Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 17 тысяч ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана ў Беларусі. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік кажа, што параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў скарацілася ў чатыры зь лішнім разы. Сярод тых, каму не дазволілі рэгістраваць свае групы, даволі шмат прадстаўнікоў апазыцыі.

У інфармацыі Цэнтравыбаркаму адзначаецца — усяго ў выбаркамы паступіла 16903 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. 23 заяўнікам адмоўлена ў рэгістрацыі. Сёньня, аднак, лічба 23 зьменшылася да 22. Гэта адбылося таму, што Гомельская абласная выбарчая камісія задаволіла скаргу патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Калінкавіцкага раённага Савету — Тамары Зайцавай, актывісткі незарэгістраванай пакуль партыі БХД.

Раённая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, спаслаўшыся на тое, што спадарыня Зайцава памылілася пры афармленьні дакумэнтаў. Жанчына правільна напісала назву сваёй выбарчай акругі — Сасноўская, але недакладна напісала яе нумар. Абласная камісія адмяніла рашэньне раённай аб нерэгістрацыі Тамары Зайцавай.

А вось актывісту руху «За свабоду» Пятру Кузьняцову не пашанцавала. Абласная камісія не задаволіла яго скаргу, палічыўшы, што яго парушэньне больш сур’ёзнае. Спадар Кузьняцоў уключыў у сваю ініцыятыўную групу больш за 10 чалавек. А як патлумачылі «Свабодзе» ў Цэнтравыбаркаме, на мясцовых выбарах у склад ініцыятыўнай групы павінны ўваходзіць толькі ад 3 да 10 асобаў. Што ж тычыцца парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, дык там абмежаваньне ёсьць толькі па мінімальным складзе групы.

Ад партыі БХД не зарэгістравалі ініцыятыўную групу студэнта Эрнэста Руіза. У вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — тры адмовы. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька кажа, што цяпер разглядаецца магчымасьць вылучыць гэтых трох асоб ад партыі:

Было расьпіярана шмат, а насамрэч гэта аказалася лухтой.
«Ёсьць мажлівасьць. Але яна абмежаваная. Было расьпіярана, што можна ад партыі вылучаць кандыдатаў незалежна ад таго, ці ёсьць у рэгіёнах зарэгістраваныя партыйныя суполкі, ці няма. Насамрэч мы можам выправіць сытуацыю, толькі калі накіруем сваіх кандыдатаў у абласныя саветы. А калі хочам вылучаць у гарадзкія і раённыя саветы, то ўсё застаецца па-ранейшаму. Было расьпіярана шмат, а насамрэч гэта аказалася лухтой».

Мікалай Лазавік так тлумачыць значнае зьмяншэньне колькасьці адмоў у рэгістрацыі параўнальна зь мінулымі рэгіянальнымі выбарамі:

«На мой погляд, гэта найперш зьвязана зь лібэралізацыяй выбарчага заканадаўства. Раней грамадзянін, які падаў заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, ужо ня меў права ўносіць у яе ніякіх паправак. Цяпер жа да той пары, пакуль камісія не прыняла рашэньня, грамадзянін мог уносіць папраўкі і зьмяненьні. І таму цяпер акруговая альбо тэрытарыяльная камісія ўжо ня мела падстаў, каб адмовіць у рэгістрацыі. Значыць, заканадаўства дапамагло вялікай колькасьці прэтэндэнтаў зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG