Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 — 26 лютага ў Швэцыі пройдуць дні Беларусі


Правы чалавека і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі стануць адной з галоўных тэмаў Дзён Беларусі, якія сёньня адкрываюцца ў Швэцыі. У праграме «Беларускіх дзён» — сэмінары, практыкумы ды культурныя вечарыны. У мерапрыемстве возьмуць удзел міністар па справах Эўразьвязу Біргіта Ульсан і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Сярод беларускіх удзельнікаў — актывісты няўрадавых арганізацыяў.

Арганізатары «Беларускіх дзён» у Швэцыі — няўрадавая арганізацыя Forum Syd, Швэдзкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Ostgruppen, Швэдзкі Хэльсынскі камітэт. Распавядае беларускі пісьменьнік і перакладчык, які жыве ў Швэцыі Дзьмітры Плакс:

Дзьмітрый Плакс
«Дзьве паралельныя рэчы супалі. Гэта, з аднаго боку, Марцін Угла арганізуе шэраг сэмінараў у супрацоўніцтве з Forum Syd,. А з другога боку, прыяжджае Алесь Бяляцкі. Беларусь жа зараз будуць разьбіраць у Камітэце па правах чалавека пры ААН, і ён з гэтай нагоды выступае як віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Гэта ужо арганізуе не Forum Syd, а швэдзкі Хэльсынскі камітэт».

Лідэр Швэдзкай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Ostgruppen Марцін Угла распавядае пра праграму Дзён Беларусі ў Швэцыі:

Марцін Угла
«Будуць афіцыйныя сэмінары пра свабоду СМІ, пра свабоду выказваньняў, будзе сэмінар па праблемах Усходняга партнэрства і ўвогуле, пра адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Будзе некалькі так званых „workshops“ — мерапрыемстваў для прадстаўнікоў НДА, дзе яны будуць абмяркоўваць розныя праблемы: гендэрныя пытаньні, экалёгію, праблемы ЛГБТ (сэксуальных меншасьцяў) у Швэцыі і ў Беларусі. І яшчэ, што вельмі важна — будуць цікавыя культурніцкія вечарыны».

Пра сур’ёзную арганізацыю і ўвагу да Беларусі сьведчыць і высокае прадстаўніцтва — запрошаны амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і міністар па справах Эўразьвязу Біргіта Ульсан, кажа швэдзкі праваабаронца Марцін Угла:

«Яна пагадзілася прыняць удзел, і гэта нас вельмі узрадавала. Спадарыня Ульсан адкрые Дні Беларусі і сэмінар пра свабоду СМІ ў Беларусі як прадстаўніца швэдзкага ураду».

Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі такім чынам ацаніў важнасьць Дзён Беларусі ў Швэцыі:

«Такія сустрэчы вельмі карысныя для таго, каб можна было, што называецца, зьверыць гадзіньнікі, каб ісьці далей. Мы будзем абмяркоўваць нашы сумесныя крокі з швэдзкімі няўрадавымі арганізацыямі, швэдзкага ураду ў дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека, з палажэньнем няўрадавых арганізацый у Беларусі на сёньняшні дзень».

З канцэртамі ў швэдзкіх гарадах выступіць вядомы беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.

XS
SM
MD
LG