Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва Ўкраіне паўплываюць і на Менск, і на Маскву


Сёньня ў Кіеве адбылася інаўгурацыя новага, чацьвёртага па ліку, прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Сярод высокіх гасьцей, якія прыбылі на гэтае мерапрыемства, быў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Пра новыя магчымасьці ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях наш карэспандэнт Уладзімер Глод спытаўся ў палітыкаў і палітолягаў абедзьвюх краінаў.

Ігар Карпенка
Намесьнік старшыні камісіі міжнародных спраў і сувязяў з СНД у Палаце прадстаўнікоў Ігар Карпенка ў сувязі з інаўгурацыяй Віктара Януковіча як прэзыдэнта Ўкраіны сказаў «Свабодзе»:

«Я думаю, што тэндэнцыя да ўзаемаразуменьня і супрацоўніцтва ў нас ужо акрэсьлілася пасьля візытаў папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны і нашага прэзыдэнта. І што б там ні казалі, прыкладам, пра аранжавую рэвалюцыю альбо пра тое, што камусьці не падабаецца рэжым у Беларусі, прагматыка ў двухбаковых дачыненьнях бярэ верх.

Мы — суседзі. І тут хочаш ня хочаш, але трэба знаходзіць шляхі ўзаемадзеяньня, узаемнага супрацоўніцтва. Таму, я думаю, Януковіч будзе працягваць палітыку на збліжэньне суседа з суседам».

Аляксандар Фядута
Палітоляг Аляксандар Фядута лічыць: абраньне Віктара Януковіча зьменіць канфігурацыю дачыненьняў Масквы, Кіева і Менску:

«Зьменаў у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях я ня бачу. А вось зьмены ў беларуска-расейскіх дачыненьнях адбудуцца абавязкова. Нарэшце Аляксандар Лукашэнка страціў манаполію на прарасейскую палітыку на постсавецкай прасторы. І паколькі Ўкраіна мае большую вагу, то, зразумела, галоўным рэінтэгратарам можа стаць цяпер спадар Януковіч».

Дырэктар Кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і кансульталёгіі Міхайла Паграбінскі прагназуе:

Міхайла Паграбінскі
«Я думаю, што з абраньнем Віктара Януковіча прэзыдэнтам адкрываюцца некаторыя новыя магчымасьці ва ўкраінска-беларускіх дачыненьнях, якіх раней не было. Найперш з прагматычным настроем спадара Януковіча на рашэньне задач эканамічнага супрацоўніцтва. А тут апошнія гады былі далёка ня лепшымі.

Не ідэалягічны, а чыста эканамічны інтарэс мусіць падштурхнуць абодва бакі. Цяпер гэтаму нічога ня будзе перашкаджаць. І я думаю, што вельмі часта наш інтарэс будзе супадаць зь беларускім. Прыкладам, у пытаньнях транзыту мы выступаем зь Беларусьсю ў аналягічнай ролі. І мы маглі б узгадняць сваю пазыцыю зь Беларусьсю. І гэта важна. Хаця камусьці з нашых сяброў будзе недаспадобы. Але гэта магчыма. І я думаю, што пры Януковічу гэтага можна было б дасягнуць, такіх важных вынікаў».

7 лютага ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч набраў 48,95% галасоў выбарцаў. Ягоная суперніца, прем’ер-міністар Юлія Цімашэнка — 45,47%. Міжнародныя назіральнікі, уключаючы місію АБСЭ, у цэлым прызналі ўкраінскія выбары.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG