Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народнай артыстцы Беларусі Вользе Клебановіч сёньня споўнілася 65 гадоў. Увечары Нацыянальны акадэмічны рускі тэатар Беларусі запоўняць сотні захопленых яе талентам гледачоў. У якасьці бэнэфіснага спэктаклю акторка выбрала камэдыю Іржы Губача “Ад’ютант-ша яго вялікасьці”.

Вольга Клебановіч выйдзе на сцэну ў ролі Жазэфіны ў 260-ы раз! Зноў будуць авацыі, кветкі. Шчырая і простая падзяка за яскравы талент, за камэдыйную фэерыю, за дзьве гадзіны радасьці, якія яна падаруе гледачу.

Сёньня Вольга Клебановіч — ня толькі прыма менскай рускай сцэны, але і адна з найбуйнейшых акторак сучаснага сцэнічнага мастацтва Беларусі.

Філіграннае прафэсійнае майстэрства, сапраўдная жаночая духоўнасьць, тонка арганізаваная псыхіка і інтэлект у суладзьдзі з фантастычнай працаздольнасьцю зрабілі яе найярчэйшай зоркай тэатру.

Больш за сорак гадоў на адной сцэне! Вернасьць прафэсіі і сваёй місіі! Працяг характэрнай для Рускага тэатру Беларусі традыцыі сумленнага служэньня сцэне. Ужо сёньня імя Клебановіч справядліва ставіцца побач з імёнамі яе вялікіх папярэдніц — Ганны Абуховіч і Аляксандры Клімавай.

Сьцепаніда Вольгі Клебановіч са спэктаклю Валер’я Масьлюка “Знак бяды” паводле аповесьці Васіля Быкава — адзін з найвялікшых здабыткаў акторскага майстэрства Беларусі другой паловы ХХ стагодзьдзя. Такую праўдзівасьць — жаночую, нацыянальную, народную, гераічную і паэтычную — можна пабачыць раз на дзесяцігодзьдзі. Магчыма, гэтая яе праўдзівасьць, як і праўдзівасьць яе партнэра Аляксандра Ткачонка ў ролі Петрака, перамаглі ваяўнічы настрой чыноўнікаў-цэнзараў ад мастацтва. Спэктакль урэшце быў ня толькі дазволены, але і атрымаў Дзяржаўную прэмію. Ляўрэаткай стала і Вольга Клебановіч.

Ёй уласьціва граць усё — і трагедыю, і драму, і камэдыю, і фарс! Ёй падуладныя найскладанейшыя характары ўсясьветнага рэпэртуару, выпісаныя Шылерам, Брэхтам, Горкім, Уільямсам. Яна, артыстка Рускага тэатру, выдатна і глыбока выконвае ролі ў беларускім рэпэртуары — у спэктаклях паводле Купалы, Быкава, Адамовіча, Дударава. І таму асабіста я лічыў і лічу яе адной з найвыразьнейшых беларускіх нацыянальных акторак.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG