Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Барадуліна: «Людзі моляцца за яго – можа, таму яму і лепш…»


Рыгор Барадулін з маці і жонкай
Рыгор Барадулін з маці і жонкай

23 лютага споўнілася 49 гадоў шлюбу Рыгора і Валянціны Барадуліных. У гэты дзень Валянціна Барадуліна была госьцяй праграмы “Начная Свабода. Вынікі дня”. Зь ёй гутарыў Сяргей Абламейка.


Карэспандэнт: Ці былі вы сёньня ў шпіталі ў дзядзькі Рыгора? Які яго стан на сёньня?

Валянціна Барадуліна: Сёньня я была ў шпіталі, гаварыла з доктарам – вельмі ўважлівым і прыемным чалавекам. Ён сказаў, што стан Рыгора палепшыўся, але працэс выздараўленьня будзе працяглым. А сам Рыгор мне здаўся больш бадзёрым, чым 2-3 дні таму. Але зьявіліся іншыя праблемы са здароўем – хіба ад лекаў шматлікіх: хаця, гэта, бадай, нясе менш пагрозы, чым тое, што было. Акрамя таго, ён пакуль ня можа хадзіць. Перадала яму акіян прывітаньняў ад людзей, пажаданьняў выздараўленьня. Людзі моляцца за яго – і атэісты, і вернікі, людзі ўсіх канфэсіяў. Можа, таму яму і палепшала...

Карэспандэнт: Тэмпературы ўжо няма?

Валянціна Барадуліна: Так, а таксама ў яго была "мярцальная арытмія" – яе таксама зьнялі.

Карэспандэнт: Заўтра дзядзьку Рыгору спаўняецца 75 гадоў. Як будзеце адзначаць у такіх няпростых умовах?

Валянціна Барадуліна: Наўрад ці мы будзем сьвяткаваць, як было дасюль заведзена. Заўтра апоўдні я пайду да яго, павіншую, пачастую, а ўвечары, можа, зьбярэмся з сябрамі. Яшчэ ня вырашыла, бо настрой ня дужа такі, каб весяліцца, тым больш самаго "прычыньніка" няма...

Карэспандэнт: Валянціна Міхайлаўна, сёньня споўнілася 49 гадоў зь дня вашага вясельля з Барадуліным. Як вам жылося побач з Барадуліным гэтыя амаль 50 гадоў, амаль паўстагодзьдзя?

Валянціна Барадуліна: Ну, па-усякаму... Адно можна з упэўненасьцю сказаць, што ня сумна было. Калі ў людзей ёсьць пачуцьцё гумару – а і ў яго, і ў мяне, спадзяюся, яно ёсьць – дык жыць лягчэй, і ўсялякія непрыемнасьці можна закаляраваць нейкім жартам ці анэкдотам. Няроўнае жыцьцё было, канешне, але ўвогуле – я шчасьлівая.

Карэспандэнт:
Вы, відаць, былі першай чытачкай яго твораў?

Валянціна Барадуліна: Можа, апошнія гады чатыры – ужо не. А раней – так, ён прыходзіў на кухню і заўсёды чытаў мне тое, што напісаў. Раней ён начамі пісаў, а ўдзень часта спаў. А апошнія гады начамі сьпіць, а працуе раніцай ці позна вечарам. Ну, і сябры былі, якім ён чытаў спачатку – а потым мне. І цяпер: Камоцкаму, яшчэ некаму...

Карэспандэнт: Спадарыня Валянціна, вось дзядзька Рыгор частка кажа, што ў Менску ён адчувае сябе ў камандзіроўцы. Гэта праўда?

Валянціна Барадуліна: Ён дасюль лічыць, што ягоны дом, ягоная хата – гэта Ўшачы, а ў Менску ён часова. Хаця ва Ўшачах рэдка бываем, ня кожны год, і па месяцу-два. Ягоная мама памёрла, а тут то дзеці вучыліся, то я працавала – не атрымлівалася, каб кожны год езьдзіць. Але затое калі ўжо прыяжджаем – ён адводзіць душу: і кот свой любімы побач, і жонка побач, і маці недалёка.

Карэспандэнт:
Якія ў вас пляны на гэтае лета?

Валянціна Барадуліна:
Ох, абы здаровымі дажыць, а так зьбіраемся ва Ўшачу. І ката забярэм, і ўнучку, але толькі маліцца будзем, каб здаровымі былі, і ўсё было добра.

Карэспандэнт: Дзякуй, спадарыня Валянціна за гутарку і перадавайце дзядзьку Рыгору ад слухачоў і супрацоўнікаў Радыё Свабода пажаданьні добрага здароўя, творчага плёну і 100 год!


Каб паглядзець галерэю, націсьніце на фота ніжэй:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG