Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў сталічным клюбе “Рэактар” адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому магілёўскага рок-гурту “MAUZER” “Порна”. Гэта каманда называе сябе самай скандальнай у Беларусі.


Гурт быў створаны ў 2003 годзе ў Магілёве і спачатку называўся “Таварыш MAUZER”. У 2005 годзе MAUZER стаў пераможцам рок-фэстывалю "Басовішча", ляўрэатам “Рок-кола. СМІ называюць групу "новымі героямі беларускага року", "лідэрамі новай хвалі беларускай музыкі". MAUZER пацьвярджае гэта і атрымлівае "Рок-карону”.

У верасьні 2006 года MAUZER атрымлівае запрашэньне выступіць на "Джынсавым фэсьце" ў сталіцы. Але перад пачаткам выступу каманды ўлады выключаюць электрычнасьць. Лідэр групы Ян бярэ мэгафон і пачынае чытаць першы куплет песьні "Беларусь будзе вольнай". Песьні "Брудная вада", "Беларусь будзе вольнай", "Калыханка" сталі шматразовымі пераможцамі гіт-параду "Тузін Гітоў".

Карэспандэнтка: “Спадар Ян, ваш новы альбом называецца “Порна”. Папярэдні быў “Радасьць”, а вось зараз – “Порна”. Ці не было ў вас праблем з выданьнем альбому, зь яго прэзэнтацыяй?

Ян Маўзэр: “Не, праблем ні з выданьнем, ні з прэзэнтацыяй не было. Мы даўно плянавалі выдавацца на “БМА-records” у нашага прыяцеля Віталя Супрановіча. І гэта пасьпяхова зрабілі. І прэзэнтацыя плянуецца ў менскім “Рэактары”. Наколькі я ведаю, квіткі раскупаліся добра, таму ўсё павінна быць клёва!”

Карэспандэнтка: “А чаму такі назоў альбома --“Порна”?

Маўзэр: “Мы думалі доўга, як назваць альбом. Гэта слова сустракаецца ў песьні “Я люблю боль”. Яна як бы галоўная песьня альбома, не скажу, што мая самая любімая, проста галоўная. І “Порна” – у тым сэнсе, што мы былі маленькія і чыстыя, а вырасьлі вялікія і брудныя”.

Карэспандэнтка: “Ці сутыкаліся вы калі-небудзь з цэнзурай? І наагул, як вы ставіцеся да забаронаў? Вось зараз адбываюцца спробы забароны канцэрту Rammstein?”

Маўзэр: “У думаю, што гэта штучна і глупавата – спрабаваць забараніць Rammstein. Яны – як блюзьнеры, як шуты выступаюць. Такое часта робіцца ў рок-музыцы. Яны як Эліс Купэр. Ён жа ня кепскі чалавек, ён жа не вар’ят і не маньяк. Гэта такі мастацкі вобраз, каб паказаць адмоўныя бакі жыцьця. Тым жа самым займаецца і Rammstein. У некаторай ступені тым жа самым і мы займаемся. А калі спадар Чаргінец прапаноўваў зрабіць папярэдні прагон канцэрта, каб ацаніць, наколькі яны могуць выступаць у Беларусі – мне гэта падаецца сьмешным. Мы парагаталі разам зь ініцыятывы Чаргінца. Гэта як павінна выглядаць? Прыяжджае гурт Rammstein, выступае перад камісіяй па маральнасьці... Калі спадабаліся – добра, канцэрт адбудзецца. Калі не – верагодна, Rammstein павінен папрасіць прабачэньня, сабраць апаратуру, раздаць грошы за прададзеныя квіткі і паехаць далей? Гэта ўсё выглядае сьмешна і па-савецку. Але дзе мы жывем?..”

Карэспандэнтка: “На вашым сайце такі падзагаловачак стаіць: “Гісторыя самай скандальнай каманды Беларусі”. Чаму вы самі сябе называеце “скандальнай камандай”?

Маўзэр: “Дык трэба глядзець праўдзе ў вочы, правільна? Калі так па факце атрымліваецца, значыць, так і ёсьць. Проста часам мы паводзім сябе прынцыпова, а прынцыповасьць людзям рэдка падабаецца. Таму атрымліваецца скандал”.

Карэспандэнтка: “Ці не перашкаджае вам тое, што вы – не сталічная каманда, а магілёўская?”

Маўзэр: “Па-мойму, у Беларусі паўсюль адсутнічае шоў-бізнэс: што ў сталіцы, што ў Магілёве. Да таго ж, ад Магілёву да Менску 200 кілямэтраў. Гэта не адлегласьць”.

Карэспандэнтка: А што пасьля “Порна”? Ёсьць нейкія задумы, ёсьць мары?”

Маўзэр: “Безумоўна, у нас ёсьць ужо напісаныя песьні на наступны альбом, мы ведаем, што мы будзем рабіць. Іншая справа, што, безумоўна, не скажу, паколькі калі пра пляны распавядаеш, яны звычайна не збываюцца”.
XS
SM
MD
LG