Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ супраць Мін’юсту


13 студзеня Беларускай асацыяцыі журналістаў вынесена афіцыйнае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам міністра юстыцыі Аляксандрам Сіманавым. Міністэрства юстыцыі выставіла да арганізацыі адразу некалькі прэтэнзіяў. Яны тычацца пасьведчаньня, статусу Цэнтру прававой абароны СМІ і наагул мэтаў і задач грамадзкага аб’яданьня. БАЖ палічыў гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі, і зьвярнуўся ў Вярхоўны Суд. На сёньня прызначана папярэдняя сустрэча бакоў у Судзе.


Паводле працэдуры, да пачатку непасрэднага разгляду справы ў Вярхоўным Судзе прызначаецца папярэдняя сустрэча, куды запрашаюцца прадстаўнікі абодвух бакоў, тлумачыць намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец:

“Падчас гэтай сустрэчы суд мусіць высьветліць, удакладніць пазыцыі абодвух бакоў. Магчыма, прапанаваць міравое пагадненьне, высьветліць тыя рэчы, якія трэба бакам для таго, каб сваю пазыцыю адстойваць у судзе. Да прыкладу, трэба выклікаць сьведкаў ці не”.

Юрысты БАЖу наагул лічаць усе чатыры прэтэнзіі, што выставіў Мін’юст да грамадзкага аб’яданньня, неабгрунтаванымі.

Так, Мін’юст, у прыватнасьці, лічыць, што на пасьведчаньні Беларускай асацыяцыі журналістаў нібыта неправамерна зьмешчаныя надпісы «Прэса» і «Press», бо БАЖ не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Маўляў, сябры арганізацыі прысвойваюць сабе паўнамоцтвы журналіста СМІ.

Юрысты БАЖу сьцьвярджаюць, што ніякіх зацьверджаных форм пасьведчаньняў сябраў грамадзкіх аб’яднаньняў няма. Кіраўнік Цэнтру прававой інфармацыі БАЖ, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў кажа:

“Я лічу, што тут прадстаўнікі Мін’юсту самі крыху заблыталіся ў законах. Паколькі БАЖ — грамадзкае аб’яднаньне, дзейнасьць яго павінна рэглямэнтавацца Законам аб грамадзкіх аб’яднаньнях, а не Законам аб СМІ. А БАЖУ прад’яўляюць прэтэнзію, што ён парушыў Закон аб СМІ”.

Мін’юст таксама лічыць, што дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ «не прадугледжана статутам» арганізацыі”. Яшчэ адна прэтэнзія – быццам бы на сайце зьмешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасьці БАЖ, якая не адпавядае статуту. Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец кажа:

“Дзейнасьць юрыдычнага цэнтру, які ўжо, калі не памыляюся, 14 гадоў працуе пры БАЖы, цалкам падпадае і пад заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях, і пад статут БАЖ. І я ня ведаю, што не спадабалася Мін’юсту. Да таго ж, Міністэрства і не пазначыла ў сваіх прэтэнзіях гэтага. Што да інфармацыі, якая разьмяшчаецца на сайце БАЖу, дык там наагул не было нічога названа, што менавіта не спадабалася Міністэрству юстыцыі. Што да двух апошніх пунктаў, цяжка іх аспрэчваць, бо невядома, што аспрэчваць”.

Тым ня менш, сёньня ў Вярхоўны судзе сустрэнуцца юрысты БАЖу і прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG