Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 парадаў як не паддацца старэчаму маразму


Вы забываеце словы, рэчы? Вы ня можаце канцэнтраваць сваю ўвагу? Што рабіць, каб не паддацца старэчаму маразму? 10 парадаў прапануе доктар Рычард Рэстак – прафэсар нэўралёгіі Мэдыцынскага цэнтру Джорджа Вашынгтона ў ЗША, аўтар двух дзясяткаў папулярных кніг, прысьвечаных вывучэньню мозгу.

Лекар кажа, што ўсе гэтыя парады ўключыў у сваё асабістае жыцьцё і можа пацьвердзіць іх эфэктыўнасьць.

Навучыцеся аднаму новаму слову кожны дзень. Гэта складзе больш за 350 словаў за год, або 3000 словаў за дзесяцігодзьдзе. Гэта нядрэнна, бо функцыянальная лексыка дарослага чалавека складае ўсяго 10 тысяч словаў! Запамінаньне словаў, як выявілі навукоўцы, разьвівае моўныя цэнтры мозгу і зьяўляецца свайго роду мазгавой аэробікай.

Гуляйце ў відэагульні. Калі разумна выкарыстоўваць відэагульні, яны павысяць вашу сэнсарную адчувальнасьць і хуткасьць рэакцыі.

Цаніце мастацтва. Музыка павышае лексычна-моўную шкалу. Інструмэнтальная музыка спрыяе трэніроўцы мозгу. Калі вы самі граеце на музычным інструмэнце, у дадатак у вас павышаецца спрытнасьць пальцаў, што павышае даўгавечнасьць.

Хадзіце на прагулкі.
Штодзённая прагулка усяго на адну мілю – а гэта недзе паўтара кілямэтра – зьмяншае імавернасьць разьвіцьця старэчай слабасьці розуму на 50 працэнтаў.

Выпрабоўвайце сябе. Перастаньце лічыць, што ваша I.Q. гэта нешта, з чым вы нарадзіліся і ня можаце зьмяніць. Новыя дасьледаваньні паказваюць, што пастаяннае азадачваньне свайго мозгу новымі праблемамі – ад разгадкі крыжаванак да запамінаньня сьпісу патрэбных прадуктаў – павялічвае ваш інтэлект.

Падтрымлівайце здаровую вагу. Было выяўлена, што атлусьценьне –адзін з асноўных фактараў, які пазьней вядзе да маразму. Атлусьценьне прыводзіць да зьніжэньня ўсіх функцыянальных здольнасьцяў чалавека, у тым ліку і інтэлекту.

Ешце грэцкія арэхі і чарніцы. Грэцкія арэхі сярод іншых карысных рэчываў утрымліваюць 3-амегакіслоты, якія дзейнічаюць як магутныя антыаксіданты. Чарніцы таксама спрыяюць мазгавой актыўнасьці.

Апантана захапіцеся нейкай ідэяй. Калі нейкая праца ці хобі моцна вас захопяць, пастарайцеся даведацца на гэтую тэму як мага больш, так, каб дасягнуць узроўню экспэрта. Гэта павялічыць вашыя рэзэрвы, доўгатэрміновую памяць. Інвэстуючы ў пашырэньне вашага мозгу, вы пабудуеце ўласную базу ведаў, якая, падобна як валютныя рэзэрвы, будзе вашым апірышчам ў старасьці.

Гуляйце ў складанку Jenga. Тут лекар мае на ўвазе папулярную гульню на хуткасьць складаньня вежы з драўляных брусочкаў. Дапамогуць і іншыя галаваломкі або нават жангляваньне. Гэта дапамагае распрацоўваць тыя часткі мозгу, якія адказныя за візуальныя складнікі рухаў.

І ўрэшце, перадыхніце днём. 20 хвілінная перадышка днём, калі вы, як кажуць, прыкарнулі і заснулі ненадоўга, палепшыць вашу памяць настолькі, як бы вы спалі цэлую ноч. Дзённая перадышка таксама павышае настрой, канцэнтрацыю ўвагі і творчы патэнцыял.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG