Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэдні дзень на Алімпіядзе ў Ванкувэры прынёс беларускім заўзятарам суцэльныя расчараваньні. Удзельніцы біятлённай эстафэты нічога ня здолелі супрацьпаставіць усясьветным грандам, заняўшы ў выніку сьціплае сёмае месца.

Паразу на стадыі 1/8 фіналу пацярпела паразу ад швайцарцаў хакейная зборнай Беларусі. Нагадаем, што асабліва аптымістычныя спартовыя функцыянэры патрабавалі ад хакеістаў выніку ня горшага, чым у 2002 годзе ў Солт-Лэйк Сыці. Аднак пры цяперашнім псыхалягічным клімаце ў камандзе цалкам лягічна, што беларусы ня трапілі ня тое што паўфінал, а ўвогуле засталіся па-за васьмёркай мацнейшых.

Пісьменьнік, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Клышка ў свой час прафэсійна займаўся спортам. Некалькі апошніх гадоў спадар Клышка сур’ёзна хварэе, але ад спартовага інтарэсу не адмаўляецца. Ён не хавае, што выступамі беларусаў надзвычай расчараваны:

“Сэрца баліць на ўсё гэта глядзець. Неяк гэта зусім не пасуецца з той колькасьці зладжаных турніраў, з той колькасьцю збудаваных аб’ектаў і г.д. Бо на выхадзе -- практычна нічога. Дый Лукашэнка і сам прызнаўся: ніякага плёну ад гэтага, на жаль, няма”.

Карэспандэнт: “Дык а чаму няма? Зьяўляецца ж пэўная інфраструктура, нешта для спорту сапраўды робіцца. Ці бракуе псыхалягічнай падрыхтоўкі?”

“З гэтай нагоды скажу толькі адно: калі ў людзей адсутнічае патрыятычны дух – маю на ўвазе дух любові да сваёй мовы, спадчыны, радзімы, а ня толькі любові да свайго новага сьцяга, гімна і да свайго кіраўніка краіны – а любові да ўсяго мінулага. Тое, што ашчаджаецца, што вельмі сур’ёзна пакідаецца ў спадчыну нашчадкам. І калі гэтага няма, то ў людзей адсутнічае на падсьвядомым узроўні жаданьне чымсьці ахвяраваць і перабольшваць тое, што чалавек можа зрабіць у гэты момант. То бок, ён не ўключае звышнатуральныя свае магчымасьці. Ён сябе беражэ з такой думкай: а навошта мне гэта ўсё? Вось у чым справа! Мы ж ведаем з гісторыі, што сапраўдны патрыёт – ён ахвярнік. Як напісана ў Эвангельлі, за брата свайго галаву кладзе. А людзі, калі яны бачаць, што вакол камэрцыя і гэтай камэрцыяй займаюцца ўсе, ад самага высокага ўзроўню, то ён да гэтага ставіцца прагматычна: а навошта я буду класьці сваё здароўе? Прабягу – атрымаю грошы, а не прабягу – дык хоць здароўе зьберагу. Вось якая думка”.
XS
SM
MD
LG