Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Ня можа быць палітыкі ізаляцыі Беларусі


Ежы Бузэк, Аляксандар Мілінкевіч, Анжаліка Борыс
Ежы Бузэк, Аляксандар Мілінкевіч, Анжаліка Борыс

Сёньня ў Брусэлі лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і лідэр не прызнанавага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс сустрэліся са старшынёй Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам і дэлегацыяй Эўрапарлямэнту па Беларусі пад кіраўніцтвам Яцэка Пратасэвіча.

Пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі незалежнага беларускага грамадзтва старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк заявіў перад журналістамі:

“Размаўлялі мы пра сытуацыю ў Беларусі. Важна падкрэсьліць, што націск ідзе на ўсю беларускую апазыцыю, на незалежныя арганізацыі, на нацыянальныя меншасьці, сярод якіх меншасьць польская ў гэты час найбольш пакрыўджаная, і трэба зрабіць усё, каб абараніць яе правы. Але адначасова трэба памятаць, што дэмакратычныя сілы ў Беларусі нашмат шырэйшыя. Эўрапарлямэнт накіроўвае ў Беларусь спэцыяльную місію".

Ежы Бузэк адзначыў, што Беларусь — гэта эўрапейская краіна. Таксама ён спадзяецца, што дэлегацыя Эўрапарлямэнту, якая прыяжджае ў Менск 25 лютага, дасьць аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі. Мяркуецца, што пасьля гэтага візыту Эўрапарлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі.

У Аляксандра Мілінкевіча гэта ўжо другая за месяц сустрэча зь Ежы Бузэкам. Падводзячы яе вынікі, спадар Мілінкевіч адзначыў:

«Была вельмі цёплая сустрэча. Мы выдатна разумеем адзін аднаго. Ежы Бузэк — гэта вядомы чалавек з польскай „Салідарнасьці“. Ён выдатна разумее, што такое аўтарытарная ўлада і мэтады змаганьня гэтай улады з дэмакратычнай супольнасьцю. Мы гаварылі аб тым, што ня можа быць палітыкі ізаляцыі Беларусі і нельга спрыяць самаізаляцыі нашай краіны. І гаварылі пра тое, якія могуць быць мэханізмы, каб стымуляваць беларускую ўладу да лібэралізацыі. Пра гэтыя мэханізмы эканамічныя, пра абумоўленую дапамогу, якая ідзе ад Эўразьвязу, найперш была размова. Я думаю, што ЭЗ будзе шукаць такія рычагі ўплыву на сытуацыю з дэмакратыяй у Беларусі».

Ці закраналася пытаньне санкцыяў адносна Беларусі? На гэта спадар Мілінкевіч сказаў:

Хутчэй, трэба казаць не пра санкцыі, а пра дазаваную падтрымку.
«Тут, хутчэй, трэба казаць не пра санкцыі, а пра дазаваную падтрымку. Падтрымка ня можа быць абсалютнай і без умоваў. А тая падтрымка, якая ідзе, і крэдыты, і інвэстыцыі павінны ставіцца ў залежнасьць ад таго, наколькі Беларусь крочыць да дэмакратычных стандартаў. Вось гэта будзе распрацоўвацца».

Пасьля сустрэчы Ежы Бузэк, Аляксандар Мілінкевіч і Анжаліка Борыс правялі брыфінг, а потым пачалося пасяджэньне дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі. На ім абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі і апошнія падзеі ў стасунках паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Зь беларускага боку ў сустрэчы бралі ўдзел Аляксандар Мілінкевіч, Анжаліка Борыс і Алесь Лагвінец, а таксама прадстаўнік амбасады Беларусі.

«Былі прадстаўнікі беларускай амбасады. Дыялёг адбыўся жорсткі, але неабходны і важны. І Анжаліка Борыс сказала, што за столькі гадоў на Беларусі яна ня мела магчымасьці весьці дыялёг з уладай, якога вельмі хацела. А тут гэта адбываецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG