Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ва інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча возьмуць удзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў. Што чакаць у стасунках паміж афіцыйным Менскам і Кіевам?


Паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, кіраўнік Беларусі правядзе “шэраг міжнародных сустрэчаў”. Паводле прадстаўніка прэсавай службы Міністэрства замежных спраў Украіны, на цырымонію інаўгурацыі прыбываюць адзінаццаць дэлегацый на такім высокім узроўні. Пра якія ж сустрэчы можа ісьці гаворка? У прэсавай службе ўкраінскага МЗС сказалі:

“Інаўгурацыя – гэта асноўны плян мерапрыемстваў. А якія далей у яго пляны, я не магу сказаць. Пакуль з МЗС гэта не ўзгаднялася. Якія пажаданьні адносна двухбаковых сустрэчаў ці асабістай праграмы, я тут не магу сказаць”.

Тое, што ў складзе дэлегацыі ёсьць Сяргей Мартынаў, дае падставы меркаваць, што ў яго можа адбыцца сустрэча з вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Нагадаем, на гэтым тыдні ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу, на якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі. Пасьля яе спадарыня Эштан выказала надзею на сустрэчу ў Кіеве з Сяргеем Мартынавым.

Ці адбудзецца гэтая сустрэча? Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў сказаў, што гэта, маўляў,залежыць ад таго ці паедзе ў Кіеў Мартынаў.

Нагадаем, што падчас выбараў 2005 году кіраўнік Беларусі пасьпешліва даслаў віншаваньне Віктару Януковічу. А потым прайгнараваў інаўгурацыю прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. У Кіеў паехаў тагачасны старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канапалёў. Прадстаўнікі афіцыйнага Менску казалі, што Лукашэнка, маўляў, ня любіць езьдзіць на падобныя мерапрыемствы.

Што чакаць цяпер у стасунках паміж афіцыйным Менскам і Кіевам? Паводле ўкраінскага палітоляга Косьці Бандарэнкі, для афіцыйнага Менску Ўкраіна застаецца стратэгічным партнэрам у энэргетычнай сфэры. Ён адзначае, што і ў Эўропе памянялася стаўленьне да Беларусі:

“Апошнія візыты Лукашэнкі паказалі, што ён перастаў быць ізгоям у Эўропе і да яго сталі больш пільна прыглядацца асабліва на фоне яго сварак з Расеяй”.

А ці могуць Януковіч і Лукашэнка разам процістаяць ціску з боку Расеі?

“Могуць. І ў Расеі гэта цудоўна разумеюць і асьцерагаюцца падобнага саюзу”.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што падчас свайго першага замежнага візыту ў Брусэль, Віктар Януковіч наўрад ці будзе выступаць адвакатам Лукашэнкі:

“Я думаю, што гэта выключана. Ён, канечне, бываў там як прэм’ер-міністар у свой час. Але ён будзе вырашаць свае справы і, я думаю, ніякіх размоваў на пабочныя тэмы там проста ня будзе”.

А ці будзе Януковіч будаваць свае дачыненьні з афіцыйным Менскам не азіраючыся на Брусэль?

“Хутчэй за ўсё так яно і будзе. Але і Юшчанка, фактычна, гэтак жа рабіў. Палітыка Ўкраіны да Беларусі і беларуска-ўкраінскія стасункі застануцца, практычна, тымі ж самымі. У асноўным – эканоміка. А палітыка – гэта толькі, калі нешта ўжо так падапрэ”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG