Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапарлямэнтары паспрабуюць знайсьці паразуменьне па “Эўранэсьце”


У Менску зь візытам — дэлегацыя Эўрапарлямэнту, якая цягам двух дзён правядзе ў Менску шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі дэмсілаў і афіцыйных уладаў.

У складзе місіі старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў «Эўранэсьце», cацыяліст Крыстыян Вігенін (Баўгарыя), сацыяліст Юстас Палецкіс (Літва), які ёсьць дакладчыкам па сытуацыі ў Беларусі ў міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту, сябра фракцыі лібэралаў, кіраўнік дэлегацыі па Беларусі Яцэк Пратасевіч (Польшча) і Хэйдзі Хаўтала (Фінляндыя ), сябра партыі «зялёных», якая ўзначальвае падкамісію па правах чалавека.

Падчас свайго знаходжаньня ў Менску эўрапарлямэнтары не пажадалі заходзіць у будынак парлямэнту Беларусі. Таму сустрэча з кіраўнікамі сталых камісіяў Савету рэспублікі Нінай Мазай і Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Маскевічам пройдзе на нэўтральнай тэрыторыі, у будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Прадстаўнік адміністрацыі Эўрапарлямэнту Міхаіл Чапліцкі патлумачыў карэспандэнту «Свабоды»:

Мы не сустракаемся з парлямэнтам у парлямэнце. Мы не прызнаем беларускага парлямэнту.
«Мы не сустракаемся з парлямэнтам у парлямэнце. Мы не прызнаем беларускага парлямэнту і тут пазыцыя Эўрапарлямэнту не памянялася».

Пакуль невядома, ці адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. Місія зрабіла запыт на сустрэчу, аднак адказу пакуль не атрымала. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сказаў:

«Калі ў нас будуць навіны, мы паведамім, што сустрэча адбылася. Калі яна адбудзецца. Нічога надзвычайнага я тут ня бачу. Дачакайцеся інфармацыі, калі яна будзе».

Вядома, што дэлегацыя Эўрапарлямэнту правядзе сустрэчы зь ляўрэатамі прэміі Сахарава, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной і лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, зь сябрамі Цэнтравыбаркаму, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і нацыянальных меншасьцяў, а таксама кіраўніком офісу АБСЭ Бэнэдыктам Галерам.

Пра асноўную мэту візыту прадстаўнік адміністрацыі Эўрапарлямэнту Міхаіл Чапліцкі сказаў:

«Галоўнай мэтай дэлегацыі ёсьць дыскусія зь беларускім бокам на тэму ўдзелу Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі „Эўранэст“. Таксама паспрабуем пабачыць, ці ёсьць магчымасьць нейкага паразуменьня».

А хто ёсьць прымаючым бокам дэлегацыі ў Менску?

«Гэта была ініцыятыва Эўрапейскага парлямэнту. Мы таксама зьвярнуліся да беларускай амбасады пры Эўразьвязе з такой прапановай. Гэта не было запрашэньне зь беларускага боку. Але беларускі бок пазытыўна адказаў на нашу ініцыятыву».

Па завяршэньні візыту місія Эўрапарлямэнту плянуе правесьці прэсавую канфэрэнцыю. Таксама па выніках візыту ў Менск Эўрапарлямэнт прыме рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG