Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа, не падлізвайся да Расеі


Эўропе ня варта падлабуньвацца да Расеі, заклікае ў артыкуле, апублікаваным у The Guardian, расейскі палітык Гары Каспараў. Пакуль лідэры эўрапейскіх дэмакратый усхваляюць новую эру супрацоўніцтва з Расеяй, у самой Расеі бязьлітасна падаўляюць іншадумцаў-дэмакратаў, а журналістаў перасьледуюць за крытыку ўраду, піша ён.


Расейскі ўрад задушыў ўнутраную крытыку на адрас палітыкі на Каўказе і цяпер зацікавіўся сваімі замежнымі крытыкамі, прычым гэтаму спрыяюць эўрапейскія кампаніі і ўлады, сьцвярджае Каспараў. Так, эўрапейскі апэратар спадарожнікавага ТБ Eutelsat пазбавіў частаты тэлеканал "Першы Каўкаскі". "Відаць, расейская кампанія Intersputnik зрабіла Eutelsat прапанову, ад якой нельга адмовіцца, – пэрспэктыву зьдзелак на мільёны даляраў з мэдыяхолдынгам "Газпраму" пры ўмове, што Eutelsat разарве дзелавыя стасункі з "Першым Каўкаскім", – піша Каспараў. На ягоную думку, гэта дэманструе сьвету, што ў РФ ня будзе дазволена вяшчаньне ніводнага рускамоўнага тэлеканалу, які не кантралюецца Крамлём.

Але гэта толькі самы сьвежы прыклад саўдзелу эўрапейцаў ў кансалідацыі Крамлём палітычнай улады ў краіне і адраджэньні ваеннай моцы, якая некалі ўжывалася для ціску на сумежныя дзяржавы, працягвае Каспараў. Менавіта ў гэтым кантэксьце варта разглядаць паведамленьні аб продажы Расеі Францыяй ваеннага карабля клясы Mistral. "Расейскія войскі дагэтуль акупуюць грузінскую тэрыторыю насуперак пагадненьню аб спыненьні агню, заключанаму пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Сарказі, але НАТА таксама вярнулася да звычайных адносінаў з рэжымам Пуціна", – сказана ў артыкуле ў The Guardian.

Эўрапейскім лідэрам варта ўступіцца за свабоду прэсы і свабодныя СМІ, для пачатку растлумачыўшы эўрапейскім кампаніям, што ім не да твару быць пакорлівымі прыладамі крамлёўскай цэнзуры. "Эўрапейскія лідэры павінны прадэманстраваць, што ў пачатку XXI стагодзьдзя нельга без наступстваў для сябе акупаваць замежную тэрыторыю. Гэта, відавочна, не прадугледжвае продажу зброі акупацыйным войскам", – зазначае Каспараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG