Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У нашы дні кожны публічны чалавек, якім, безумоўна ёсьць палітык, абавязкова мае свой сайт, на горшы выпадак староначку ў якім-небудзь лайф-джорнале.

У першым выпадку такога чалавека звычайна лёгка знайсьці (пры ўмове, што распрацоўшчыкі яго сайту правялі добрую аптымізацыю (SEO-аптымізацыя) для пошукавых машынаў накшталт Google). У другім выпадку складней, бо ў лайф-джорналаўскім інтэрнаце знайсьці нечы маленькі пакойчык ня так і лёгка. Але можна. Добрым вынікам можна лічыць, калі Google адразу выдае спасылку на шуканую пэрсону.

Паколькі публічнай пэрсонай апошняга часу стаў новаабраны прэзыдэнт Віктар Януковіч, то, натуральна, выбар паў на ягоную кандыдатуру. Як высьветлілася, SEO-аптымізатары, што працуюць на Януковіч, грошы атрымліваюць не дарэмна. На запыт “сайт Вiктор ЯНУКОВИЧ” Google адразу выдаў "Вiктор ЯНУКОВИЧ. Персональний інформаційний сервер". Во як, нават ня сайт, не партал, а ажно цэлы інфармацыйны сэрвэр. І не абы-які, а пэрсанальны. Гэта вам не аццацьмільённая старонка ў нейкім там блогу. Тут, як той казаў, усё салідна!

пэрсанальны сайт Віктара Януковіча

А што бліжэйшым разглядзе? Усё як мае быць: прывітальнае слова, праграма, кароткая біяграфія, фотальбомы, відэа, аўдыё. Праўда пры гэтым кідаецца ў вочы партыйны складнік, што вельмі робіць падобным яго пэрсанальны сайт да сайту Партыі рэгіёнаў. Нават колеравая гама строга вытрыманая ў адценьнях блакітнага колеру. Дарэчы, амаль такія ж колеры мае і афіцыйны сайт прэзыдэнта Ўкраіны, дзе ў шапцы ўжо стаіць імя новага гаспадара. Так што падабенства яшчэ большае. Між іншым, падчас напісаньня гэтых радкоў там была біяграфія яго папярэдніка з мноствам здымкаў, якую замянілі “на ляту” адразу пасьля інаўгарацыі на сьціплы тэкст. Што ж, цяжкасьці пераходнага пэрыяду.

сайт прэзыдэнта Ўкраіны зь Януковічам і Юшчанкам

сайт прэзыдэнта Ўкраіны ўжо толькі зь Януковічам

Цікава, што на гуглаўскі запыт выдаюцца яшчэ некалькі сайтаў, якія таксама прэтэндуюць на пэрсону Віктара Януковіча. Што асабліва кідаецца ў вочы на ўсіх сайтах новага прэзыдэнта, дык гэта ягоная партыйная прыналежнасьць. Так, самога Віктара Фёдаравіча там шмат, але выключна ў рамках ускладзенай на яго партыйнай місіі ў адрозьненьне ад таго ж Юшчанкі, які быў, так бы мовіць, самадастатковы. Вельмі нагадвае эпоху Брэжнева, калі Леанід Ільліч быў усюды, але выключна ў рамках “калектыўнага кіраўніцтва”. Дарэчы, выявы Віктара Януковіча сюжэтна вельмі нагадваюць былога савецкага генсэка. Прыгадалася радкі з клясыкі жанру пра таварыша Нэттэ, які і чалавека, і параход. Толькі тут таварыш Януковіч – чалавек і партыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG