Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады маюць багаты досьвед, як падзяліць грама¬дзянаў на “сваіх” і “чужых”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 24 лютага 2010 году.

Канфлікт, выкліканы арыштам і перасьледам актывістаў Саюзу палякаў, не прызнаванага беларускаю ўладай ужо на працягу пяці гадоў, за апошнія тыдні абвастрыўся і значна ўскладніў беларуска-польскія дачыненьні. Гэтая тэма — адна з галоўных у пошце “Свабоды”.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Бярнарда Пакульніцкага з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну. Слухач, які сам быў сьведкам спрэчак вакол Польскага дома ў Івянцы, піша:

“Польскую меншасьць на Беларусі ўскалыхнулі апошнія падзеі. Даволі шырока абмяркоўваліся яны на Радыё Свабода. Зусім не зьдзіўляе тое, што грамадзяне краіны ня ведаюць дакладна пра стан нацыянальных меншасьцяў. Калі карэспандэнт “Свабоды” бярэ інтэрвію ў мінакоў на вуліцах Гродна ці іншых гарадоў, узьнікае ўражаньне, што людзі прыехалі зь нейкай іншай краіны. А гэта адбываецца таму, што ў іх няма праўдзівай інфармацыі.

Маючы на ўвазе праўладны Саюз палякаў, неабходна заўважыць: калі грамадзкая арганізацыя ствараецца пад неверагодным ціскам уладаў, калі дзеля гэтага задзейнічаюць сілавыя і адміністратыўныя рэсурсы, то — навошта такая арганізацыя патрэбна грамадзянам?

А як можна назваць уладу, што спараджае міжэтнічныя канфлікты, варожасьць сярод рэлігійных канфэсій, парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў? Хто, напрыклад ведае, дзе ў Менску можна набыць польскамоўную газэту ці часопіс? Колькі дэпутатаў ад польскай меншасьці ў беларускай Палаце прадстаўнікоў? Які адказ даў кіраўнік дзяржавы на калектыўны ліст больш як пяці тысяч палякаў і г.д.?

Беларускія ўлады маюць багаты досьвед, як падзяліць грама¬дзянаў на “сваіх” і “чужых”. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца самыя брудныя спосабы і мэтады, ашуканства і СМІ. Вельмі крыўдна, але ў падтрымку польскай на¬цыянальнай меншасьці ня выказаўся ніводзін палітык (за выключэньнем А. Мілінкевіча), ніводзін прадстаўнік дэмакратычных грамадзкіх аб'яднаньняў і моладзевых арганізацый, а таксама прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі (акрамя закліку шэф-рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Дынько на старонках газэты). Сёньня адбіраюць Польскі дом у Івянцы — заўтра будуць адбіраць Беларусь, а грамадзтва будзе маўчаць?”


Далей у лісьце на “Свабоду” Бярнард Пакульніцкі апісвае свае ўражаньні ад наведваньня Івянца падчас канфлікту вакол мясцовага Дома польскага. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Я быў у Івянцы 9 лютага, калі гэты дом ужо апячаталі. На пад'ездах да пасёлку, на скрыжаваньнях дарог дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ. На прыступках Дома польскага сабралася каля 40 чалавек. Яшчэ больш супрацоўнікаў КДБ у цывільным і іншых віжоў, якія пастаянна здымалі на камэру групу пажылых людзей. Запомніўся адзін эпізод. На прыступках стаяў маленькі хлопчык, які прыйшоў на заняткі польскай мовы. Прыбегла настаўніца зь мясцовай школы і сілай пачала цягнуць дзіця за руку, гаворачы: “Пойдём в школу, там тебе будет всё!” Хлопчык не хацеў ісьці і плакаў. Прысутныя ня вытрымалі і абаранілі яго ад настаўніцы.

Людзі стаялі, ціха размаўлялі паміж сабой аб начных падзеях вакол гэтага будынку. Пасьля слухалі агучаны тэкст папераў, якія пакінулі судовыя выканаўцы. Дарэчы, там было шмат грубых памылак і недакладнасьцяў. Але нарэшце ня вытрымалі намесьнік начальніка валожынскай міліцыі і старшыня Івянецкага гарсавету. Яны падышлі, пачалі пагражаць: маўляў, не разыдзецеся, дык ужывем сілу. Пажылыя жанчыны запыталі жартам: “Што, будзеце ў нас страляць?” Людзі пачалі прасіць у старшыні гарсавету месца, дзе можна сабрацца, але ён адказаў: “Это — не моё дело”. Прыступкі Дома польскага паступова апусьцелі. У людзей няма прытулку, улады выкінулі іх на вуліцу”
.

Не пагаджуся, спадар Пакульніцкі, што ніхто зь беларускіх палітыкаў, апроч Аляксандра Мілінкевіча, ня выказаўся ў падтрымку польскай на¬цыянальнай меншасьці. Нагадаю хаця б пра зварот кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі да эўрапейскіх структураў з нагоды гэтых падзеяў. Там утрымліваўся заклік да ўраду Польшчы разгледзець пытаньне пра фінансавыя і візавыя санкцыі ў дачыненьні да чыноўнікаў, датычных да канфлікту. Адрэагавалі і многія іншыя апазыцыйныя палітыкі і грамадзкія дзеячы. І ў Брусэлі, і ў Варшаве гэтыя заклікі былі пачутыя: рэакцыя на дзеяньні афіцыйнага Менску была досыць жорсткая. Усе гэтыя падзеі падрабязна асьвятляліся і працягваюць асьвятляцца ў эфіры нашага радыё.

Аўтар наступнага ліста — Лявон Брагінскі зь Менску — акцэнтуе ўвагу на архітэктурным абліччы беларускай сталіцы, на праблеме занядбаньня нацыянальнай спадчыны. Слухач піша:

“На Раство на тэлеканале “Мір” вялося набажэнства з Ватыкану і Менску па-беларуску. Дык вядучыя гэтай трансьляцыі назвалі беларускую мову “невядомай”.

Потым якісь “казачок” паказваў фотаздымак рускай праваслаўнай царквы, якую Расейская імпэрыя адбудавала на пляцы Волі ў Менску на месцы зруйнаванай беларускай сьвятыні — царквы Сьвятога Духа (Дарэчы, рэшткі яе захаваліся, цяпер вядзецца аднаўленьне: у гэтым будынку будзе дзіцячая філярмонія).

Дык вось, Руская праваслаўная царква, не патлумачыўшы людзям сутнасьць справы, ладзіць збор подпісаў, каб зноў аднавіць сымбаль імпэрскай акупацыі ў незалежнай Беларусі. Не зважаючы на гістарычную спадчыну.

А што ў такім разе рабіць з будынкам ратушы, якую толькі што адбудавалі? Паводле сцэнару Расейскай імпэрыі, замест ратушы і царквы Сьвятога Духа на гэтым месцы паўсталі помнік Аляксандру ІІ у Саборным сквэры і маскоўская праваслаўная царква зь вялікай колькасьцю галовак-цыбулінак, як напамін пра басурманскае нашэсьце.

А чаго вартая спроба зруйнаваць гатэль “Беларусь”! Што ў такім разе ў нас застанецца? Кінатэатар “Масква”, Дом Масквы, банк “Масква — Менск”, помнік Пушкіну… Словам, ідзе відавочны наступ на асноўныя паняцьці беларускай незалежнасьці — мову і гістарычную памяць.

А ці не пачнуць каталікі ды ўніяты зьбіраць подпісы, каб вярнуць усе свае сьвятыні? І ня толькі ў Менску. Бо да 1905 году імпэрыя забараняла пабудову іхных храмаў у Беларусі і толькі забірала існуючыя — перарабляючы ў праваслаўныя, альбо ўвогуле руйнуючы”
.

І каталікі, і ўніяты ў Беларусі спрабуюць вярнуць многія свае сьвятыні, адабраныя падчас імпэрскага і камуністычнага пэрыядаў нацыянальнай гісторыі. У тым ліку зьбіраюць подпісы пад зваротамі, патрабуюць ад улады прыслухацца да сваіх аргумэнтаў. У гэтай сувязі можна згадаць хаця б пра даўнюю гісторыю змаганьня за будынак касьцёла Сьвятога Язэпа ў самым цэнтры Менску, якраз недалёка ад ратушы. Пакуль што там месьціцца архіў, які неўзабаве зьедзе, але ўлады плянуюць уладкаваць на вызваленым заманлівым месцы якую-небудзь забаўляльную ці камэрцыйную ўстанову. Мяркую, нават калі так і адбудзецца, будынак касьцёла рана ці позна вернецца да тых, каму ён у сапраўднасьці належыць — вернікам. На што ўжо вялікімі майстрамі ў справе канфіскацыі і ператварэньня Божых храмаў у клюбы, спартзалі і стайні былі бальшавікі. А мінула 70 год — і дзе тыя бальшавікі? Іхныя духоўныя пасьлядоўнікі вымушаны былі вярнуць сьвятыні. Дый самі яны цяпер перад тэлекамэрамі не цураюцца хрысьціць ілбы, напэўна, добра памятаючы, як пілавалі крыжы і насаджалі ў краіне ваяўнічы атэізм.

І яшчэ адзін ліст — таксама на тэму адбудовы храмаў і праблемаў, зь якімі сутыкаюцца пры гэтым вернікі. Вось якую гісторыю распавядае ў сваім новым лісьце даўні сябар “Свабоды” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Наша Макранская царква замовіла ў Новавалынску званы. Дык сутыкнуліся зь Берасьцейскай мытняй. Адтуль паведамілі: незалежна ад таго, маеце вы дазвол ад прэзыдэнта ці не, плаціце мыта — а гэта больш як 800 даляраў. Вырашылі напісаць прэзыдэнту паўторна, каб гэтых грошай не плаціць. Дык мытнікі пішуць: “Чаму менскіх званоў не купляеце?” Мы ў іхную канцылярыю напісалі так: калі мытня выдаткуе нам 9 тысяч даляраў, дык мы ня супраць іх прыняць і купіць менскія званы. А мы па капейцы сабралі 5 мільёнаў беларускіх рублёў, каб выплаціць першы плацеж новавалынскаму заводу. Дзеля гэтага недаядалі і недапівалі. А ў нас палову гэтых грошай хочуць адабраць”.

Цяжка дакараць за гэта мытнікаў, спадар Павал: яны павінны кіравацца законам і ня маюць права адвольна прапускаць празь мяжу той ці іншы груз — нават калі ён прызначаны для самых высакародных і гуманных мэтаў. Іншая справа: чаму званы беларускай вытворчасьці настолькі дарагія, што не вытрымліваюць канкурэнцыі з такімі ж украінскімі і вы вымушаны замаўляць іх у суседняй дзяржаве? Але гэта — асобная вялікая тэма.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG