Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАСЬНЯЖЫЦЬ...


...але мароз будзе невялікі: -2 — 0 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” распачынае сэрыю сустрэчаў, прысьвечаных чытаньням твораў сусьветнай літаратуры ў арыгінале і ў перакладах на беларускую мову. Першая сустрэча, “Адам, Ева і брутальная лірыка”, пройдзе 24 лютага ў кнігарні “Галерэі Ў” і будзе прысьвечаная чэскім пісьменьнікам Карэлу Шыктанцу, Яхіму Топалу і Францішку Галасу ў перакладах Сяргея Сматрычэнкі, а таксама чэскім наследаваньням Рыгора Барадуліна. Пачатак а 19:00.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:

У Брусэлі Эўрапарлямэнт правядзе міні-сэсію, прысьвечаную канфлікту вакол непрызнанага Саюзу палякаў у Беларусі.

У Празе адкрываецца трохдзённая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная злачынствам камуністычных рэжымаў.

У Маскве міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан абмяркуюць шанцы ўвядзеньня бязьвізавага руху для грамадзянаў Расеі і Эўразьвязу.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1582 Папа Рыгор ХІІІ выдаў булу аб пераходзе зь юліянскага календара на новы каляндар, які пазьней атрымаў назву грыгарыянскага. Паводле булы, новы каляндар уступіў у дзеяньне 4 кастрычніка 1582, пасьля якога наступіў адразу дзень 15 кастрычніка 1582 (папа "падагнаў" юліянскі каляндар на 10 дзён уперад). Каляндарная рэформа Папы Рыгора ХІІІ задумвалася перш за ўсё дзеля сынхранізацыі юліянскага календара з сонечным — за 1600 гадоў існаваньня юліянскага календара дата веснавога раўнадзенства, якое адыгрывае важную ролю ў вызначэньні Велікоднага сьвята (пасхаліі), у часы Папы Рыгора ХІІІ перасунулася з 21 сакавіка на 11 сакавіка. Сёньняшняя розьніца паміж юліянскім календаром, якім карыстаюцца ў большасьці праваслаўных цэркваў на сьвеце, і грыгарыянскім календаром раўняецца ня 10, а 13 дзён (тры далейшыя дні дадаліся, бо паводле папскай булы гады 1700, 1800 і 1900 не былі высакоснымі, гэта значыць, яны былі карацейшыя на адзін дзень ад гадоў у юліянскім календары).

У 1786 нарадзіўся Вільгельм Грым, нямецкі казачнік, малодшы з братоў Грым.

У 1935 у Гарадку Ўшацкага раёну нарадзіўся Рыгор Барадулін, адзін з самых чытаных і любімых беларускіх паэтаў.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень незалежнасьці Эстоніі. 24 лютага 1918 году Эстонія, якая кантралявалася нямецкім войскам, абвясьціла пра сваю незалежнасьць ад Расеі. У Беларусі тое самае і ў такой самай сытуацыі адбылося 25 сакавіка таго самага году. Аднак у Эстоніі сёньняшняе сьвята – дзяржаўнае, а ў Беларусі 25 Сакавіка – апазыцыйнае.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Мартынаў “абвяргае міты” пра Беларусь"

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"За гадамі ўжо не да авацыяў,
За гадамі
Сабе самому падабацца
Цяжэй, чым даме,
Сьвятло ліняе,
Сьвет імжыцца
І позірк халадае.
Цяжэй
З самім сабою ўжыцца
За гадамі".

Рыгор Барадулін
XS
SM
MD
LG