Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У «Доме літаратара» Сяргей Панізьнік і Віталь Рыжкоў


Сяргей Панізьнік

Сяргей Панізьнік

КНІГАГЛЯД

СЯРГЕЙ ПАНІЗЬНІК: «БЕЛАРУСКАЯ ЛІТВАНІЯНА — НЕАБДЫМНАЯ»


Пры падтрымцы амбасады Літвы ў Беларусі і Міжнароднай асацыяцый беларусістаў выйшла ў сьвет літаратурная анталёгія «Тысяча гадоў добраму суседзтву». У ёй прадстаўленыя 136 аўтараў з абедзьвюх краінаў, сярод якіх Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Марцэліюс Марцінайціс, Сігітас Гяда, Альфонсас Малдоніс... З укладальнікам кнігі Сяргеем Панізьнікам пагутарыў Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Спадар Сяргей, кніга „Тысяча гадоў добраму суседзтву“ мае падзагаловак: беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыцьцё. Як у анталёгіі адлюстраваныя найперш нашыя літаратурныя ўзаемаадносіны з літоўцамі?»

Сяргей Панізьнік: «Я хацеў назваць гэтую анталёгію „Сонечны прамень“ — паводле верша Максіма Танка, але ўрэшце выдаўцы спыніліся на такой доўгай назьве. За апошнія паўстагодзьдзя ў беларускай літаратуры сабралася дужа многа твораў, прысьвечаных Вільні, Літве. Беларуская Літваніяна такая агромністая, што ня ўмесьціцца ні ў якую анталёгію. Гэта — як веснавы ледаход! Столькі многа нашай прысутнасьці ў гэтай Літваніяне, што нават 500-старонкавая кніга — гэта толькі маленечкая частачка, якую можна паказаць сьвету. У анталёгію ўвайшлі творы, пачынаючы з летапісаў: „Летапіс вялікіх князёў літоўскіх“ падрыхтаваў Вячаслаў Чамярыцкі далей ідуць дагаворныя граматы, і — больш за сотню беларускіх паэтаў і празаікаў. У разьдзеле „Акорды хараства“ прадстаўленыя літоўскія паэты ў беларускіх перакладах Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна ды інш.»

Скобла: «Добрая траціна вершаў беларускіх паэтаў, сабраных у вашай анталёгіі, прысьвечаныя Вільні. Магчыма, гэты горад у беларускай літаратуры зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці прысьвечаных яму вершаў, эсэ, апавяданьняў... Літоўцы пра сваю сталіцу столькі ня пішуць, колькі беларусы. Чым вы патлумачыце гэты віленскі фэномэн?»

Панізьнік: «Фэномэн гэты мае пад сабою тысячагадовую фальклёрную традыцыю. Калісьці я запісаў у сваім Мёрскім раёне такую прымаўку: «Пайшла тая слава ў Вільню і Варшаву». Ад фальклёру да Вільні такая асаблівая цеплыня. Яшчэ адзін прыклад прыгадаю, пачуты ад мамы. Недзе яшчэ да вайны суседзі пайшлі ў Вільню па справах, трое сутак трэба было туды дабірацца. Калі яны вярнуліся, усе зьдзіўляліся, як жа яны туды трапілі? А суседзі кажуць: «Мы правільна клаліся спаць — галавой да Вільні, і назаўтра ведалі, куды ісьці».

Скобла: «Дык амаль усе беларускія паэты час ад часу клаліся «галавой да Вільні».

Панізьнік: «Гэта так і ёсьць. Прыказкі падказвалі правільныя азымуты. Вільня — сьвятое места, намоленае места, сакральнае места для нас».

Скобла: «Алесь Разанаў пераклаў гэтак званыя „Баляды Кукуціса“ Марцэліюса Марцінайціса. І так, перакладаючы, увайшоў у вобраз героя жэмайцкага фальклёру, што некалькі балядаў напісаў сам. Што тут найбольш праявілася: разанаўскі талент да пераўвасабленьня ці падабенства нашых фальклёраў?»

Панізьнік: «Відаць, і тое, і тое мела месца. Гэта наша гістарычнае сужыцьцё. Вось я нарадзіўся на Дзісеншчыне і ад мамы і бабулі запісваў словы, якія тлумачылі мне або латыскія, або літоўскія слоўнікі. І я не лічу, што гэта ў нас запазычаньні, мы так гаварылі здаўна. Гэта і „рэзгіні“, і „сядзіба“, і „сярмяга“, і „андарак“, і „сябра“ („сэбрас“ у Дзукіі), і латыскае „куд лоска“ наша „калі ласка“). Тая мова, якая была дакніжнай, — гэта мова, фактычна, усяго Вялікага Княства Літоўскага. Так што Разанаў проста паказаў, якое наша моўнае і фальклёрнае спалучэньне, зьліцьцё».

Скобла: «У вашай анталёгіі прадстаўлена 110 беларускіх творцаў і 26 — літоўскіх. Прычым, беларускі паэты пішуць пра Літву гістарычную, а літоўскія — пра цяперашнюю. Заўважна адрознае ў нас зь літоўцамі ўяўленьне пра 1000-гадовую Літву».

Панізьнік: «Так, уяўленьне вельмі адрознае. Я літоўцаў ухваляю за тое, як яны сваім дзецям паказваюць як быццам сваю Літву. Але ж ёсьць яшчэ і наша Літва. Хацелася паказаць у гэтай кнізе і нашу Літву, і Літву нашых суседзяў, і нашу агульную, гістарычную Літву. Зразумела, пракраліся ў кнігу і недахопы. Скажам, у ёй сказана пра каранацыю Міндоўга, караля Літвы, але не напісана, дзе адбылася каранацыя. А яна ж адбылася ў нашым Наваградку. Тут ёсьць пэўная далікатнасьць, якую будзем прабачаць нашым суседзям».

Скобла: «Я ведаю, што ў вашых каталёгах фіксуецца ўсё пра ўсё. Думаю, што ўсе творы беларусаў пра Літву ў вас на ўліку. І таму я быў зьдзіўлены, калі не пабачыў у анталёгіі вядомы верш Алеся Салаўя пра Вострую Браму... Кнігу дапамагала выдаваць Літоўская амбасада. Ці не было зь яе боку спробаў падкарэктаваць беларусаў?»

Панізьнік: «У кнігу па незалежных ад складальніка прычынах ня трапілі творы Раісы Баравіковай, Сяргея Тарасава, Кастуся Тарасава, Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Дудзіцкага... Часам на датрымваньні паліткарэктнасьці настойваў навуковы рэдактар кнігі доктар Адам Мальдзіс. Быў погляд своеасаблівы і з боку нашых літоўскіх калегаў, таму пэўныя карэкцыі ўсё ж адбыліся».

АЎТАР І ТВОР

ВІТАЛЬ РЫЖКОЎ: «МНЕ НЕ ПАТРЭБНЫЯ ПІСЬМЕНЬНІЦКІЯ САЮЗЫ»


Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў — адзін з самых яркіх маладых беларускіх паэтаў. Ён перамагаў у розных літаратурных конкурсах яшчэ школьнікам. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю, але працуе мэнэджэрам нацыянальных кніжных праектаў. Пры гэтым сваёй кнігі дасюль ня мае, хоць яго творчасьць ужо вядомая ня толькі ў Беларусі. Сёньня Віталь Рыжкоў — госьць нашай менскай студыі, дзе зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадар Віталь, вы — паэт, які ўжо мае імя. А ці належыце вы да якога-небудзь творчага саюзу ці арганізацыі?»

Віталь Рыжкоў: «Выходзячы сёньня з дому, я абдумваў гэтае пытаньне, бо яно напярэдадні ў беларускай інтэрнэт-прасторы ўзьнялося зноў і даволі востра. Для мяне не паўстае пытаньня — уступаць ці не ўступаць у ПЭН, у саюз Чаргінца, у саюз Пашкевіча. Мне гэта проста не патрэбна, і баюся, што літаратуры — таксама».

Аксак: «Можа быць, такое рашэньне ў вас узьнікла ў зьвязку з тым, што ўлады разаслалі па ўстановах, дзе працуюць сябры перасьледаванага імі ж Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Пашкевіча ліст, каб іх адміністрацыя ўстановаў паставіла перад выбарам: альбо выхад з гэтага саюзу, альбо звальненьне з працы?»

Рыжкоў: «Па-першае, праца ў мяне такая, дзе, думаю, будзе толькі вітацца, што я зьяўляюся сябрам нейкага саюзу ці аб’яднаньня. Па-другое, мая думка наконт гэтага вельмі даўняя. Па-трэцяе, саюз Пашкевіча, ня ў крыўду яму будзе сказана, атрымаў ад гэтай сытуацыі зь перасьледам ягоных сяброў лёгкі піяр. Шмат людзей, даведаўшыся, што гэты саюз у вачах улады — дэструктыўны, захацелі ў яго ўступіць, і адначасова даведаліся, што я не магу даць ім рэкамэндацыі, бо не зьяўляюся яго сябрам».

Аксак: «Што вы наогул думаеце наконт гэтых жарсьцяў і супрацьстаяньня прыўладнага і незалежнага саюзаў пісьменьнікаў?»

Рыжкоў: «Я тут пагаджуся зь цьверджаньнем спадара Анатоля Сідарэвіча: адзінае, што пасьля нас усіх можа застацца, калі застанецца, — гэта тэксты. І гэта адзіны фактар, па якім можна меркаваць пра некага альбо судзіць каго-небудзь. Напрыканцы ў кожнага атрымаецца аднолькава: будзе ў яго тэкст ці ня будзе. І галоўнае — менавіта гэта».

Аксак: «Цяпер літаратура — гэта ня толькі тэкст, гэта яшчэ і шоў, асабліва паэзія. Вы ўдзельнічае ў шматлікіх публічных чытаньнях, названых слэмамі, якія вымагаюць ад аўтара яшчэ і відовішчнасьці. Ці не хаваецца, на вашу думку, спроба надаць нейкай тэатральнасьці свайму выступу сыходам ад таго, што вы і называеце тэкстам, ад самой літаратуры?»

Рыжкоў: «Я карыстаюся ўсімі сродкамі, каб данесьці да чытачоў тое, што я напісаў. У маіх пэрсанажаў бываюць гіпэрбалізаваныя словы, якія лягчэй успрымаюцца, калі іх падаць з большай эмоцыяй».

Аксак: «А кіданьне морквы ў слухачоў альбо здыманьне перад імі портак як дадае вартасьці тэкстам?»

Рыжкоў: «Асабіста я порткі на слэмах не здымаю. І ведаю, што ніхто ў нас, за рэдкім выключэньнем, якое пацьвярджае правіла, гэтым таксама не займаецца. Пабачыўшы слэмы ў розных краінах, я магу з усёй адказнасьцю сказаць, што на беларускія слэмы можна хадзіць, варта хадзіць, варта запрашаць знаёмых. Вы будзеце задаволеныя тым, як не лінейна там аўтары прадстаўляюць свае творы. Гэта не абражальнае відовішча, і не абражальнае найперш з боку публікі ў бок выступоўцаў, як, да прыкладу, бывае ва Ўкраіне».

Аксак: «Старэйшыя вашы калегі часам кажуць, што маладыя творцы ведаюць беларускую літаратуру, пачынаючы зь сябе ці са сваіх сяброў. Што вы скажаце на такія закіды?»

Рыжкоў: «Я скажу вельмі проста: варта памятаць, што маладыя літаратары разумеюць: старэйшымі пэўныя нішы ўжо занятыя. І мы ў пэўным сэнсе шукаем іншыя нішы, іншыя сродкі, іншыя мэтады, якія проста пашыраюць літаратуру. І старэйшыя, і маладыя рознымі сродкамі ўзьдзейнічаюць на розныя чытацкія аўдыторыі. Слэмы, звычайныя бібліятэчныя чытаньні, паэтычныя пэрформансы, паэтычныя публікацыі і паэтычныя выступы — усё гэта разам ахоплівае большую аўдыторыю. І я ня ведаю, адкуль узялося перакананьне, што маладыя літаратары ня ведаюць творчасьці папярэднікаў. Калі б мы гэтага ня ведалі, не чыталі, мы б не пісалі па-беларуску, не стваралі прадукт беларускай літаратуры. Нас нешта захапіла. Проста ў кожнага свой склад папярэднікаў».

Аксак: «А хто ці што захапіла вас?»

Рыжкоў: «Я зразумеў, што буду працаваць толькі на беларускую літаратуру, прачытаўшы ў свой час Алеся Разанава. Мяне захапілі як яго маладыя творы, так і тыя, што пісаліся пад канцэпцыі вэрсэтаў, вершаказаў, зномаў».


ВІТАЛЬ РЫЖКОЎ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ


У тэме вады плаваюць нават рыбы

чым болей бруду, тым болей буда —
разумеючы гэта, моцна сьціскаеш зубы.
пастарайся прынамсі ня даць дуба,
калі апынуўся у ролі зубра зь песьні пра зубра.

за тое, што сьверб шуканьня толькі расьце, ашуканы,
этэру больш не дадуць брэтэру.
калі зразумееш, што сам і трапіў ва ўсе капканы,
хай прарвуцца за кола ўсе тыя, у каго ты верыў.

бо калі жыцьцё па коле ўспрымаць як такое,
і калі пакінуць як ёсьць гэты вулей,
варта прыдумаць, як пазьбягаць таго, што непакоіць,
што раздражняе і што нэрвуе.

месца подлых, вядома, наводдаль,
ды заўсёды зарана ўздыхнуць з палёгкай -
бо калі законы жыцьця афармляюцца ў зводы,
досьвед пасьля гартаваньня робіцца толькі крохкі.

чым болей вады, тым вышэй карабель.
і ў любым выпадку — шырэй далягляд.
і калі ўсіх заела марская хвароба, толькі табе
застанецца крыкнуць «зямля!»



два скрыпачы

два скрыпачы праз поле ваенных дзеяньняў
з руінаў філярмоніі
ў ціхае «будзем»
бягуць

нарэшце адзін зь іх падае,
паранены,
другі вяртаецца,
узвальвае на плечы першага
і пачынае яго цягнуць

першы доўга трывае боль,
а пасьля пачынае трэнас:

сымон, бог з табой,
якога
хрэна?!

сымон,
твая каханая здраджвала табе са мной,
цяпер,
каб здрадзіць ізноў, вярнулася да цябе,
калі шчыра,
мяркуеш, ты — сапраўдны мужчына?

бо мужык даўно зь цябе выпарыўся, зьнік
у кірунку нябёсаў. урэшце рэшт,
ты няправільна трымаеш смык,
ты няправільна мяне нясеш!

мы маглі б быць з табой кім заўгодна, мы маглі б быць
зусім не музыкі, калі б ня гэты пракляты бліц-
крыг, распачаты імпэрыяй; мы не бярэм удзел у вайне -
і кааліцыі напляваць, як мне цяпер баліць

галоўнакамандуючы ня мае музычнага слыху, таму
як дэрыжэр ён ніякі, ён ніколі ня ўчуе вайну
усё супраць нас, сымоне, і нашы з табою шанцы -
нуль

сымон, кінь мяне проста тут дзеля нашых сыноў
я такі, ты ведаеш, здолею выкараскацца ізноў
ты слабак, сымон, таму ты мусіш бегчы адзін
і сына свайго абдымі і скажы, што ён мой сын

ты мамчын сынок,
сымон! -
чулася наўздагон



самае цікавае

самае цікавае пачынаецца потым: сьціхне адчуваньне болю
і нешта жаночае, сьціскаючае, незадаволенае, абцяжаранае табою
нарачэ цябе ідыётам, цяжкім, разьлегшымся тут пасярэдзіне поля бою,
і павалачэ, паўпрытомнага, праз усю гэту вайну, лаючыся на сябе, на сабе, за сабою

калі ты плануеш памерці, а не ваяваць, я табе вось што скажу, дарагі мой,
і кажа: — я не дазволю табе тут ляжаць, абцякаць крывёй і прыкідвацца чырвонай глінай
вось мой першы мужчына называў мяне сваёю адзінай, да таго як таксама кінуў,
а пасьля сышоў ад мяне ў нікуды, але не са сьмерцю — зь іншай б*ядзінай

другому свайму я нараджаць пабаялася (так пакрыўдзіў мяне той першы),
але быў ён харошы, інтэлігентны, друкаваў у раёнцы вершы,
ён казаў, што хоча са мной ажаніцца, чаго я сьмяюся, нясьмешна ж -
яго я прагнала сама, небараку. яго адшукалі праз тыдзень павешаным

страшна было — вось пасьля гэтага я, карацей, ледзьве не звар’яцела;
трэцім прыходзіць стаў да мяне той лётчык, зь ім я і заляцела,
ага, ну нічога, бывае — і ён настойваў, і самой ужо нарадзіць карцела,
і мы сталі ўдвох назіраць, як дзіця напаўняе маё маладое цела

але дзіця нарадзілася мёртвае. гэта мяне і зламала
лётчык казаў маўляў «яшчэ зьнясеш залатое яйка», лётчыка я прагнала
перапакутвала, пасумала, выплакала, мне падалося мала -
пераспала з адным, яшчэ з двума, з кім я пасьля толькі ня спала

я спала з вамі за кветкі, цукеркі, бытавую тэхніку, павешаную паліцу,
забіты цьвік, паходы ў кіно, добрае слова, сукенку, спадніцу,
я карыстала вас, каб расслабіцца, правесьці час, забыцца,
вам патрэбна так мала. Цяпер мне трыццаць.

я цягну цябе, ідыёта, у брудны ваенны шпіталь, у сымфонію болю,
дзе вы паміраеце так, нібыта перамагаць не патрэбна болей
ты вось, я бачу, умееш выслухаць і, паколькі ўжо не хапае коек,
я пакладу цябе ляжаць і загойвацца побач з сабою.

павер мне на слова: самае цікавае пачынаецца пасьля сьмерці
таму што жыцьцё члавека як рух не пазбаўленае інэрцыі
таму што жыцьцё як гук мае ўласную шкалу кілагерцаў
таму што сьмерць ня можа проста спыніцца як сэрца



Сьненьні падчас паляваньня

Казуля,
за якой я бягу і якую ніяк не ўпалюю,
нарадзілася дзень у дзень са мной,
і, пакуль я раблюся спрытнейшы,
яна старэе. Паляваць робіцца нецікава.

Але, абсыпаючы мёртвай сухой зямлёй,
яна ў чарговы раз ад мяне ўцякае.

Я чуў, што кажуць старэйшыя,
кажуць, мы зь ёй — адно (я думаю, гэта такая казка),
яна мяне ведае як сябе і менавіта таму пазьбягае пастак.

Мая ўпэўненасьць — першая ластаўка
перамогі над ёй. Пад вакном цэлы воз гэтых першых ластавак.

Казуля ўцякла ў правінцыю па суседзстве,
дзе на ўздых пазьней узыходзіць сонца.
Тут даволі забаўныя мясцовыя кляны:
яны варагуюць паміж сабою, як ашалелыя зграі,
і пры тым разам недалюбліваюць Імпэратара.
Ніхто не перамагае — і назіраць можна бясконца,
хоць відовішча малапрыемнае.
І мой шлях самурая фатальна праз гэтае ўсё пралягае.

Я тут настолькі даўнό, што
да мяне стала прыходзіць пошта.

Я тут настолькі даўно,
што лісты з дому ад маёй адзінай сталі раптоўна пачынацца з «мы»:
маўляў, мы пішам табе толькі ў надзеі даць адпачынак падчас паляваньня, твой запаволіць бег,
бо, так бы мовіць, хоць ужо не чакаем, любім цябе і помнім.

Калі я казаў
«Я кахаю цябе»
і чуў у адказ
«Я кахаю цябе»,
я ніколі не забываў, што гэта амонім



Верш калясамурайскай тэматыкі

Дагэтуль ты мог парэзаць сябе адно цэлюлёзнай паперай,
блытаў сонца ўсход з божым дарам, як камандор Мэцью Пэры,
Меў цікавасьць зь дзяцінства адно да хрушчоў, схаваных у лісьці
клёнаў. Высьветліў, што няма ад іх аніякай карысьці.

Верыў, што сапраўдны мужык не складае вершы
і наўрад ці ў стасунках з жанчынай ня вершнік.
Быў, як людзі, спрабаваў перасунуць Фудзі,
чуў, што ў парку бывае і піва, і сакура (all inclusive).

Аніводнага разу вачыма ў поўню ня цэліў
і ня ведаў, з чым параўнаць чалавечае цела.
Жыў з бацькамі і сала катаў па катане;
і ня ведаў, з чым параўнаць сваё існаваньне:

— з Бэрлінскай сьцяной напрыканцы
89-га?
— з аўтамабілем, сабраным выключна з мэтай краш-тэсту?
— зь мірнасьцю савецкага атама напярэдадні выбуху?
— зь ледзяшом, што сарваўся з-пад даху ўвесну?

Так і было, паводле сваёй бяздарнасьці,
лёс дагэтуль ішоў як ішоў. Ды нешта з табою здарылася.
Толькі — што? Не спрацавалі мантры? Не раскрыліся чакры? —
Ты сёньня моўчкі разрэзаў жывот крыж-накрыж.


Плача параненая касуля ў падпаленым полі,
робяцца рогі яе жырандоляй паволі,
хістае кадзілам зямлю пад яе залатымі нагамі —
хоць ты танка складай, хоць рабі арыгамі
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG