Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольныя мастакі й працоўныя калектывы


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

Некалькі месяцаў назад мяне як незалежнага вылучылі кандыдатам на пасаду губэрнатара вялікага штату Нью-Ёрк. Дзьве асноўныя партыі выставілі кандыдатуры містэра Джона Т. Сміта і містэра Блэнка Дж. Бланка, аднак я ўсьведамляў, што ў мяне ёсьць важная перавага перад гэтымі спадарамі, а менавіта: незаплямленая рэпутацыя.


М. Твэн. Як мяне выбіралі ў губэрнатары


Сумна як, спадарства! Выбары паволі разгортваюцца, а ніякіх выкрыцьцяў — ні ў прэсе ўсіх колераў, ні ў інтэрнэце, які і мухі не прапусьціць. Ні скандалаў, ні вынаходлівага паклёпу — хто ж заўважыць такую падзею? Зірнуць няма на што.


Неяк складаецца на постсавецкай прасторы звычай, што ў працэс выбараў залучаецца толькі адзін які-небудзь орган або пачуцьцё. Усе маюць на памяці заклік галасаваць «сэрцам». Krasotaeu, разьлічваючы, мабыць, на бясспрэчныя прыродныя дадзеныя, прапаноўвае «выбіраць па вачах» і, відавочна, вачыма. Пры гэтым у забесьпячэньні свайго бліц-крыгу элемэнтамі навочнай агітацыі мае посьпех пакуль толькі lipkovich, але гэта кандыдат адмысловы — ён паўсюль мае посьпех ціхім людзям на зайздрасьць. У цэлым жа, як заўважае liashkou-a, выбары сапраўды «нябачныя»:


Пакуль аніякіх прыкметаў выбараў на добрускіх вуліцах не пабачыць. Няма ні транспарантаў, ні плякатаў, нічога.


Сьвята не атрымліваецца... Хаця часам, наадварот, нешта можна краёчкам вока ўгледзець, але ва ўрачыстым маўчаньні. Так, nosov-s66 апавяшчае пра падзею: «Партыя зялёных на выбары ў мясцовыя саветы ідзе. У клюбе «Арыён» фатаграфіяй хлопца, які эмацыйна жэстыкулюе, на фоне мазаікі з тэлевізійных экранаў. Пра што ён кажа — таямніца; што на экранах — не разабраць. Нават publisher, якога спасьцігла выпадковая ўдача патрапіць на перадвыбарную прэзэнтацыю «зялёных», выказваецца імгліста: «Кандыдаты былі ляканічныя, каб не псаваць паці, а вось лекцыя пра зялёную будучыню сарвала працяглыя захопленыя рэакцыі залі». Пявучыя модныя ды-джэі, аголеная дзявоцкая натура — усё гэта спрыяе інтуітыўнаму разуменьню ідэй барацьбітоў за лепшы, натуральнейшы сьвет, таму publisher выйшаў з будынка клюбу бяз слоў, а толькі з выявамі ў душы і ў відэакамэры. Праўда, нават візуальныя матэрыялы, як ён кажа, не гарантуюць глыбіні зразуменьня перадвыбарнай праграмы высунутых на зялёным шляху кандыдатаў: «...больш зразумела сапраўды ня стане, і ня трэба глядзець гэтае відэа...»


Загадкі памнажаюцца, ператвараючыся цягам выбарчага працэсу ў кааны. Лева-апазыцыйны блогер markcist з радасным зьдзіўленьнем дзеліцца навіной: «Выбары ўпершыню праводзяцца па новых правілах. Ёсьць сякія-такія бачныя зьмены. Напрыклад, упершыню выбаркамы ледзь-ледзь разрэджаныя прадстаўнікамі апазыцыі». Але тут жа тлумачыць, што гэтыя «бачныя» зьмены нэўтралізаваныя традыцыйна «нябачнымі» мэтадамі дасягненьня патрэбнага прадказальнага выніку.


«Хутчэй за ўсё, высунуць каго-небудзь ад працоўнага калектыву, каб адцягнуць (або зрабіць выгляд, што адцягнулі) частку галасоў нашых завадчан. Але ў любым выпадку перамагчы амаль немагчыма: галасы бо будуць падлічваць стаўленікі ўлады безь якога-колечы кантролю. Нават назіральнікі, як і перш, не дапушчаюцца для кантролю за падлікам галасоў».


Працоўныя калектывы — сапраўды загадка цяперашніх выбараў. Што гэта за таямнічыя групы людзей? Любы калектыў, што працуе на абмежаванай плотам тэрыторыі? Як у іхным занятым і заклапочаным асяродзьдзі можа заквітнець і высьпець духмяны плён дэмакратыі — кандыдат у дэпутаты? А калі яны робяць гэта ня самі, а зь іх асяродзьдзя выдзіраюць самых адданых вышэйстаячаму начальству асоб, то ў чым рацыя калектыву за гэтага (часьцей за ўсё) стукача, даносчыка і падлізьніка люта галасаваць?


Праілюстраваў момант тонкага паліттэхналягічнага працэсу kauboj. Фрагмэнт дыялёгу («практычна без купюр... на мове арыгіналу») паміж прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы і насьцярожаным электаратам:


«- ...чаго гэта ваш кандыдат весь ізь себя такі дзяржаўны-праўладны кіраўнік сярэдняга зьвяна ад трудавова калектыва сваяго роднага не вылучаецца? пашто дарма электарат у сьвяты вечар дня беларускай краёвай абароны ад стала ды алімпіяды адрываеце? чаму не ад трудавова калектыва? — дык ён і ідзе ад трудавова калектыву. мы вось і ёсьць ягоны трудавой калектыў


занавес».


Лягічна. Хто не працуе, той не высоўвае. Але хто ацэніць цяжкую, няўдзячную працу самога высоўваньня, пасоўваньня і ўзьвядзеньня кандыдатаў на невысокі пасад мясцовых органаў улады! Праца гэтая падобная да мастацтва ювэліра або гадзіншчыка, а глядзяць на яе як на рамяство шаўца. А дзе вы бачылі «шаўцоў» з такімі чыстымі рукамі, як у нас?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG