Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Толькі мая Алімпіяда. Генадзь Грышын


Аляксей Грышын

Аляксей Грышын

Пад фініш Алімпійскі гульняў у Ванкувэры Беларусь адзначылася адразу двума рэкордамі. Па-першае, дзякуючы высілкам фрыстайліста Аляксея Грышына скарбонка нацыянальнай зборнай упершыню ў гісторыі выступаў асобнай камандай папоўнілася залатым мэдалём. Па-другое, адкарэктаваныя ранейшыя дасягненьні па колькасьці здабытых узнагародаў падчас зімовых Алімпіядаў – тры мэдалі з галоўных стартаў чатырохгодзьдзя беларусы не прывозілі яшчэ ніколі.

Бацькам залатога прызэра Ванкувэру Аляксея Грышына сёньня ў літаральным сэнсе не да сну. А пятай раніцы яны ўсьвядомілі, што спрычыніліся да гістарычнай перамогі сына, астатні ж час вымушаныя прысьвяціць прыняцьцю шматлікіх віншаваньняў. Генадзь Генадзевіч Грышын, бацька Аляксея, дагэтуль ня можа да канца паверыць, што пасьля бронзы 2002 году ў Солт-Лэйк Сыці ягоны сын дадаў узнагароду найвышэйшай вартасьці. Зрэшты, ня могуць уцяміць важнасьць моманту і тыя, хто ад раніцы яму бясконца тэлефануюць, не даючы адпачыць:

“Але гэта прыемныя клопаты, скажу вам… Увогуле ж дзень у мяне пачаўся ў літаральным сэнсе з ночы. У 3.55 спаборніцтвы пачаліся, дык вось ад таго часу дзень цягнецца. І пакуль не заканчваецца. Не магу ні на працу зьезьдзіць, ні іншыя справы рабіць. Дый увогуле не магу з дому выйсьці”.

Карэспандэнт: “На працы ўсё ж з разуменьнем паставіліся да вашай “праблемы”?

“Так, канечне. Прынамсі спадзяюся, што з разуменьнем, таму ўсё павінна быць нармальна”.

Карэспандэнт: “Глядзелі спаборніцтвы вялікай кампаніяй?”

“Ды не, неяк усе паасобку. Дзеці – два сыны – сачылі ў сябе дома, жонка Аляксея глядзела ў сябе, а мы з жонкай – у сваёй кватэры. Пры гэтым пастаянна падтрымлівалі тэлефонную сувязь. Ён адразу ж нас набраў, паведаміў. Спачатку я яму скінуў смс-паведамленьне, бо набіраў, але ён не адказваў – адразу павялі на допінг-кантроль. А потым ужо ён затэлефанаваў, сказаў, што едзе ў Алімпійскую вёску. Там прэс-канфэрэнцыя, а потым нарэшце ўжо спаць. Але сказаў, што яшчэ толкам сам не асэнсаваў таго, што адбылося. Вось прыкладная такая размова”.

Карэспандэнт: “А Вы хоць самі асэнсавалі, што залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі ўпісаны і сам Аляксей, і ягоная сям’я? Першае ж золата!”

“Ну гэта можа занадта гучна. Ён, канечне, так, а сям’я тут -- з боку прыпёку. Гэта ведаеце, як у старой казцы: калі муха сядзела на рагах у вала, а вол араў пашу. Калі вол вярнуўся ў хлеў, муха звалілася і залямантавала: ой стамілася, бо нааралася. Таму я зусім не хачу далучацца да яго славы. Гэта цалкам ягоная слава. Але я, канечне, з гонарам за яго. Ганаруся, што гэта мой сын, што я прыняў удзел у яго выхаваньні – усё гэта так”.

Карэспандэнт: “Адпачатку спадзяваліся на мэдаль Аляксея?”

“Натуральна. І я спадзяваўся ня толькі тады, калі глядзеў, а разьлічваў яшчэ тады, калі ён на Алімпіяду паехаў. А калі на папярэднім этапе ён пасьпяхова адпрацаваў кваліфікацыю, і я ўбачыў, што ён скокнуў блянш-вінт-вінт, я зразумеў, што Аляксей увойдзе ў фінал. А калі ў фінал трапіць, то мэдаль павінен быць. Мая вартасьць, шчыра скажу, вызначалася можа і ня золатам, хоць сам ён перад ад’ездам наўпрост сказаў: меней чым на золата я не разьлічваю”.

Карэспандэнт: “Тым больш, навошта яму іншае? Алімпійская бронза ўжо ёсьць”.

“Так, бронза сапраўды ўжо ёсьць…”

Дзякуючы золату Аляксея Грышына, зборная Беларусі ўзьнялася на 15-ю пазыцыю ў мэдалёвым заліку. А сёньня беларускія біятляністы маюць апошні шанец зачапіцца за ўзнагароды ў эстафэтнай гонцы.
XS
SM
MD
LG