Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь і Польшча ў стане вырашыць любыя праблемы ў дачыненьнях. Пра гэта заявіў сёньня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які сустрэўся ў Кіеве зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Радаслаў Сікорскі пацьвердзіў намер польскага боку вырашыць усе непаразуменьні ў дачыненьнях Беларусі і Польшчы. Ён мяркуе, што дачыненьні паміж дзьвюма краінамі маглі б быць значна лепшыя. Польскі міністар паведаміў, што Лукашэнка пагадзіўся на стварэньне экспэртнай групы ў справе польскай меншасьці ў Беларусі:

“Прэзыдэнт Беларусі запэўніў мяне, што будзе шукаць вырашэньня, і што можа зьявіцца група экспэртаў, якая ў кароткі тэрмін знойдзе рашэньне, якое задаволіць абодва бакі”, заявіў па выніках перамоваў з А. Лукашэнкам наконт лёсу Саюза палякаў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

“Хачу падкрэсьліць, што паміж Беларусьсю і Польшчай няма ніякіх праблем. Хачу, каб вы сыходзілі з гэтага. Калі ёсьць нейкія непаразуменьні, інакш іх не назавеш, то мы ў стане іх вырашыць”, - цытуе А. Лукашэнку агенцтва БЕЛТА.

А.Лукашэнка адзначыў, што ў дзьвюх краінаў “цудоўная гісторыя дачыненьняў” і закладзены добры падмурак на будучыню. “У нас шмат добрага ў дачыненьнях, асабліва ў сфэры эканомікі, культуры, па іншых кірунках супрацоўніцтва. І нягледзячы на тое, што Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз і мае свае абавязкі, мы не разбурылі ніводзін з кірункаў супрацоўніцтва”, - заявіў кіраўнік Беларусі.

Карэспандэнт польскага тэлеканалу TVN24, які гаварыў з Лукашэнкам пасьля сустрэчы, сказаў, што “палітык рабіў уражаньне вельмі задаволенага чалавека”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG