Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як ідзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты? У розных рэгіёнах Гарадзеншчыны ў ініцыятыўных групах апазыцыі не сумняваюцца, што сабраць неабходную колькасьць подпісаў удасца. Але настрой выбаршчыкаў ня вельмі аптымістычны.

Прадстаўнік раённай арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Бедка вылучаецца ў раённы і абласны Саветы і кажа, што подпісы дзеля гэтага ён мог сабраць і адзін, без ініцыятыўнай групы.

Зь яго слоў, подпісы за прадстаўнікоў апазыцыі ў Слоніме ставяць ахвотна, распавядаюць пра жыцьцёвыя клопаты, пра тое, што ня бачаць будучыні для Беларусі зь цяперашняй уладай.

Аднак Івана Бедку турбуе і моцнае расчараваньне людзей:

“Людзі добра разумеюць і кажуць, што гэта ніякія ня выбары, і вы, маўляў, ня пройдзеце ў дэпутаты. Кажаш ім, што ўсё роўна трэба спрабаваць, але яны ня вераць, што выбары адбудуцца паводле закону, як гэта належыць”.

Збор подпісаў вядзе і ініцыятыўная група Мікалая Ўласевіча, сябра АГП з Астравецкага раёну, які балятуецца ў раённы і абласны Саветы.

Спадар Уласевіч распавядае, што ў суседнім Ашмянскім раёне людзі ахвотней ставяць подпісы, а ў Астравецкім усе запалоханыя мясцовымі ўладамі:

“Цяжка зьбіраюцца подпісы, вельмі цяжка. Людзі запалоханыя, баяцца ставіць свой подпіс, калі ты не ад улады. Кажуць, што ў мяне працуе сын, у мяне ўнук — я баюся. Людзей запалохваюць тым, што яны страцяць працу. Кантрактная сыстэма спрацоўвае, як уціхамірвальная кашуля”.

У Мастах актывіст руху “За свабоду” Алесь Зарэмбюк кажа, што ўсе тры вылучэнцы ад руху ўжо сабралі неабходную колькасьць подпісаў, але працягваюць хадзіць па кватэрах, каб пра іх ведала як мага болей людзей.

Зь яго слоў, людзі моцна страцілі веру ў магчымасьці дэпутатаў і ў саміх дэпутатаў і нават часта наагул ня хочуць чуць пра выбары:

“І толькі калі ты кажаш, што мы зьбіраем подпісы за маладога, незалежнага, не ад улады, тады яшчэ людзей можна пераканаць і яны ставяць подпіс. І то робяць гэта так, нібыта ў іх зьявілася апошні раз надзея на зьмены”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG