Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце прапанавала як мага хутчэй скончыць працэс люстрацыі, зрабіўшы даступнымі ўсе архіўныя матэрыялы, зьвязаныя зь дзейнасьцю КДБ.

«Гэта адзіны зразумелы, хуткі і ясны шлях закрыцьця тэмы люстрацыі, якая цягнецца ўжо два дзясяткі гадоў», — працытаваў словы прэзыдэнта яе прэсавы сакратар Лінас Бальсіс. — «Зь люстрацыяй трэба як мага хутчэй пакончыць, апублікаваць усе архіўныя матэрыялы, зьвязаныя з тым, як КДБ і іншыя спэцслужбы ўцягвалі жыхароў Літвы ў сваю дзейнасьць».

Літоўскім грамадзянам ужо давалі магчымасьць прызнацца ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі: у супрацы з КДБ прызналіся ў Літве каля 1500 чалавек. «Аб дзейнасьці гэтых людзей вядома, ім гарантавалі абарону. Аднак працэс дагэтуль незавершаны: камісія па люстрацыі працуе, ёсьць справы, але вялікая іх частка ў судах заканчваецца нічым, паколькі суды ня могуць прыняць рашэньне з-за недахопу дакумэнтаў.

Даведка Свабоды
Люстрацыя ў пасьлякамуністычных краінах зьяўляецца палітычнай практыкай абмежаваньня правоў на займаньне дзяржаўных пасадаў некаторым катэгорыям асобаў, якія супрацоўнічалі са спэцслужбамі камуністычных рэжымаў і схавалі гэты факт ад адмысловых «люстрацыйных» органаў, створаных у пасьлякамуністычны пэрыяд.

Люстрацыя не праводзілася ў тых посткамуністычных краінах, дзе пасьля распаду камунізму пры ўладзе засталіся асобы папярэдняга рэжыму (да такіх краінаў можна аднесьці Расею, Беларусь, Украіну, Малдову, Румынію). Люстрацыя мела «мяккія» формы ў краінах, дзе да ўлады празь некалькі гадоў пасьля антыкамуністычных рэвалюцый прыйшлі посткамуністы (Вугоршчына, Баўгарыя, Славаччына). Больш жорсткія формы люстрацыя мела у Нямеччыне (на тэрыторыі былой ГДР), Польшчы і Чэхіі.

У Нямеччыне ў 1991 годзе быў прыняты закон, паводле якога ўсе грамадзяне атрымалі доступ да сваіх дасье з былых ГДР-аўскіх спэцслужбаў. Усе архівы спэцслужбаў былі перададзеныя гэтак званай камісіі Гаўка (ад прозьвішча яе кіраўніка, пастара і былога дысыдэнта Яахіма Гаўка). Дзяржаўныя органы атрымалі права рабіць запыты ў камісію Гаўка аб кожным прэтэндэнце на дзяржаўную пасаду. Калі знаходзілася інфармацыя, што такі прэтэндэнт супрацоўнічаў з камуністычнымі спэцслужбамі, яго не прымалі на працу або звальнялі, калі ён быў папярэдне прыняты.

У Польшчы закон аб люстрацыі быў прыняты ў 1997 годзе. Усе прэтэндэнты на дзяржаўныя пасады і кандыдаты на парлямэнцкіх выбарах былі абавязаныя складаць люстрацыйныя сьведчаньні наконт таго, ці яны супрацоўнічалі з камуністычнымі спэцслужбамі. Калі асоба прызнавалася ў супрацоўніцтве, шлях у дзяржаўную і палітычную кар’еру заставаўся для яе адкрытым. Калі люстрацыйныя органы сьцьвярджалі няпраўду ў люстрацыйным сьведчаньні, яго аўтар пазбаўляўся сваёй пасады.

У Чэхіі ў 1991 годзе быў прыняты закон аб «незаконнасьці камуністычнага рэжыму». Пад дзеяньне закону падпалі 140 000 чалавек, якія або былі кадравымі супрацоўнікамі спэцслужбаў, або тайнымі агентамі спэцслужбаў. Яны пазбаўляліся на 5 гадоў права займаць дзяржаўныя пасады, калі адмысловая люстрацыйная камісія пацьвердзіла іх віну. У 1996 годзе грамадзяне Чэхіі атрымалі права знаёміцца з дасье спэцслужбаў, заведзеных на іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG