БХД не зарэгістравалі ініцыятыўную групу студэнта Эрнэста Руіза. У вылучэнцаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі спачатку было тры адмовы, пасьля рэгістрацыі прыхільнікаў Івана Крука засталося дзьве. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што цяпер разглядаецца магчымасьць вылучыць гэтых асоб ад партыі:


“Ёсьць мажлівасьць. Але яна абмежаваная. Было расьпіярана, што можна ад партыі вылучаць кандыдатаў незалежна ад таго, ці ёсьць у рэгіёнах зарэгістраваныя партыйныя суполкі, ці няма. Насамрэч мы можам выправіць сытуацыю, толькі калі накіруем сваіх кандыдатаў у абласныя саветы. А калі хочам вылучаць у гарадзкія і раённыя саветы, то ўсё застаецца па-ранейшаму. Было расьпіярана шмат, а насамрэч гэта аказалася лухтой”.

Магілёўская кааліцыя “За правядзеньне мясцовых выбараў” зарэгістравала каля дзясятка фактаў ціску на сяброў ініцыятыўных групаў у рэгіёне:

“Такі ціск чыніцца на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, на прадпрыемствах або вучацца ў навучальных установах. Таксама ціснуць і на прадпрымальнікаў, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у выбарах”, — зазначае каардынатар кааліцыі Юры Новікаў.

У рэгіёне заяўляюць пра намер удзельнічаць у выбарах каля васьмідзесяці апазыцыянэраў. У складзе ініцыятыўных групаў задзейнічаныя каля 600 чалавек.

Мікалай Лазавік так тлумачыць значнае зьмяншэньне колькасьці адмоў у рэгістрацыі параўнальна зь мінулымі рэгіянальнымі выбарамі:

“На мой погляд, гэта найперш зьвязана зь лібэралізацыяй выбарчага заканадаўства. Раней грамадзянін, які падаў заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, ужо ня меў права ўносіць у яе ніякіх паправак. Цяпер жа да той пары, пакуль камісія не прыняла рашэньня, грамадзянін мог уносіць папраўкі і зьмяненьні. І таму цяпер акруговая альбо тэрытарыяльная камісія ўжо ня мела падстаў, каб адмовіць у рэгістрацыі. Значыць, заканадаўства дапамагло вялікай колькасьці прэтэндэнтаў зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы”.

Як толькі патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат атрымлівае адпаведныя дакумэнты, ягоная група можа пачынаць зьбіраць подпісы. Прэтэндэнт на месца ў абласны савет мусіць сабраць 150 подпісаў, у раённы і гарадзкі — 75, у пасялковы і сельскі — 20 подпісаў. Менавіта гэтым і займаюцца цяпер патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты.

А новы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў у склад участковых камісіяў. Згодна з каляндарным плянам правядзеньня выбараў апошняя магчымасьць зрабіць гэта прыпадае на 7-га сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG