Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягнуты тэрмін сьледзтва ў справе Тэрэсы Собаль


Тэрэса Собаль

Тэрэса Собаль

Сёньня ў Валожынскім РАУС прайшоў допыт дырэктаркі івянецкага Дома польскага Тэрэсы Собаль і бухгальтаркі Рамуальды Мірон. Іх дапытвалі ў сувязі з крымінальнай справай супраць Тэрэсы Собаль аб злоўжываньні службовым становішчам, у якой яна названа падазраванай. Тэрмін сьледзтва працягнуты.

У справе Тэрэсы Собаль памяняўся сьледчы. Сёньня ў Валожынскім райаддзеле міліцыі яе дапытваў Аляксандар Шульга. Спачатку паказаньні давала бухгальтарка івянецкага Дома польскага Рамуальда Мірон. Тэрэса Собаль пасьля заканчэньня допыту сказала:

«Пасьля бухгальтаркі запрасілі мяне. Што пыталіся? Ці згодная я, каб справа была прыпынена хіба часткова, як яны сказалі, з-за даўнасьці часу. Я сказала, што — не».

Удакладняе адзін з кіраўнікоў незарэгістраванага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут, які быў на месцы падзеі ў Валожыне:

«Спачатку дапыталі бухгальтарку, а затым дапытвалі Тэрэсу Собаль. Сьледчы прапанаваў ёй, каб яна пагадзілася з тым, што крымінальная справа закрыта праз сканчэньне тэрміну даўнасьці. Яна адмовілася. Сьледчы яшчэ раз яе папрасіў, яна зноў адмовіла».

Тэрэса Собаль жадае, каб справа была спынена толькі праз адсутнасьць складу злачынства. Чаму? Таму што распачата справа была з парушэньнем тэрміну даўнасьці, які выйшаў пры канцы 2009 году, а пастанову Тэрэсе Собаль аб пачатку крымінальнай справы супраць яе ўручылі ў міліцыі 5 студзеня сёлета.

Андрэй Пачобут
дае такую ацэнку крымінальнай справе супраць Тэрэсы Собаль:

«Увесь дзяржаўны „агітпроп“ абвінавачваў спадарыню Тэрэсу ва ўсіх сьмяротных грахах. А дакумэнтамі гэта не пацьвярджаецца. Таму такім нахабным чынам гэтай кабеце, якую цкавалі, якую запалохвалі, цяпер прапануюць: давайце мы спынім за сканчэньнем тэрміну даўнасьці, каб уся хлусьня, якая была на яе павешана, засталася. Ад самага пачатку гэта надуманая, хлусьлівая справа, мэта якой — ачарненьне спадарыні Тэрэсы ў вачах сяброў Саюзу палякаў, у вачах беларускага грамадзтва. І тое, што цяпер такія мэтады выкарыстоўваюцца, гэта пацьвярджае, што сапраўдная мэта — гэта яе палітычная дыскрэдытацыя як грамадзкага дзеяча».

Аднак сьледзтва пакуль ня скончана, кажа Тэрэса Собаль:

«Хіба што працягнулі нам тэрмін сьледзтва да 18 сакавіка, і адно спатканьне са сьледчым яшчэ абавязкова будзе».

Дырэктарка Дома польскага ў Івянцы Тэрэса Собаль выступае як падазраваная ў крымінальнай справе аб злоўжываньні службовым становішчам (частка ІІ артыкула 210 Крымінальнага кодэксу). Справа грунтуецца на тым, што пры канцы 2004 году яна атрымала заахвочваньне ад кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі з Горадні — 600 тысяч беларускіх рублёў.
XS
SM
MD
LG