Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 000 за бутэльку піва: змаганьне з п’янствам ці за напаўненьне бюджэту?


З 23 лютага ўступілі ў дзеяньне папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх да 500 тысяч рублёў падвышаныя штрафы за расьпіцьцё ў грамадзкіх месцах алькагольных напояў, у тым ліку і піва. Чым выкліканыя такія суровыя захады і як будзе выконвацца новы адміністрацыйны закон на практыцы?

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, ужываньне алькаголю на аднаго насельніка ў Беларусі дасягнула 12 літраў умоўнага сьпірту ў год. Між тым Сусьветная арганізацыя здароўя лічыць, што пры перавышэньні паказчыка 8 літраў на год у арганізьме чалавека адбываюцца незваротныя працэсы. Як перамагчы п’янства, якое набыло маштабы нацыянальнай катастрофы?

П’янству — бой! Для Міністэрства ўнутраных спраў — бой доўгачаканы. Некалькі гадоў запар кіраўнікі Міністэрства заяўлялі, што яны рашуча супраць спажываньня піва ў грамадзкіх месцах, але гэтая ініцыятыва, маўляў, пакуль не знайшла падтрымкі ў кіраўніцтва краіны і ў заканадаўцаў. І вось — адбылося. З 23 лютага папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс пачалі дзейнічаць. Сярод іх і тая, паводле якой за ўжываньне піва ў грамадзкім месцы і на транспарце прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць — штраф за першае парушэньне да 280 тысяч рублёў, а за другое па ліку — да 580 тысяч рублёў. Падвышаная адказнасьць і за расьпіцьцё сьпіртных напояў на працоўным месцы.

Ужо пасьля першага дня дзеяньня паправак у міліцэйскіх зводках зьявіліся паведамленьні пра колькасьць пакараных за расьпіцьцё піва на вуліцы. Прыкладам, у Фрунзэнскім раёне Менску адзін чалавек быў пакараны штрафам, 4 папярэджаныя. Кіраўнік інфармацыйнай управы МУС Канстанцін Шалькевіч, аднак, запэўніў, што ніякай пагоні за паказчыкамі ў гэтай справе ня будзе:

«Зь першых дзён ніхто ніякіх рэпрэсій праводзіць не зьбіраецца і прызначаць штрафы па максымуме — таксама. Найперш гэта прэвэнтыўныя захады, якія папярэджваюць людзей, каб яны прызвычаіліся да новага закону. Зразумела, адразу нельга вызначыць, як будзе закон выконвацца. Але закон ёсьць, ён прыняты, і, паводле нашых зьвестак, большасьць яго падтрымлівае».

Канстанцін Шалькевіч растлумачыў некаторыя падрабязнасьці выкананьня закону ў Беларусі. Прыкладам, забарона піць піва ў грамадзкім месцы распаўсюджваецца на любую тару — са шкляной ці з плястыкавай бутэлькі, з пакунку ці зь іншай тары зь любой «маскіроўкай». З ужываньнем піва будуць змагацца ў асноўным дзяжурныя нарады міліцыянтаў, якія патрулююць вуліцы і паркі, але спыніць парушэньне можа любы міліцыянт у форме. Аднак для складаньня пратаколу яму давядзецца альбо выклікаць дзяжурны нарад, альбо самому адвесьці парушальніка ў міліцыю. Транспарт, месца любога адпачынку людзей у парку, сквэры ці лесапаркавай зоне — таксама забароненая тэрыторыя для ўжываньня піва. У прыватным доме забарона не распаўсюджваецца на тэрыторыю ўласнага валоданьня, у шматкватэрным — на ўласную кватэру. А як быць з бальконам? Балькон балькону — розьніца, кажа Канстанцін Шалькевіч зь Міністэрства ўнутраных спраў:

«Балькон як частка кватэры ня ёсьць грамадзкім месцам, а вось калі бальконы ідуць уздоўж ліфтавай шахты ў пад’езьдзе — тады гэта грамадзкае месца і трэба падпарадкоўвацца агульным правілам».

Піць піва на вуліцы ўжо нельга, між тым вытворчасьць гэтага напою павялічваецца. А якая альтэрнатыва прапануецца тым, хто рэгулярна спажывае хмельны напой? Куды ім падацца? Міністэрства гандлю заяўляе, што пры кожным вялікім унівэрсаме адкрыецца павільён, дзе можна будзе выпіць піва на эўрапейскі манер.

Там будуць разьліваць піва ў плястыкавыя кубкі, потым наведнікі будуць даліваць у гэтыя кубкі яшчэ і гарэлку — як у савецкія часы.
«Там будуць разьліваць піва ў плястыкавыя кубкі, потым наведнікі будуць даліваць у гэтыя кубкі яшчэ і гарэлку — як у савецкія часы», — такую пэрспэктыву намаляваў старшыня прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. На пытаньне, калі ў нас зьявяцца сапраўдныя пабы, Анатоль Шумчанка адказаў:

«Такія месцы ствараюцца з душой, цеплынёй і неяк індывідуальна. Гэта могуць толькі людзі зь вялікай матывацыяй, прадпрымальнікі. Ніводная зь вялікіх гандлёвых карпарацый, як „Белкаапсаюз“ ці вялікія ўнівэрсамы, зрабіць гэта ня ў стане. Таму ў нас гэтага ня будзе, а будуць банальныя піўнухі».

Анатоль Шумчанка
Паводле Анатоля Шумчанкі, змаганьне з дробным розьнічным гандлем півам лабіруюць чыноўнікі, якіх фінансуюць уладальнікі супэрмаркетаў. Вялікі гандлёвы бізнэс не зацікаўлены ў стварэньні прывабных і ўтульных піўных рэстаранчыкаў, якімі славіцца заходняя і цэнтральная Эўропа, мяркуе лідэр дробных прадпрымальнікаў. Таму альтэрнатыва ў беларускіх аматараў піва застаецца адна — піць яго па-ранейшаму на вуліцы, але лепш схаваўшыся.

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што ў праваахоўных органаў ня хопіць сілаў, каб забясьпечыць эфэктыўнае выкананьне новых палажэньняў Адміністрацыйнага кодэксу што да піва:

Мечыслаў Грыб
«Кадраў на гэта не павялічаць, а працы будзе вельмі шмат, бо згадайце, што творыцца зараз летам у дварах — паўсюль кампаніі зь півам», — кажа Мечыслаў Грыб. Ён за тое, каб штрафы спалучаліся з выхаваўчай працай, якой, на ягоную думку, апошнім часам вельмі бракуе:

«Я нічога ня чуў, можа, вы чулі? Дзе што праводзіцца, дзе каму хто чаго чытае. Я ведаю, што цяпер на ўсе масавыя мерапрыемствы пастаўляюць вялікую колькасьць сьпіртовых напояў, каб больш абабраць людзей, каб яны там быццам адпачывалі. Міліцыі аддаюць пэўныя загады, прыкладам, у гэты дзень нікога не чапаць. Калі трэба, дык да дому давесьці. Раней жа гэтага не было. Цяпер вось пачалі назад адкручваць, але што з гэтага атрымаецца, ня ведаю».

Свае сумненьні наконт сапраўднасьці барацьбы з публічным расьпіцьцём піва і алькагольных напояў былы сьпікер Вярхоўнага Савету тлумачыць яшчэ і палітычнымі прычынамі: ад продажу гэтых напояў залежыць дзяржаўны бюджэт, а празь «дзіркі ў бюджэце выходзіць улада», нагадвае палітык Мечыслаў Грыб.

Адносна пакараньня за п’янства на працоўным месцы Мечыслаў Грыб заўважыў, што яно квітнее на дзяржаўных прадпрыемствах яшчэ з савецкіх часоў:

«І тады хапала рычагоў, каб пакараць за п’янства, але мала хто з начальнікаў гэта рабіў. Тое і цяпер. Вінаватым падначаленым лягчэй кіраваць, а па-другое — ніхто не захоча „засьвяціцца“ перад сваім начальствам»..

Свае сумненьні наконт сапраўднасьці барацьбы з публічным расьпіцьцём піва і алькагольных напояў былы сьпікер Вярхоўнага Савету тлумачыць яшчэ і палітычнымі прычынамі: ад продажу гэтых напояў залежыць дзяржаўны бюджэт, а празь «дзіркі ў бюджэце выходзіць улада».


500 тысяч рублёў штрафу — гэта ж, па сутнасьці, незаконнае адыманьне грошай.
Ці будуць неяк парушаныя правы тых людзей, якіх міліцыянты пакараюць за расьпіцьцё піва ў грамадзкім месцы? — спытаўся я ў праваабаронцы Гары Паганяйлы і атрымаў нечаканы адказ — «Не, усё быццам будзе паводле закону». Але што да Канстытуцыі, тут экспэрт Беларускага Хэльсынскага камітэту быў няўмольны:

Гары Паганяйла
«Мяркую, што гэтыя велізарныя штрафы будуць насамрэч не барацьбой з п’янствам, а мэтадам напаўненьня бюджэту. 500 тысяч рублёў штрафу — гэта ж, па сутнасьці, незаконнае адыманьне грошай, якія заробленыя сумленнай працай. З аднаго боку, Канстытуцыя нам гарантуе захоўваньне таго, што людзі зарабілі праз сумленную працу, а з другога боку — вось гэтыя максымальныя штрафы, якія можна параўнаць з крымінальным пакараньнем. Гэтак жа забіраць і нашу маёмасьць, і заробленыя сродкі. А іншых крыніцаў няма — людзі ж у нас амаль усе дагэтуль выкарыстоўваюць крыніцай заробкаў толькі сваю працу».

Праваабаронца лічыць, што з п’янствам трэба змагацца не адміністрацыйнымі забаронамі, а найперш разьвіцьцём культуры і адукацыі, захадамі сацыяльнага стымуляваньня. У тым ліку перагледзець аплату бальнічных людзям, чые хваробы выкліканыя алькагалізмам. Што да змаганьня з п’янствам на прадпрыемствах, Гары Паганяйла заўважыў, што «на працоўным месцы п’юць працаўнікі толькі дзяржаўных прадпрыемстваў, а не прыватных, і сапраўды рынкавая эканоміка — найлепшы сродак ад п’янства на працы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG