Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава расчараваная лістом ад Лукашэнкі?


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Ліст Лукашэнкі да Качыньскага мае агульны характар. Такую ацэнку адказу беларускага прэзыдэнта на дасланы яму ліст прэзыдэнта Польшчы даў міністар Павал Выпых.

Выказваньні Выпыха прыводзіць сёньня агенцтва PAP. Пра адказ Лукашэнкі ўчора паведаміла беларуская амбасада ў Варшаве. Аднак гэты адказ ня сьведчыць пра пералом, мяркуе міністар.

Выглядае, што прэзыдэнт Лукашэнка лічыць усе падзеі апошніх тыдняў у Беларусі адпаведнымі стандартам дэмакратычнай краіны, зазначае польскі чыноўнік. Маюцца на ўвазе дзеяньні беларускіх уладаў адносна актывістаў незарэгістраванага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

Паводле Паўла Выпыха, прэзыдэнт Лех Качыньскі мае намер накіраваць лісты да прэзыдэнта Эўразьвязу Гэрмана Ван Ромпэя і шэфа Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка адносна становішча польскай меншасьці ў Беларусі. Павал Выпых зазначыў, што прэзыдэнт Качыньскі ў гэтых лістах паведаміць зьмест адказу, які атрымаў ад Лукашэнкі.

Таксама, як заявіў сёньня кіраўнік канцылярыі польскага прэзыдэнта Ўладзіслаў Стасяк, прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі не задаволены «тонам ліста ад прэзыдэнта Беларусі А. Лукашэнкі» у справе перасьледу прадстаўнікоў СПБ пад кіраўніцтвам А. Борыс. Паводле ягоных словаў, адказ Лукашэнкі гэта пацьверджаньне таго, што дэмакратызацыя Беларусі гэта фікцыя.

Стасяк: «Трэба ўсімі даступнымі сродкамі – эканамічнымі, дыпляматычнымі, візавымі – пераканаць Беларусь, што перасьлед меншасьцяў, непавага да грамадзянскіх правоў, гэта - рэальная праблема, непрымальная для Эўрапейскага зьвязу».
XS
SM
MD
LG