Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змагацца за свабоду ў СНД — цяжэй, чым ваяваць у Аўганістане


Аляксандар Камароўскі

Аляксандар Камароўскі

68-гадовы падпалкоўнік Аляксандар Камароўскі, сустаршыня арганізацыйнага камітэту па стварэньні руху «Абаронцы Айчыны» вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане, сёньня атрымаў узнагароду імя Юрыя Захаранкі. Менавіта яго прызнала ляўрэатам за 2009 год адмысловае журы. Пры вызначэньні пераможцы сваю думку выказалі актывісты дэмакратычнага руху, які аб’ядноўвае афіцэраў — былых супрацоўнікаў праваабарончых ды іншых сілавых структур Беларусі.

Яшчэ да пачатку сьвяточнай цырымоніі я спытаўся ў праваабаронцы Алега Воўчака, аднаго з заснавальнікаў прэміі, чаму выбар экспэртаў паў менавіта на падпалкоўніка Камароўскага:

«З самага пачатку першы крытэр быў такі -ляўрэатам можа стаць толькі афіцэр. Па-другое, мы бачым, што за апошнія 3-4 гады Камароўскі дасягнуў новага роўню — з абаронцы правоў аўганцаў ён узьняўся да грамадзкага дзеяча. Ён не абмінаў ніводнага выпадку парушэньня правоў і журналістаў, і праваабаронцаў, і іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Ён сьмела называе парушальнікаў, патрабуе для іх жорсткага пакараньня.

І нельга забывацца, што ўлады і яго перасьледуюць. Камароўскі адседзеў сем сутак па адміністратыўным працэсе. Але ён дайшоў са сваёй справай да Камітэту ААН у правах чалавека, яго скарга там разглядаецца. Супраць яго ўзбудзілі сфальшаваную крымінальную справу, якую ўлады пасьля вымушаны былі спыніць».

Аляксандар Камароўскі атрымлівае прэмію "За мужнасьць"

Спадар Воўчак кажа, што экспэрты адзначаюць і ўпартасьць Аляксандра Камароўскага. Арганізацыі па абароне правоў удзельнікаў вайны ў Аўганістане ён пачаў ствараць яшчэ 20 гадоў таму. За гэты час падпалкоўніку неаднаразова прапаноўвалі ўвайсьці ва ўладныя структуры. Але ён кожны раз катэгарычна ад гэтага адмаўляўся, ня здраджваючы баявому сяброўству — падкрэсьлівае Алег Воўчак:

Я ў ім бачу чалавека, які, калі б заўтра зьмянілася ўлада, мог ачоліць міністэрства абароны альбо нейкую іншую высокую структуру.
«Ён прыклад для кожнага афіцэра, што нават на пэнсіі можна заставацца актыўным і сьмелым. Я ў ім бачу чалавека, які, калі б заўтра зьмянілася ўлада, мог ачоліць міністэрства абароны альбо нейкую іншую высокую структуру. І Камароўскі стаў бы пасьпяховым кіраўніком».

Аляксандру Камароўскаму ўручылі дыплём, які вырабіў вядомы мастак Алесь Пушкін, які таксама ваяваў у Аўганістане.

Падчас атрыманьня ўзнагароды падпалкоўнік Камароўскі сказаў:

Аляксандар Камароўскі, Алег Волчак і Ўладзімер Барадач

«Я лічыў, лічу і буду лічыць Юрыя Захаранку чалавекам гонару. Ён афіцэр, генэрал гонару. І менавіта на яго трэба раўняцца ўсім, хто змагаецца за дэмакратыю».

А палкоўнік Уладзімер Барадач, які ўручаў узнагароду падпалкоўніку Камароўскаму, сказаў, што на тэрыторыі СНД змагацца за свабоду цяжэй, чым было ваяваць у Аўганістане.

Журналіст Аляксандар Тамковіч, які атрымаў узнагароду год таму, сказаў «Свабодзе», што ён вельмі высока ацэньвае такое ўшанаваньне:

«Мне гэта важна таму, што я асабіста добра ведаў Захаранку. А па-другое, я лічу, што вельмі салідная кампанія атрымалася зь ляўрэатаў: Казулін, Аўтуховіч, Паганяйла, Фралоў. Вельмі сур’ёзная ўзнагарода і вельмі пачэсная кампанія».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG