Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зарэгіструюць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс?


Зьявілася магчымасьць стварэньня групы беларускіх і польскіх экспэртаў, каб урэгуляваць пытаньне з польскай меншасьцю ў Беларусі.

Пра гэта вусна дамовіліся міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі з прэзыдэнтам А.Лукашэнкам, сустрэўшыся ў Кіеве. Больш канкрэтна польскі бок непакоіць перасьлед беларускімі ўладамі незарэгістраванага Саюзу палякаў на чале з А.Борыс. Якімі могуць быць вынікі гэтай дамоўленасьці?

Я паспрабаваў высьветліць: як ацэньваюць пэрспэктыву стварэньня беларуска-польскай групы экспэртаў у праўладным Саюзе палякаў? Пагатоў у варшаўскай прэсе зьявіліся зьвесткі, што польскі бок мае прапанаваць падзяліць Дамы польскія напалам паміж Саюзамі палякаў Сямашкі і Борыс, а такіх дамоў у Беларусі шаснаццаць. Аднак Алена Богдан з афіцыйнага СПБ адказала:

“Праз тэлефон ніякіх камэнтароў не даю ніколі. А наконт Дамоў польскіх — з такой прапановай ніхто на нас не выходзіў…”

У Саюзе палякаў на чале з Анжалікай Борыс успрымаюць весткі наконт магчымага стварэньня групы беларускіх і польскіх экспэртаў з пэўнай надзеяй. Намесьнік А.Борыс Мечыслаў Яскевіч кажа ў сувязі з гэтым:

“Што датычыць надзеі, то мы пяць гадоў неаднойчы зьвярталіся да ўлады—старшыня Анжаліка Борыс і кіраўніцтва Саюзу палякаў — і ў апошні раз каля пяці тысяч подпісаў сабралі за рэгістрацыю нашай арганізацыі. Надзея заўсёды ёсьць, яна, як кажуць, памірае апошняй”.

На Гарадзеншчыне існуе Таварыства польскай культуры Лідчыны, якое не належыць да Саюзаў палякаў — ні Сямашкі, ні Борыс. Яго кіраўнік Аляксандар Колышка так ацэньвае заяву пра стварэньне групы беларускіх і польскіх экспэртаў:

“Вельмі цяжка казаць. Пакуль не было ніякіх зрухаў, ніякіх чынаў. Пакуль былі толькі дэклярацыі, а ці будуць пасьля іх нейкія дзеяньні — паглядзім. Я так разумею: калі Саюз палякаў Борыс будзе хацець, каб рэгістравацца, яго трэба рэгістраваць. Я за тое, каб было як мага больш арганізацый, каб яны паміж сабой канкуравалі. Канечне, пажадана, каб яны паміж сабой ня грызьліся”.

Спадар Колышка, аднак, за тое, каб кампраміс быў нарэшце знойдзены:

“Яшчэ зарана, але давайце будзем добрай думкі. Я з натуры аптыміст, таму заўжды спадзяюся, што нейкае пазытыўнае рашэньне будзе знойдзена. Таму што гэта праблема і для Беларусі, і для Польшчы. Я маю такую надзею, што і беларускі бок, і польскі бок зацікаўленыя ў вырашэньні гэтай праблемы. Самае галоўнае, што ёсьць дыялёг, і калі будзе ён, а не маналёг, маю надзею, што справа будзе вырашаная”.
XS
SM
MD
LG