Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Рыгору Барадуліну – 75


Народны паэт, аўтар больш сямідзесяці кніг паэзіі, прозы і перакладаў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, кавалер Ордэнаў Дружбы народаў, Знаку Пашаны, латыскага Ордэну Трох Зорак і мэдаля Францыска Скарыны, Ганаровы доктар БДУ й ганаровы грамадзянін Ўшацкага раёну, беларускі намінант на Нобэлеўскую прэмію сёньня адзначае свой 75-гадовы юбілей.


Першае, што сёньня хочуць гаварыць сябры Паэта, дык гэта жадаць яму хутчэйшага выздараўленьня. Бо юбіляр, на жаль, сустракае сваю семьдзесят пятую вясну, у шпіталі. Паэт, дыплямат і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:

“Даражэнькі Рыгор! Я табе хачу пажадаць аднаго – здароўя. Здароўя тваёй душы, здароўя тваёй руцэ нястомнай, здароўя тваім зоркім, тваім ясным вачам, здароўя тваёй невычэрпнай фантазіі, здароўя тваёй вяліка-вялікай дабрыні. І яшчэ пры гэтым я хачу пажадаць здароўя нашаму роднаму народу, таму народу, якому ты аддаў свой рэдкі, унікальны, Богам дадзены талент. Мне вельмі хочацца гэтаму нашаму народу пажадаць здароўя духоўнага. Тады і табе можа быць лягчэй жылося б тыя гады, якія ты пражыў, і наперадзе было б намнога больш гадоў, чым тыя, якія ў цябе яшчэ ёсьць. Так што мілы, дарагі Рыгор – здароўя, здароўя, здароўя!”

А вось вітальнае слова яшчэ аднаго сябра паэта Ўладзімера Някляева:

“Калі дзеля юбілею ня браць пад увагу Коласа, Купалу, Багдановіча – гэта значыць, першых, якія назаўсёды застануцца такімі, бо яны першыя, дык Рыгор Барадулін – найвялікшы беларускі паэт дваццатага стагодзьдзя. Калі ж яшчэ мець на ўвазе сапраўды паэзію, а не сьцёб, не ўсялякія гульні ў вершаказы, тэксты, таямнічыя і ня вельмі, дык Рыгор Барадулін – першы паэт Эўропы. Не скажу за ўвесь сьвет (ён надта вялікі), але ведаючы эўрапейскую паэзію, я магу гэта сьцьвярджаць, не вагаючыся.

Барадулін – больш, чым паэт. Моўная сытуацыя ў нашай краіне такая, што ён адзін выконвае, робіць тую работу, якую павінен быў бы рабіць увесь народ. Гэта значыць – ствараць, разьвіваць і захоўваць мову. Калі сытуацыя зьменіцца, а яна абавязкова зьменіцца, дык народ менавіта ў Барадуліна знойдзе тое, што ён ужо забыўся і яшчэ забудзецца.

Сёньня Рыгор Іванавіч у шпіталі, на жаль, у свой дзень народзінаў, у сваё сямідзесяціпяцігодзьдзе. І ўсё, што я магу сказаць, гэта выдыхнуць малітоўна: дай Бог табе здароўя, дарагі мой пасівелы дружа! Я ганаруся табой, а разам са мной ганарыцца табою ўся Беларусь, усе тыя, якія разумеюць – хто такі ёсьць сын Беларусі Рыгор Барадулін!”

Сябры і чытачы Паэта сёньня а 17-30 прыйдуць да шпіталя, у якім ён лекуецца, каб перадаць яму свае віншаваньні зь юбілеем. А а 19-й у Чырвоным Касьцёле яны ў супольнай малітве будуць жадаць Рыгору Барадуліну хутчэйшага выздараўленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG