Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклапочаны сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі


Дзяржсакратар Гішпаніі па справах Эўропы Дыега Лопэс Гарыда ад імя рады Эўразьвязу выказаў заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.


Выступаючы на дэбатах у Эўрапарлямэнце 24 лютага, ён адзначыў недахоп у краіне свабоды выказваньня і асацыяцыяў, павелічэньне ціску на апазыцыйных актывістаў і мэдыі, у прыватнасьці праз увядзеньне кантролю над інтэрнэтам, перадае БелаПАН.

Паводле Дыега Лопэса Гарыды, асаблівую трывогу выклікае парушэньне правоў польскай меншасьці ў Беларусі. Ён падкрэсьліў неабходнасьць працягваць з афіцыйным Менскам дыялёг, за які адказвае вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан.

“Для Беларусі важна пачаць рух у слушным напрамку”, — заявіў прадстаўнік рады ЭЗ.

Ён адзначыў, што заява Эштан ад 16 лютага пра тое, што сытуацыя з польскай меншасьцю ў Беларусі ўплывае на стасункі Менску з ЭЗ, была накіравана праз дыпляматычныя каналы беларускім уладам.

Паводле Дыега Лопэса Гарыды, неабходна выразна даць зразумець афіцыйнаму Менску, як важна захоўваць правы чалавека, а таксама прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да сытуацыі ў краіне, якая “выклікае трывогу”.

На разглядзе ў вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан знаходзіцца сумесны прамежкавы плян падтрымкі рэформаў у Беларусі, падрыхтаваны Эўракамісіяй на запыт рады ЭЗ.

Пра гэта паведаміла эўракамісар па міжнародным супрацоўніцтве і гуманітарнай дапамозе Крысталіна Георгіева. Яна адзначыла, што спадарыня Эштан таксама ўлічыць высновы місіі Эўрапарлямэнту, якая наведае Менск 25—27 лютага.

Кіраўнік дэлегацыі Крыстыян Вігенін назваў “непрымальнай” сытуацыю з парушэньнем у Беларусі правоў чалавека, у тым ліку правоў нацыянальных меншасьцяў. Паводле спадара Вігеніна, палітыка збліжэньня, якую ЭЗ пачаў адносна Беларусі, недастаткова выніковая, і структуры ЭЗ павінны выпрацаваць агульную стратэгію. Патрэбна “дарожная мапа”: “не рэкамэндацыі, а плян дзеяньняў для падтрымкі рэформаў”.

Паводле польскіх дэпутатаў, Эўразьвязу неабходна ўвязаць эканамічную дапамогу з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG