Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты з дапамогай сваіх ініцыятыўных груп пачалі зьбіраць подпісы. Некаторым прайсьці першы этап выбарчай кампаніі не ўдалося: іхныя ініцыятыўныя групы не зарэгістравалі. Грамадзкія актывісты дамаўляюцца аб супрацоўніцтве і спраюуюць супрацьстаяць ціску ўлады. Падрабязнасьці пра гэта — у паведамленьнях карэспандэнтаў “Свабоды”.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Незалежніцкі блёк ідзе на выбары супольна


На Гомельшчыне прадстаўнікі новастворанага рэгіянальнага незалежніцкага блёку вырашылі аб’яднаць намаганьні для ўдзелу ў выбарах. Пагадненьне наконт гэтага падпісалі грамадзкія рухі “За свабоду”, “Разам”, партыя БНФ, “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” са сваім моладзевым крылом, а таксама “Малады фронт” і “Маладая Беларусь”.

Апавядае рэгіянальны прадстаўнік стваранага “Маладога фронту” Арцём Хмяльніцкі:

Арцём Хмяльніцкі
“На гэтых мясцовых выбарах асабіста я балятавацца кандыдатам не зьбіраюся. Але буду падтрымліваць мясцовых кандыдатаў з нашага блёку. Гэта будуць рабіць і ўсе іншыя сябры ня толькі “Маладога фронту”, але і ўсіх астатніх арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі незалежніцкі блёк”.

Мясцовы лідэр “Маладой Беларусі” Іван Зайцаў распавёў, што іхняя рэгіянальная структура маладая — створана толькі мінулай восеньню. Бальшыня яе сяброў не гатовая самастойна вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты. Здолеў зарэгістраваць ініцыятыўную групу дзеля збору подпісаў толькі сам спадар Зайцаў:

Іван Зайцаў
“Асноўная колькасьць чальцоў на гэтым этапе не гатовая самастойна ўдзельнічаць у выбарах. Асабіста я стварыў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў — буду спрабаваць зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты гарадзкога савету. Астатнія будуць працаваць у ініцыятыўных групах, дапамагаць мне і абавязкова прэтэндэнтам ад незалежніцкага блёку”.

Некаторых вылучэнцаў ад блёку ўжо на першым этапе перадвыбарчай гонкі напаткала няўдача. У Гомелі камісія Мазураўскай выбарчай акругі № 19 адмовілася зарэгістраваць ініцыятыўную групу Пятра Кузьняцова — на той падставе, што перавышаны колькасны склад групы. Сьпіс быў пададзены на 21 чалавека, а Выбарчы кодэкс абмяжоўвае склад групы 10 чальцамі.

ЦВК заступіўся за вылучэнку БХД Тамару Зайцаву


Тамара Зайцава
У Калінкавічах раённая камісія адмовілася зарэгістраваць ініцыятыўную групу рэгіянальнага прадстаўніка стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тамары Зайцавай — у заяве яна няправільна пазначыла нумар Сасновай выбарчай акругі № 12. У абласны савет яе групу зарэгістравалі, у раённы — не.

І Зайцава, і Кузьняцоў аспрэчылі рашэньні адпаведных выбаркамаў. І, як стала сёньня вядома, скаргу Пятра Кузьняцова адхілілі, а групу Тамары Зайцавай зарэгістравалі.

У Калінкавічах Тамара Зайцава разам з актывістамі створанага ёй цэнтру “Твой выбар” правяла апытаньне сярод выбарцаў — якой праблемай дэпутат мясцовага савету павінен займацца перш за ўсё:

Зайцава: “З 800 апытаных чалавек — гэтым мая моладзь займалася — 98 адсоткаў апытаных пазначылі праблему алькагольнай залежнасьці і сямейнага п’янства. Гэта праблема глябальная”.


МЕНШЧЫНА


Выбары расчаравалі прадпрымальнікаў


На Меншчыне прыватныя прадпрымальнікі заяўляюць пра магчымасьць байкоту мясцовых выбараў. Падстава для гэтага — выкрытыя факты перасьледу ўладамі саміх вылучэнцаў і ціску на сябраў іх ініцыятыўных груп.

Вядомы на Меншчыне прадпрымальнік Віктар Крываль адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах. І вось як тлумачыць прычыны гэтага:

Віктар Крываль
“Ад 2004 году па 2007-ы я быў у дэпутацкім складзе Ўзьдзенскага райсавету. Пабачыўшы й зразумеўшы прыніжаную ролю дэпутатаў, а таксама другарадныя функцыі гэтага прадстаўнічага органа ўлады, лічу, што зноў удзельнічаць у выбарчым працэсе ня мае сэнсу. Гэта марная трата часу, нэрваў і гэтак далей”.

Гаварыў Віктар Крываль —актывіст руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

Заява пад дыктоўку


А вось у прыватнай гандляркі Ганны Бандарэнкі з райцэнтру Крупкі значна меншы палітычны досьвед. Але жанчына ахвотна дапамагае сваім землякам у вырашэньні розных сацыяльных праблем. Людзі й прапанавалі Ганьне Бандарэнцы рушыць у дэпутаты мясцовага райсавету. Але зь першага разу спроба не атрымалася. Мясцовыя чыноўнікі пачалі перасьлед сябраў ужо зарэгістраванай ініцыятыўнай групы.

“Намесьнік старшыні Крупскага райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях, а таксама намесьнік старшыні па камунальнай гаспадарцы паехалі на працу да аднаго зь сябраў нашай ініцыятыўнай групы. Выклікалі яго ў кабінэт дырэктара і прымусілі напісаць пад дыктоўку заяву аб выхадзе са складу ініцыятыўнай групы”, — паведаміў Аляксандар Бандарэнка, на якога таксама чынілі адміністрацыйны ціск чыноўнікі.

“Чыноўнікі перашкаджаюць ды помсьцяць”


А вось што кажа Ганна Бандарэнка:

“Мы тут зь людзьмі працуем. Яны пра гэта ведаюць. І пры нагодзе перашкаджаюць ды помсьцяць. Але духам мы ня ўпалі, а ім заявілі, што хутка надыдзе чарга парлямэнцкіх выбараў. Таму будзем рыхтавацца і змагацца. Пачуўшы гэта, той пан Загорскі ледзьве пад стол не зваліўся”.

Нагадаю, што некалькі дзён таму старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына выказала меркаваньне, што прадпрымальнікі — гэта патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. Гаворыць лідэр грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

Віктар Гарбачоў
“Ярмошына сваім выбарчым працэсам усяліла няўпэўненасьць у людзей. Яны так і пытаюцца: якія выбары, хто куды балятуецца? Выбарцаў не абманеш, што ўсё даўно прадвызначана. Хаця, вядома, беларусы разумеюць, што пры добрым падыходзе, пры нармальнай выбарчай сыстэме прадпрымальнікі павінны быць ва ўсіх органах улады”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG