Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціснуць сябраў “Полацкай галіны”


Беларускі літаратурны саюз "Полацкая галіна" зьвярнуўся да ўладаў, СМІ і грамадзкасьці ў сувязі з фактамі ціску на яго сябраў.

У заяве Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі літаратурны саюз "Полацкая галіна" зазначаецца, што кіраўніцтва устаноў, у якіх працуюць сябры арганізацыі, пачало пад пагрозай звальненьня патрабаваць іх неадкладнага выхаду з "Полацкай галіны".

На думку аўтараў заявы, такія патрабаваньні парушаюць канстытуцыйныя правы сябраў аб'яднаньня, Працоўны кодэкс, законы "Аб творчых саюзах і творчых работніках" і "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" і падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

25 студзеня кіраўніцтва аб'яднання звярнулася ў Генпракуратуру з просьбай арганізаваць расьследаваньне, прыцягнуць вінаватых да адказнасьці і засьцерагчы аб'яднаньне "ад такіх дзеяньняў з боку службовых асоб любых органаў і арганізацый", гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары просяць кіраўніцтва краіны "ўважліва разабрацца ў гэтай сітуацыі, даць аб'ектыўную ацэнку незаконнай дзейнасці ініцыятараў беспрэцэдэнтнай акцыі і прыняць да іх адпаведныя захады".

Заява накіраваная ў Канстытуцыйны суд, Нацыянальны сход, адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў, Міністэрства юстыцыі, СМІ і грамадзкія арганізацыі краіны.

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня саюза Алег Зайцаў паведаміў, што з сярэдзіны студзеня на аб'яднаньне пачаўся націск, якому папярэднічала праверка з боку Міністэрства юстыцыі. Паводле яго слоў, чыноўнікі запатрабавалі не толькі сьпісы выбарчых органаў, што прадугледжана дзейным заканадаўствам, але і сьпісы ўсіх сябраў аб'яднаньня з указаньнем месца працы і жыхарства, а таксама года нараджэння, што супярэчыць закону "Аб грамадскіх аб'яднаннях". Зайцаў паведаміў, што на сёньня прыкладна 20 сябраў аб'яднаньня падалі заявы аб выхадзе з "Полацкай галіны".

"Улічваючы, што заявы напісаныя пад ціскам службовых асоб, савет саюза вырашыў не разглядаць іх да заканчэньня пракурорскага расьследаваньня", — падкрэсьліў Алег Зайцаў. Паводле яго слоў, савет забараніў сябрам саюза адначасова знаходзіцца ў іншых рэспубліканскіх літаратурных аб'яднаньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG